Вы тут

Новыя тэхналогіі аўтамабілебудавання аказаліся для амерыканцаў цяжкімі


Аўтавытворцы рэгулярна рапартуюць пра ўкараненне ў новыя мадэлі аўто ўльтрасучасных тэхналогій і дзіўных функцый, але вось парадокс: амерыканскае агенцтва J.D. Power падрыхтавала цікавую справаздачу, паводле якой усе гэтыя «навароты» пакупнікам не надта і патрэбныя. Як жа так?


У даследаванні пад назвай «2017 Tech Experіence Іndex» (індэкс тэхнічнага досведу) прыняло ўдзел больш за 19 500 уладальнікаў аўтамабіляў у ЗША. Вынікі заснаваны на адказах 14 900 чалавек, якія набылі ва ўласнасць або выкарыстоўваюць у лізінгу/арэндзе аўтамабілі 2017 года выпуску — абсалютна новыя мадэлі або якія выйшлі на рынак не больш за тры гады таму. Перыяд валодання транспартным сродкам у кожным выпадку складаў не менш за 90 дзён.

Высветлілася, што ўладальнікі як бюджэтных мадэляў, так і дарагіх аўтамабіляў прэміум-класа ў роўнай ступені задаволеныя ўзроўнем тэхналогій і прастатой іх выкарыстання ў сваёй машыне, паколькі большасць кіроўцаў проста не разумеюць, як яны працуюць, і таму не выкарыстоўваюць усе даступныя ім функцыі. Агульная задаволенасць тэхналогіямі ў новых аўтамабілях сярод і адных, і другіх складае ў сярэднім 75%. Задаволенасць тэхналогіямі найбольш высокая ў вялікім сегменце (77,7%), за якім ідуць кампактны сегмент (75,3%), кампактны прэміяльны сегмент (75,1%), сярэднепамерны прэміяльны сегмент (74,6%), сярэднепамерны сегмент (74,4%), малы прэміяльны сегмент (73,9%) і «проста» малы сегмент (73,2%). Важнымі фактарамі для вызначэння карыстальніцкага досведу ўладальнікі аўтамабіляў назвалі прастату інтэрфейсу, зручнасць і карыснасць.

Хоць спачатку кіроўцы, як правіла, у захапленні ад новых тэхналогій і функцый аўтамабіля, пры іх практычным прымяненні з'яўляецца шмат праблем. Як паказвае вопыт, у гэтым выпадку для карыстальнікаў не мае значэння прычына — ці зробяць яны нешта няправільна, ці адбываецца рэальны збой. Але самая важная (і, дарэчы, вельмі простая) прычына, па якой уладальнікі не выкарыстоўваюць тыя ці іншыя функцыі свайго аўтамабіля, гэта нават не залішняя складанасць, а тое, што яны папросту ім непатрэбныя. Самай бескарыснай функцыяй кіроўцы назвалі ўбудаваны ў аўтамабіль роўтар Wі-Fі — ім карыстаюцца толькі 10% кіроўцаў. 43% кажуць, што не маюць патрэбы ў гэтым, а 24% адзначылі, што паспрабавалі, але гэта аказалася занадта складана. А вось сярод самых карысных тэхналогій уладальнікі аднадушна называюць сістэму папярэджання сутыкненняў: ёй задаволеныя 78,7% апытаных. Спадарожнікавая навігацыя падабаецца 71,4% вадзіцеляў, сістэму кантролю сляпых зон назвалі карыснай 86,1%, а сістэму кругавога агляду — 85,6%.

Прычынай цяжкасцяў у выкарыстанні ўльтрасучасных тэхналогій вадзіцелі называюць недахоп увагі, якую персанал дылераў удзяляе пакупнікам пры продажы аўтамабіля. На іх думку, прадавец павінен старанна ўсё растлумачыць, расказаць аб усіх функцыях і прадэманстраваць, як імі карыстацца. Ну, ці ўсе гэтыя тэхналогіі павінны быць інтуітыўна зразумелыя ў выкарыстанні — але, мяркуючы па выніках даследавання, пакуль гэта зусім не так.

Што цікава, уладальнікі аўтамабіляў праводзяць паралелі паміж прастатой работы існуючых у аўтамабілі тэхналогій і даверам да іх. Калі кіроўца не можа зразумець, як правільна наладзіць, напрыклад, адаптыўны круіз-кантроль у сваім аўтамабілі, то ён цалкам абгрунтавана сумняваецца і ў яго здольнасці кіраваць транспартным сродкам. Як можна даверыць сваё (і не толькі) жыццё машыне, калі ты нават не можаш разабрацца ў яе функцыях?

Іван Купарвас

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зашмат «наваротаў»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.