Вы тут

Чаму нават мінімальнае перавышэнне хуткасці смяротна небяспечнае?


Пункты Правілаў дарожнага руху, якія могуць ім «сыграць на руку», кіроўцы часцей за ўсё ведаюць назубок. Напрыклад тое, што адміністрацыйнае пакаранне можа наступіць толькі ў выпадку перавышэння ўстаноўленай на пэўным участку хуткасці больш чым на дзесяць кіламетраў у гадзіну. Аднак, гэта не зусім дакладна. Пры падпісанні дагавораў раяць чытаць тое, што напісана дробным шрыфтам, так і тут — па аналогіі можна парэкамендаваць вывучаць Правілы дарожнага руху (ПДР) цалкам, а не толькі тыя пункты, якія здаюцца «выгаднымі»...


Як адзначыў намеснік начальніка арганізацыйна-аналітычнага ўпраўлення міліцыі грамадскай бяспекі МУС Вадзім ПЕТЫШ, перавышэнне хуткасці з'яўляецца найбольш распаўсюджаным парушэннем з боку кіроўцы, што прыводзіць да аўтааварый, прычым, як правіла, якія цягнуць за сабой цяжкія наступствы.

— Калі перавышэнне хуткасці да дзесяці кіламетраў у гадзіну не караецца, то ў людзей складваецца ўражанне, што яны робяць усё абсалютна законна. Так, іх сапраўды не сфатаграфуе камера і не аштрафуе супрацоўнік ДАІ. Аднак, у выпадку здзяйснення ДТЗ, любое перавышэнне хуткасці, няхай гэта будзе нават 5 або 7 кіламетраў, што пацягнула за сабой гібель або цяжкае траўміраванне іншых удзельнікаў дарожнага руху, будзе весці ўжо не да адміністрацыйнай, а да крымінальнай адказнасці, — падкрэсліў Вадзім Петыш.

Акрамя таго ПДР абвяшчае, што пры выбары хуткасці руху кіроўца павінен улічваць не толькі абмежаванні хуткасці, але таксама інтэнсіўнасць руху, агляднасць дарогі, асаблівасці і стан транспартнага сродку і грузу, які ім перавозіцца, дарожныя, метэаралагічныя ўмовы і іншыя фактары, якія зніжаюць празрыстасць атмасферы і ўплываюць на бачнасць дарогі ў напрамку руху. Прасцей кажучы, хуткасць, якую мы бачым на знаках, — гэта тая, з якой кіроўца можа рухацца днём у яснае надвор'е. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба арыентавацца па сітуацыі і рухацца, вядома ж, больш асцярожна. Тое ж датычыцца і пад'езду да нерэгуляванага пешаходнага перахода: кіроўца павінен рухацца з хуткасцю, якая пры неабходнасці дазволіць саступіць дарогу пешаходу. Усё гэта — выключна з меркаванняў бяспекі, прывядзём ніжэй некалькі лічбаў, каб даказаць, чаму гэта неабходна.

Пры перавышэнні ўстаноўленай хуткасці ўсяго толькі на 10% верагоднасць смяротнага зыходу ў аўтааварыі з улікам кінетычнай энергіі павялічваецца ў 1,5 раза ў адносінах да асоб, якія знаходзяцца ў машыне. На 15% — у 1,7—1,8 раза. Пры гэтым выйгрыш па часе мінімальны, менш дзесяці хвілін за гадзіну.

Яшчэ трохі статыстыкі: пры сутыкненні з машынай, якая рухалася з хуткасцю 30 км/г выжывае 90% пешаходаў, нездарма ў жылой зоне нельга рухацца з хуткасцю больш за 20 км/г. Калі казаць пра рух па трасе, то пры 130 км/г — такая хуткасць не дазволеная ў Беларусі ні на адной з аўтадарог — вугал агляду кіроўцы складае ўсяго толькі 30 градусаў, у той час як пры звыклых 90 км/г — амаль усе 180. У цэлым, усе абмежаванні хуткасці заснаваныя на экспертных разліках і навукова абгрунтаваныя.

— Два галоўныя фактары, якія ўплываюць на бяспеку на дарозе — гэта інфраструктура і культура кіравання. Што датычыцца першага пункта, то яму надаецца асаблівая ўвага. Напрыклад, на новай Гродзенскай трасе значна павялічыцца колькасць двухузроўневых развязак, а на Другой кальцавой аўтадарозе ўсе пешаходныя пераходы перанесеныя пад зямлю, а ўздоўж трасы ўсталяваныя агароджы ад дзікіх жывёл. Гэта значыць рызыкі зведзены да мінімуму — усё астатняе ў руках вадзіцеляў. Тут ужо варта гаварыць пра культуру кіравання. Не трэба, напрыклад, міргаць фарамі, маўляў, саступіце дарогу, калі чалавек едзе павольна. Неабходна з павагай ставіцца адзін да аднаго, — падвёў вынік Вадзім Петыш.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Выйграць дзесяць хвілін або прайграць усё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?