Вы тут

Кіраўнік дзяржавы наведаў з рабочай паездкай Мінскую вобласць


Адзін дзень увосень ідзе за восем. Сёння запаволішся, а заўтра можа і дождж пайсці, і замаразкі адбыцца. Для таго каб сабраць добры ўраджай, варта напружыцца, сканцэнтраваць намаганні і ў максімальна кароткія тэрміны скончыць восеньскія палявыя работы. Да гэтага заклікаў аграрыяў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Клецкі раён, што на Міншчыне.


У бульбасховішчы ААТ «Кухчыцы».

Па словах кіраўніка дзяржавы, пасля таго як была скончана ўборка збожжавых, магчыма, працаўнікі сяла ў пэўнай ступені самасупакоіліся. Аднак шмат чаго яшчэ не сабрана, і наперадзе — нямала працы як па зборы ўраджаю, так і па сяўбе азімых. Зараз асабліва важна сканцэнтраваць увагу на кукурузе, якая вырашчана на сілас. «Трэба мабілізавацца. Шкада будзе, калі прападзе такі добры ўраджай», — заўважыў Прэзідэнт.

 «Наступны год мы аддадзім цалкам парадку, культуры земляробства, культуры на палях, — заявіў беларускі лідар. — Больш не разлічвайце на вялікія грошы і капітальную падтрымку. Год добры. Зарабляйце грошы. Мы павінны сканцэнтраваць сродкі на меліярацыйных, культурна-тэхнічных работах. Трэба прыводзіць у парадак краіну. І нарэшце трэба ставіць пытанне аб рэкультывацыі былых фермаў».

Адно з пытанняў, якія падчас паездкі разгледзеў Аляксандр Лукашэнка, датычылася ўборкі цукровых буракоў. На цяперашні момант насенне для гэтай культуры вырошчваецца ў Італіі і Сербіі. Гэта гібрыды, створаныя з удзелам беларускіх навукоўцаў. Таксама нядаўна паступіла прапанова па вырошчванні такога насення і ад Азербайджана. Прэзідэнт прапанаваў праявіць больш самастойнасці ў згаданым пытанні: на падыходзячай для вырошчвання глебе ў спрыяльным клімаце, напрыклад, у блізкай для нас Сербіі, гадаваць ужо ўласныя сарты і такім чынам забяспечваць краіну неабходным насеннем.

Адкрытае акцыянернае таварыства «Кухчыцы», якое наведаў Прэзідэнт, — адзін з паспяховых прыкладаў развіцця сельскай гаспадаркі. Па словах яго кіраўніка Сяргея Здрока, летась выручка склала больш за 100 млрд недэнамінаваных беларускіх рублёў, а сёлета чакаецца яе рост амаль на 50%. Такое стала магчыма дзякуючы эксперыментам, якія дазваляюць выбіраць самыя ўдалыя для гэтай мясцовасці сарты раслін. Сёлета ў Кухчыцах упершыню пасадзілі кармавую культуру сорга, якую таксама называюць суданскай травой.

Інфаграфіка БЕЛТА

«Сорга менш патрабавальнае да глебы, высейваецца пазней. З аднаго поля можна сабраць два ўраджаі», — тлумачыць Сяргей Здрок. Расліна не баіцца неспрыяльных кліматычных умоў і не патрабуе вялікай колькасці ўгнаенняў. Выглядае поле сорга як зялёны лес у больш чым два метры вышынёй. На думку кіраўніка дзяржавы, кожная гаспадарка вольная вырошчваць тую кармавую культуру, якая найбольш падыходзіць да мясцовых умоў.

Разам з тым міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц далажыў, што праведзеныя разлікі пацвярджаюць магчымасць сфарміраваць нізкі сабекошт пры вытворчасці малака з выкарыстаннем традыцыйных для Беларусі кармавых культур. Асабліва гэта актуальна для Віцебшчыны, дзе ў многіх раёнах немэтазгодна вырошчваць вялікія аб'ёмы збожжавых і асноўная спецыялізацыя сельскіх гаспадарак павінна быць звязана з мясной жывёлагадоўляй.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з умовамі захоўвання бульбы ў «Кухчыцах», і з тэхналогіяй збору кукурузных зерняў у так званы палімерны рукаў.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

а. г. Кухчыцы, Мінская вобласць

Загаловак у газеце: Мабілізавацца і ўбраць палі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».