Вы тут

Каля 600 мам і татаў наведалі ў нядзелю кангрэс «Мама Pro»


У сталіцы будучыя бацькі сустрэліся з прадстаўнікамі ўсіх гарадскіх радзільняў — каля 600 мам і татаў наведалі ў нядзелю Першы рэспубліканскі кангрэс «Мама Pro». Такія сустрэчы адбудуцца на працягу года ва ўсіх абласцях.


Pro — ад слова «прафесіянал». Арганізатары — Інфармацыйная сацыяльна-дабрачынная ўстанова дапамогі дзецям і сем'ям «Бэйбі Сторы» пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя, Мінгарвыканкама і Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — вырашылі павысіць узровень ведаў у сем'ях, каб мамы і таты сталі сапраўднымі прафесіяналамі, каб забыліся на страх перад радзільнямі, каб не баяліся задаваць свайму ўрачу пытанні.

У якасці спікераў на кангрэсе выступалі ўрачы лабараторнай дыягностыкі, акушэры-гінеколагі, дыетолагі, анестэзіёлагі-рэаніматолагі, спецыялісты па грудным кармленні, педыятры.

Сёння, калі сям'я плануе нараджэнне дзяцей, жанчына павінна прыйсці да акушэра-гінеколага і тэрапеўта, каб даведацца, што неабходна для планавання цяжарнасці. Калі наступіла цяжарнасць, неабходна зноў звярнуцца да ўчастковага акушэра-гінеколага і стаць на ўлік да 12 тыдняў — гэта ў нас матэрыяльна заахвочваецца. Робіцца ўсё дзеля таго, каб закласці аснову для здаровых родаў. 98 працэнтаў цяжарных своечасова становяцца на ўлік.

— Нарадзілася сёлета ўжо звыш 70 тысяч дзяцей, яшчэ каля 80 тысяч цяжарных знаходзяцца на ўліку, — адзначае галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія САВАЧКІНА. — Для ўдзелу ў кангрэсе зарэгістравалася каля сотні мужчын, што выдатна. Роды — заўсёды стрэс, пераадолець які дапамагае блізкі чалавек. Ёсць у нас сёння ўсе магчымасці для партнёрскіх родаў. Муж (або маці цяжарнай, або сястра, або ўрач) перад гэтым павінны прайсці медабследаванне і наведаць некалькі падрыхтоўчых заняткаў, каб разумець, што і як рабіць у радзільным доме.

Колькасць бясплодных пар сёння складае ўжо каля 16 працэнтаў. Пераадолець праблемы з зачаццем дапамагаюць цэнтры планавання сям'і. Дарэчы, налета пачнецца рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі планавання сям'і. Яе асноўная мэта — адразу накіраваць шлюбныя пары, у якіх цяжарнасць не наступіла на працягу года рэгулярнага палавога жыцця, да цэлай групы спецыялістаў (гінеколага, уролага, эндакрынолага, псіхолага). Важна, каб пара звярнулася па дапамогу як мага раней, бо з узростам, як вядома, нават у здаровай жанчыны зніжаецца здольнасць да зачацця. Паколькі нарастае праблема мужчынскай бясплоднасці, вырашана да канца года адкрыць на базе Дыягнастычнага цэнтра ў Мінску гарадскі кабінет мужчынскай бясплоднасці. Кабінеты, дзе будуць ажыццяўляць прыём урачы ўролагі-андролагі, з'явяцца і ў рэгіёнах.

«Бэйбі Сторы» ўжо шмат гадоў займаецца сацыяльнымі праектамі, скіраванымі на падтрымку ў першую чаргу матуль. На думку дырэктара ўстановы Наталлі МІРАНЧУК, прабелы ў ведах неабходна ліквідаваць — складаныя сітуацыі лепей папярэдзіць, чым пасля разбіраць наступствы.

— Нашы жаночыя кансультацыі і радзільні вельмі добра працуюць, аднак інфармацыі ніколі не бывае шмат, — заўважае акушэр-гінеколаг 5-й гарадской клінічнай бальніцы, аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА Дзіяна МАРДАС. — Цяжарнай можна і тройчы штосьці сказаць, з будучай мамай трэба размаўляць пастаянна. Таму што вельмі шмат страхаў і хваляванняў. Мы на гэтым кангрэсе спрабуем зменшыць іх колькасць, каб засталось толькі адно — невялікае хваляванне перад сустрэчай з дзіцем.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота minsknews.by

Загаловак у газеце: Страшна, калі не ведаеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».