Вы тут

У МУС узнагародзілі супрацоўнікаў, якія праявілі высокае майстэрства


Міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ уручыў узнагароды супрацоўнікам, якія праявілі высокае прафесійнае майстэрства. Згодна з Указам Прэзідэнта, медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» быў уганараваны сяржант міліцыі Юрый СТРОК. Ён служыць вадзіцелем групы затрымання роты міліцыі Ваўкавыскага аддзела Дэпартамента аховы МУС. Дзякуючы вытрымцы і сабранасці яму ўдалося абясшкодзіць небяспечнага ўзброенага злачынцу.


Як расказаў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Алег ГІШКО, выпадак адбыўся год таму ў Ваўкавыску. Кампанія маладых людзей адпачывала на стадыёне, калі да іх падышоў незнаёмы мужчына і беспадстаўна пачаў наносіць аднаму з іх удары нунчакамі. Пацярпелы ўпаў, але потым змог падняцца і адбегчы на бяспечную адлегласць. Тым часам мужчына накіраваўся ў бок свайго дома. Пацярпелы выклікаў міліцыю, і, прасачыўшы за сваім крыўдзіцелем, удакладніў яго адрас.

Супрацоўнікі міліцыі прыбылі да дома зламысніка, аднак на званкі ў дзверы ніхто не адказваў. Пакуль праводзілася апытанне заяўніка, каля пад'езда з'явіўся мужчына, у якім сведкі апазналі таго, хто нападаў з нунчакамі. Як высветлілася пазней, ён скарыстаўся тым, што кватэра знаходзіцца на першым паверсе, выбраўся з акна і падышоў да пад'езда, тым самым дэманструючы, нібыта да таго, што адбываецца, ён не мае ніякага дачынення.

Але празмерная доля выпітага алкаголю не дала яму і далей прытрымлівацца легенды. Зламыснік напаў на аднаго міліцыянера, нанёсшы яму ўдар нажом у левую частку грудзей. На шчасце, усе супрацоўнікі Дэпартамента аховы выязджаюць на здарэнні ў ахоўным абмундзіраванні, у прыватнасці, у бронекамізэльцы, таму прапаршчык не пацярпеў.

Тым часам зламыснік знік у пад'ездзе. Юрый Строк дагнаў яго каля кватэры, аднак нападнік здавацца не планаваў: па-ранейшаму трымаў вялікі нож напагатове і замахваўся ім. Каб абясшкодзіць атакуючага злачынцу — бо маглі таксама пацярпець людзі, якія сабраліся каля пад'езда — сяржанту давялося ўжыць табельную зброю. Нават пасля шасці раненняў у галёнкі нападнік працягваў замахвацца, а адкінуў нож толькі пасля сёмага стрэлу ў вобласць сцягна. Цяпер ён асуджаны на 11 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Сам Юрый Строк лічыць свой учынак натуральнай часткай штодзённай работы. Нягледзячы на тое, што вопыт службы ў яго не такі вялікі, дае аб сабе знаць выхаванне ў традыцыях міліцэйскай доблесці. Бацька, дзядзька і брат маладога супрацоўніка прысвяцілі сваё жыццё службе ў органах унутраных спраў, таму з дзяцінства развівалі ў Юрыя такія якасці як патрыятызм, адказнасць і мужнасць.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Рызыка як частка работы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».