Вы тут

Рассунуць часавыя межы


Дапамагаюць фатаграфічныя малюнкі і акварэлі Напалеона Орды

Імя кампазітара, піяніста, жывапісца і графіка Напалеона Орды знакавае для Беларусі. Дзякуючы гэтаму майстру захаваная памяць пра многія гістарычныя мясціны — мы можам уявіць, як выглядалі раней палацы, замкі, храмы, што не захаваліся да нашых дзён. Работы творцы сведчаць, наколькі ён любіў нашу зямлю. Сёлета споўнілася дзвесце дзесяць год з дня нараджэння майстра. Да знакавай даты прымеркаваны выставачны праект «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны», што прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Выстаўка арганізавана пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.


Райца. Царква, 1876 г.

Яшчэ на стадыі падрыхтоўкі праект вызначылі як сенсацыйны: упершыню беларускі глядач можа ўбачыць такую вялікую колькасць графічных лістоў. На выстаўцы дэманструецца сто дзесяць малюнкаў і акварэляў Напалеона Орды са збору Нацыянальнага музея ў Кракаве, геаграфія якіх ахоплівае рэгіёны ад Беластока, Гародні і Вільні да Віцебска, Магілёва і Гомеля. Раней аматары мастацтва маглі бачыць пераважна графічныя лісты з «Альбома гістарычных відаў Польшчы», які быў апублікаваны Напалеонам Ордам у 1873 — 1883 гадах за ўласныя сродкі ў Варшаве, у майстэрні Максіміліяна Фаянса.

Куратар праекта Аляксей Харак адзначае, што ў Беларусі, на жаль, не так шмат ведаюць пра асобу Напалеона Орды, як хацелася б, таму выстаўка — добрая магчымасць прасачыць рэтраспекцыю яго творчага шляху і адчуць сувязь з таленавітым чалавекам. А сувязь сапраўды ёсць: калі пераходзіш ад твора да твора, здаецца, што трапляеш у роднае месца, у якім разам з аўтарам знаходзіш для сябе цікавыя мясціны. Маленькі памер твораў надае прагляду яшчэ большую чароўнасць: глядач затрымліваецца каля кожнай работы, каб разгледзець дэталі, разважае над ёй.

Да вернісажу была праведзена кансервацыя накалькіх мастацкіх работ Напалеона Орды. У асноўным працэс быў звязаны з хімічнымі і фізічнымі зменамі, якія адбываюцца ў каляровым слоі. З-за часавых межаў некаторыя творы згубілі першапачатковы колер, але рэстаўратары паспрабавалі яго вярнуць. Існуе меркаванне, што фарбы, якімі карыстаецца творца, могуць сведчыць пра характар аўтара. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць вынік, што Напалеон Орда быў добрым і светлым чалавекам, душа якога квітнела ад навакольнай прыгажосці.

Мінск (Мінск-Літоўскі). Катэдра і былыя пабудовы езуітаў на Высокім рынку, 1864 — 1876 гг.

Напалеона Орду называюць мастаком, які апярэджваў час: яго творы часта называюць фатаграфічным малюнкам. У яго аўтарскіх замалёўках захаваліся помнікі, якіх больш няма. Напрыклад, замак Радзівілаў і Кальвінскі збор у Койданаве (сёння горад мае назву Дзяржынск). Важна, што майстра цікавілі не толькі архітэктурныя пабудовы, жывапісныя мястэчкі, але і прамысловыя аб’екты: фабрыкі, млыны, сахараварні. Выявы некаторых з іх можна ўбачыць у шэрагу твораў экспазіцыі. Майстар прытрымліваўся прынцыпу дэталізацыі ў перадачы кожнага аб’екта. Дзякуючы гэтай якасці яго творы сёння ўспрымаюцца як сапраўдны інфарматыўны дакумент, які нясе адбітак нацыянальнай гісторыі.

Творы Напалеона Орды перадаюць не проста эмацыйны стан аўтара, але і настрой таго месца, пабудовы, што адлюстравана на палатне. Гэта мастацкая якасць не дазваляе гледачу застацца абыякавым, актывізуецца дыялог паміж наведнікам і аўтарам. І гэта вельмі цікавая з’ява: людзі могуць кантактаваць па-за межамі часу.

Гродна. Фрагмент горада з касцёлам бернардзінак, 1860 — 1877 гг.

Праект «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» выклікаў вялікую зацікаўленасць у аматараў мастацтва ўжо ў першы ж тыдзень экспанавання. Арганізатары спадзяюцца, што надалей цікавасць у наведнікаў толькі ўзмоцніцца: працаваць выстаўка будзе да снежня 2017 года.

 Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.