Вы тут

Паглядзець на 950-гадовы Мінск праз шкло яго пабудоў


Нягледзячы на тое, што этыкет супраць, у вячэрніх прыцемках я люблю заглядваць у вокны гарадскіх кватэр. За кожным з іх — асобны космас, створаныя людзьмі светы, свая атмасфера. Тысячы і тысячы лёсаў, якія не ахапіць, не зразумець, не ўсвядоміць. Дзе іх столькі змяшчаецца? Якія ў гэтых людзей радасці і турботы? Як яны ўладкоўваюць жыццё ў гэтай складанай сістэме горада? Мінску ў гэтым месяцы споўнілася 950 гадоў, што жыхары адзначалі і на канцэртах, і на канферэнцыях. Але з'явіўся сярод шэрагу ініцыятыў вось такі сімвалічны збор — выстава твораў мастацтва, якія паказваюць «Вокны Мінска». Арт-крытык і галерыст Ларыса Фінкельштэйн кінула «кліч», і арт-гасцёўня «Высокае места» ў Верхнім горадзе ў верасні напоўнілася жывапісам, фатаграфіяй, графікай, арт-аб'ектамі і нават вітражамі.


«Вуліца Кісялёва» Валерыя Вядрэнкі.

За агульным пералічэннем мерапрыемстваў да 950-годдзя Мінска адбылася, напрыклад, прыгожая праекцыя фотаздымкаў француза Клемана Брыена, дзе можна было пазнаць беларускую сталіцу, на будынак мінскай Ратушы. Праекцыя была часткай «Месяца фатаграфіі». У Палацы мастацтваў прайшла выстава «Стольнае места», дзе арганізатары сабралі вобраз горада са скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу, фатаграфіі ды іншага вядомых мастакоў і пачаткоўцаў. Сваё прысвячэнне Мінску зрабіў Белдзяржцырк, дзе прайшоў Першы Мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва з удзелам больш як ста артыстаў з сямнаццаці краін свету.

Але «Вокны Мінска», згадзіцеся, прапануюць нешта асаблівае — цёплае, утульнае і ў той жа час неабсяжнае, памятаючы, што яны заўсёды нешта хаваюць. Выстава трапляе адразу ў некалькі яблычкаў. Гэта архітэктура і знешняе аблічча горада, у якіх выяўляецца гісторыя, уплывы стыляў і сумяшчэнне іх на адной прасторы. Гэта адсылка да азначэння дома, якім становіцца для нас Мінск. Гэта сімвалічны знак асабістага, для якога месцам дзеяння зноў жа становіцца сталіца. Гэта аддзяленне гарадскога антуража — нечага знешняга — ад месца, дзе мы можам ад гэтай сістэмы адасобіцца. Гэта пачуцці і эмоцыі, якія мы адчуваем за вокнамі горада. Акно — даволі просты вобраз, які прыгожа намякае, што ён толькі першая прыступка да вялікай таямніцы. А гэтых таямніц у Мінску, ды яшчэ за 950 гадоў, — процьма.

З той нагоды, што выстава «Вокны Мінска» аб'ядноўвае ў сабе высокае мастацтва, адсылку да ўтульных момантаў жыцця, неахопны пласт таямніц і з гэтага спараджае прыемнае раздражненне ўнутры, яна і становіцца сапраўднай падзеяй месяца. І месца для падзеі, прысвечанай юбілею Мінска, — таксама прыдатнае, бо дзе яшчэ аддаваць даніну сталіцы ў гонар яе нараджэння, як не ў Верхнім горадзе?

«У мяне ўстойлівае адчуванне, што краявіды — вясковыя, гарадскія, эпічныя, лірычныя — становяцца асаблівымі, калі глядзіш на іх праз раму ці акенца, — кажа куратарка выставы Ларыса Фінкельштэйн. — У студэнцкія гады не ўсе мелі сваё жыллё, а будавалася шмат будынкаў, яны запаўняліся, у іх жылі людзі, у вокнах гарэла святло. А студэнты думалі: «Дзе ж згубілася акенца, прызначанае для мяне?» Ад вобраза акна ўзнікала нешта асабістае, бо гэта мяжа паміж памяшканнем і вялікім светам, мікрасветам аўтара і макрасветам, вялікім космасам. Чалавек, бывае, раптам адыходзіць да акна і кудысьці глядзіць, быццам у сваіх думках выходзіць з гэтага памяшкання. Ён не адразу вам адкажа і нават не адразу зразумее, што вы ад яго хочаце, бо знаходзіцца ў іншым свеце, бо акно — гэта нешта асабістае. Для арганізацыі выставы можна было пайсці простым шляхам і звярнуцца да сучасных мастакоў, якія прынеслі б у галерэю па некалькі сваіх работ. Але мне гэта нецікава, мне трэба было, каб акно прысутнічала ва ўсіх відах мастацтва, каб яно было ўвасоблена рознымі мастакамі. Якім Мінск бачыцца праз акно? Якое яно, гэтае акно? Хто ў яго глядзіць?..»

Ідэя Ларысы Фінкельштэйн прыцягнула ў выставачную прастору «Высокае места» калекцыянераў і ўласна мастакоў, а ў выніку паказала ў галерэі каля ста дваццаці работ прыкладна шасцідзесяці аўтараў. Свой унёсак зрабілі мінскія калекцыянеры Андрэй Плясанаў, Яўген Ксяневіч, Юрый Бокач, Ігар Бархаткоў, Міхаіл Шэйко, Максім Дорахаў і іншыя, дзякуючы каму «ў свет» выйшлі работы Гаўрыіла Вашчанкі, Генадзя Хацкевіча, Оскара Марыкса... У залах галерэі — Зоя Літвінава, Сяргей Балянок, Рыгор Іваноў, некалькі работ прынёс Адам Глобус, і іх уключылі ў экспазіцыю без аніякай селекцыі. Некаторыя работы ствараліся спецыяльна для выставы, гэтую частку запоўнілі выпускнікі і студэнты Акадэміі мастацтваў.

Выставе «Вокны Мінска» засталося працаваць некалькі дзён, на жаль, дзень нараджэння здараецца толькі раз у год. Адзінае што, горад глядзіць на нас усё тымі ж вокнамі, старыя гісторыі за імі атрымліваюць нечаканыя сюжэтныя павароты, а новыя пачынаюць свой летапіс, у сталіцы ўсё тая ж безліч таямніц. 951-ы год.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Горад, за вокнамі якога неабсяжныя тысячы таямніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».