Вы тут

Юныя ратавальнікі сабраліся на Нарачы


Верасень у лагеры адпачынку «Зубраня» традыцыйна звязаны з Рэспубліканскім злётам юных ратавальнікаў-пажарных. Сёння ён праходзіў ужо дваццаты раз. Каля 200 юнакоў і дзяўчат з'ехаліся з усіх куткоў Беларусі, каб прадэманстраваць свае ўменні дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях.


Маляўнічая цырымонія закрыцця злёту суправаджалася кадрамі з архіва «Зубраняці». Нават і не верылася, што падлеткі, выявы якіх захаваліся на паўсцёртых ад старасці стужках, зараз стаяць на сцэне ўжо дарослымі людзьмі. Шмат хто з іх звязаў свой лёс з прафесіяй ратавальніка. Напрыклад, Павел Філімонаў прыехаў на злёт з дачкой:

— Шаснаццаць гадоў таму я быў капітанам сталічнай каманды, якая заняла трэцяе агульнакаманднае месца. Вучыўся тады ў дзявятым класе і пасля паездкі сюды зразумеў, што з выбарам прафесіі я ўжо вызначыўся. Таму сярэднюю адукацыю атрымліваў ужо ў спецыялізаванай школе, а пасля пайшоў у Камандна-інжынерны інстытут.

За гэты час у «Зубраняці» шмат што змянілася. Але галоўнае дзеці мала таго што адпачываюць, — атрымліваюць навыкі, якія могуць спатрэбіцца, калі давядзецца дзейнічаць на аўтаматызме, бо часу на роздум ужо не будзе. А яшчэ тут завязваюцца трывалыя сяброўскія стасункі, якія працягваюцца не адзін год.

У 2001 годзе, — працягвае Павел Філімонаў, — наша каманда заняла першае месца ў конкурсе ратавання на водах. А наступным летам мне давялося ўжо ратаваць чалавека. Я тады адпачываў на возеры са сваім стрыечным братам. Трымаўся на вадзе ён не вельмі добра, але ўсё-такі паспрабаваў даплыць да сярэдзіны вадаёма і назад. І вось у цэнтры возера ён  пайшоў пад ваду. Я ўбачыў гэта, падплыў і, як мог, адбуксіраваў яго на бераг. Той выпадак ён памятае  дагэтуль. І кожны раз дзякуе, што тады я яго выратаваў.

Арганізатары стварылі вельмі насычаную праграму злёту. За тры тыдні школьнікі прайшлі праз вялікую колькасць конкурсаў — «Конкурс вясёлых і знаходлівых», «Агляд строю», «Ратаванне на вадзе», «Аказанне першай дапамогі»... Але самымі відовішчнымі сталі зводныя палявыя вучэнні.

— Яны складаліся з васьмі этапаў, — кажа капітан каманды з Мінска, вучань 10-га класа СШ №143 Арцём Ваўчок. — У нас было баявое разгортванне пажарнага разліку, мы мусілі выратаваць людзей з верталёта, які пацярпеў катастрофу, паказаць дзеянні пры хімічнай атацы... Адным словам, умовы былі набліжаны да рэальных.

Арцём раней быў юным інспектарам дарожнага руху. Аднак яму пасля прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі ратавальніка. Хлопец пагадзіўся і, як бачым, не прагадаў. Але наколькі лёгка трапіць у гэтыя шэрагі?

— Каб стаць членам каманды, мала мець толькі добрую фізічную падрыхтоўку, — кажа ўдзельніца злёту Ангеліна Лукашэвіч. — Яшчэ неабходна і добра вучыцца. Гэта паказчык дысцыплінаванасці чалавека.

Пра добрую вучобу ішла гаворка і на спецыяльнай прэс-канферэнцыі. Яе ўдзельнікамі сталі міністр па надзвычайных сітуацыях, кіраўнікі абласных упраўленняў ведамства, а таксама начальнік Універсітэта грамадзянскай абароны. Многім удзельнікам злёту ўжо давядзецца праз год-другі абіраць сабе прафесійны шлях.

— Умовы паступлення з рэарганізацыяй нашай установы не змяняліся, — кажа начальнік Універсітэта грамадзянскай абароны Іван Палявода. — Але для выпускнікоў спецыялізаванага ліцэя пры нашай установе захоўваецца льгота. Яна дазваляе хлопцам, якія паспяхова вучацца па профільных дысцыплінах — матэматыка, фізіка, мовы, — паступаць без дадатковых іспытаў. Галоўнае — мець адзнакі ў сем балаў і вышэй.

У «Зубраня» штогод прыязджаюць юныя ратавальнікі з іншых краін. Сёлета ў нас гасцявала дэлегацыя з Грузіі.

— Два гады да нас прыязджалі італьянцы, — гаворыць міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. — Завітвалі і пакістанцы. Былі ў нас і госці з Кітая, Японіі, Турцыі. Хлопцы з Германіі сабраліся прыехаць. Адным словам, мы адкрытыя і гатовы прыняць усіх. Галоўнае — жаданне.

Сёлета пераможцамі злёту стала каманда са сталіцы. Другое месца — у прадстаўнікоў Магілёўшчыны. Ну а «бронзу» з Мядзельшчыны павезлі дадому прадстаўнікі Гомельскай вобласці.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Злёт у «Зубраняці»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.