Вы тут

У Дуброўне прайшлі абласныя «Дажынкі» Віцебшчыны


На абласных “Дажынках” Віцебшчыны ў Дуброўне было некалькі падстаў для гонару. Сабралі больш за мільён тон “золата палёў”, што на 170 тысяч тон больш, чым летась. На Аршаншчыне ўпершыню валавы збор склаў парадку 147 тысяч тон. У адной са стабільна працуючых гаспадарак гэтага ж раёна ўраджайнасць была каля 84 ц/ га.


І гэта пры тым, што надвор’е, на жаль, не радавала. Напрыклад, быў вельмі халодным і дажджлівым красавік, снежным — май. Летам было параўнальна мала цёплых дзён. У  прыватнасці, у ліпені большасць дзён былі дажджлівымі. І гэта прывяло да таго, што ўборку прыйшлося пачаць на паўтара тыдня пазней, чым звычайна… Капрызы надвор’я  часта згадвалі на “Дажынках”. Але на свяце правіў цудоўны настрой.

Па добрай традыцыі ў райцэнтры, які становіцца чарговай сталіцай свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі, з’яўляюцца новыя аб’екты, рамантуюцца існуючыя. Не выключэннем сталі і “Дажынкі-2017”. Цяпер у цэнтры горада ёсць прыгожы комплекс для адпачынку пад адкрытым небам. Яго “разыначка” — фантан. Недалёка — крэатыўная дзіцячая пляцоўка, прыгожыя газоны і зялёныя насаджэнні. Адчыніўся ЗАГС, дзе зарэгістравалі шлюб закаханыя. “Другое жыццё” атрымалі стадыён, дом культуры, два дзіцячых садка і г.д. А мясцовая школа цяпер адпавядае патрабаванням лічбавага часу — у ёй нават ёсць пасада праграміста. Сярод ганаровых гасцей свята, якім паказалі тое, што зроблена, быў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

Пра прыемныя змены распавёў на адкрыцці ганаровага шанавання перадавікоў  старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Усяго работы вяліся на амаль двухстах аб’ектах. Губернатар анансаваў, што ў наступным годзе “Дажынкі” пройдуць у Верхнядзвінску. І там запланавана многае зрабіць для таго, каб ў райцэнтры стала больш утульна ў пытаннях добраўпарадкавання.

Мікалай Шарснёў шчыра падзякаваў тым, дзеля каго праводзяцца “Дажынкі”.

— Вы — сапраўдныя героі нашага часу, прыклад для падрастаючага пакалення. Цяжкая і нялёгкая ваша праца. Нізкі вам паклон, хлебаробы. Павага і гонар, слава — нялёгкай сялянскай працы, — сказаў ён.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што патэнцыял вобласці ў галіне сельскай гаспадаркі яшчэ далёка не вычарпаны. Многае зроблена і будзе зроблена, дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Беларусі. Павышэнне дабрабыту, развіццё эканомікі і, у прыватнасці, аграпрамысловага комплексу — частка звенняў палітыкі, якая праводзіцца дзяржавай. Самым лепшым губернатар уручыў дыпломы і сертыфікаты на грашовыя прэміі.

На абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі было шмат розных мерапрыемстваў. Сярод іх святочнае шэсце, спаборніцтвы вясковых асілкаў, выставы творчасці народных майстроў, конкурсы і віктарыны. Відовішчным стала паказальнае выступленне ратавальнікаў, якія нават прадэманстравалі, як гасяць агонь з самалёта. У гонар юбілею стварэння беларускай міліцыі парадак ахоўвалі і супрацоўнікі ў форме мінулага стагоддзя. Цэнтральная плошча стала месцам правядзення канцэртаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?