Карэспандэнты «Звязды» ў мінулую суботу пабывалі на кірмашах па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі ў Віцебску і Брэсце.
Цэны ў Віцебску
У горадзе на Дзвіне каля канцэртнай залы «Віцебск» гандляваць пачалі а 9-й гадзіне раніцы. І адразу выстраіліся чэргі па тое, што прадавалася па прывабных цэнах.
У прыватнасці, па грушы коштам 50 капеек за кіло. Хай фрукт быў і не найлепшай якасці, але бралі, ды яшчэ як! У тым жа гандлёвым пункце прапаноўвалі набыць за 1 рубель кілаграм яблыкаў. І народ таксама ахвотна купляў.
Традыцыйна, як гарачыя піражкі, разбіралі жывую рыбу. Рыбгас з Пастаўскага раёна, дарэчы, рэалізуе яе і ў працоўныя дні. Для гэтага спецыяльна з далёкай глыбінкі ў абласны цэнтр прыязджае рыбавоз, каб перагрузіць жывы тавар у аўто, з якога гандлююць. Як падкрэслілі прадаўцы, цэны на ўзроўні леташніх. У прыватнасці, кіло амура каштуе 4,6 рубля, карпа — 4 рублі 25 капеек.
Па бульбу чэргаў не было. Мо таму, што цана — прыкладна такая ж, як у крамах, — 35—40 капеек за кіло. З многіх прыватных «аўталавак» прапаноўвалі купіць 32 кілаграмы бульбы ў сетцы за 12 рублёў.
Цыбулю можна было купіць па цане ад 70 капеек да 1 рубля 30 капеек за кілаграм, капусту — за 35—40 капеек, памідоры — за 1 рубель 15 капеек.
На кірмашы быў багаты выбар саджанцаў: яблыні — па 6 рублёў, вішні, слівы, чарэшні — 10 рублёў, вінаград — ад 8 да 15 рублёў.
У «меню» кірмашу былі і мясныя паўфабрыкаты, каўбасныя вырабы з мінімальнай гандлёвай нацэнкай. У гэты дзень, бадай, ніхто не сышоў без пакупак.
На суб'ектыўны погляд журналістаў «Звязды», не хапала музыкі, юшкі і чаркі.
Не першы раз раблю рэпартажы з аналагічных мерапрыемстваў. Дык заўважыў, што, калі праз дынамік гучаць песні, прахожыя міжволі заходзяць паглядзець на гандлёвыя рады. Несумненна, настрой падымаецца. А як цудоўна паесці смачнай гарачай юшкі, калі надвор'е ўжо, як той казаў, не майскае.
Кірмашы ў Віцебску, як паведамілі ў гарвыканкаме, будуць праходзіць штотыдзень па суботах па 28 кастрычніка.
Цэны ў Брэсце
Восеньскія кірмашы ў Брэсце будуць праходзіць кожную суботу да канца кастрычніка. Адной з галоўных пляцовак па продажы сельгаспрадукцыі стаў усходні мікрараён. Сёлета выдаўся не вельмі ўрадлівы год на яблыкі, таму цана на іх трымаецца даволі высокая. І калі сельгаспрадпрыемства «Астрамечава» прапанавала яблыкі па 52 капейкі, то каля машыны выстраілася немалая чарга. Дарэчы, гэтыя вытворцы прадавалі натуральны яблычны сок па 3,34 рубля за трохлітровы пакет. І прадукцыю бралі. У асноўным жа цэны былі прыблізна аднолькавыя, яны разыходзіліся ў залежнасці ад якасці і таварнага выгляду прадукцыі. Так што ў пакупніка выбар быў.
Табліца кошту садавіны і агародніны ў беларускіх рублях на гэтым кірмашы выглядае прыкладна так:
бульба 0,30—0,35;
капуста 0,30—0,39;
буракі 0,30—0,40;
морква 0,40—0,48;
перац 1,50—2,60;
цыбуля 0,52—0,60;
часнок 4,80—6,44;
памідоры 1,00—1,50;
яблыкі 1,15—1,65;
журавіны 4,30—4,60.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Віктара НІКАЛАЕВА
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».