Вы тут

Замежныя паслы ўручылі кіраўніку дзяржавы даверчыя граматы


Адзінаццаць дыпламатаў з розных кантынентаў — ад Еўропы і Азіі да Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі — прыбылі ўчора ў Палац Незалежнасці, каб засведчыць, што яны гатовы працаваць на карысць адносін сваіх краін і Беларусі. Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, вітаючы гасцей, падкрэсліў важнасць будаўніцтва трывалых адносін паміж рознымі краінамі і рэгіёнамі.


У бягучым годзе Мінск прымаў два важныя міжнародныя форумы: сустрэчу міністраў замежных спраў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы і сесію Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

— На гэтай сесіі, а потым і з трыбуны Генасамблеі ААН наша краіна выступіла з ініцыятывай пра запуск пад эгідай АБСЕ шырокай дыскусіі аб новым Хельсінскім працэсе, закліканым развязаць «вузлы супярэчнасцяў» паміж дзяржавамі на прасторы Еўра-Атлантыкі і Еўразіі. Мы зацікаўлены ў тым, каб праект «Хельсінкі-2» адбыўся, — пацвердзіў Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць, што і дыпламаты змогуць зрабіць свой унёсак у стварэнне групы дзяржаў-аднадумцаў па прасоўванні і рэалізацыі гэтай актуальнай ініцыятывы.

Адзін з галоўных пасылаў у выступленні кіраўніка дзяржавы перад замежнымі пасламі ў тым, што сёння час будаваць і ўмацоўваць масты — палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя — паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе. Гэтак жа важна шукаць як мага больш кропак судакранання, якія будуць аб'ядноўваць краіны і народы.

*  *  *

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі ўсіх кантынентаў.

— Традыцыйна сяброўскія адносіны звязваюць нас з Малдовай. Цяперашні год быў асабліва насычаны кантактамі на вышэйшым узроўні. Мы выбудавалі фармат цеснага ўзаемадзеяння практычна ва ўсіх сферах, — канстатаваў кіраўнік краіны.

Беларусь бачыць мноства магчымасцяў у супрацоўніцтве з Узбекістанам.

— Літаральна за бягучы год зрабілі, відаць, больш, чым за ўвесь постсавецкі перыяд у адносінах з гэтай нам блізкай, брацкай краінай. Ёсць сур'ёзныя перадумовы для нарошчвання гандлю, дыверсіфікацыі ўзаемных паставак, што ў канчатковым выніку дазволіць рэалізаваць існуючы патэнцыял эканамічнага ўзаемадзеяння паміж нашымі дзяржавамі, — упэўнены беларускі лідар.

Па яго словах, мы надаём вялікае значэнне развіццю адносін з Каралеўствам Іспанія. Асабліва ў такіх сферах, як гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, энергетыка, транспарт і сельская гаспадарка. У гэтым месяцы, дарэчы, у нашай сталіцы адбудзецца першае пасяджэнне міжурадавай беларуска-іспанскай камісіі па эканамічным і прамысловым супрацоўніцтве. Кіраўнік нашай краіны лічыць, што сустрэча будзе садзейнічаць умацаванню нашых сувязяў.

— Мы выступаем за развіццё сяброўскага, канструктыўнага дыялогу са Швецыяй. Вы з'яўляецеся нашым блізкім суседам, мы многаму ў вас вучыліся пасля распаду Савецкага Саюза — і я асабіста, хоць ні разу і не быў у вас. Разглядаем вашу краіну ў якасці актыўнага ўдзельніка рэгіянальных і міжнародных працэсаў. Што да двухбаковых адносін, то нам неабходна ўмацаваць работу па нарошчванні гандлю, паглыбленні інвестыцыйных сувязяў, па пашырэнні палітычных, культурных кантактаў паміж нашымі дзяржавамі.

Звяртаючыся да дыпламата з Джыбуці, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён вітае рашэнне кіраўніцтва гэтай краіны прызначыць Пасла ў Беларусі. Прэзідэнт выказаў спадзяванні, што сумеснымі намаганнямі дыпламатаў, прадстаўнікоў бізнес-колаў Джыбуці стане нам бліжэй, і мы разам зможам там адчыніць вароты ва Усходнюю Афрыку для беларускіх прадпрыемстваў.

У той жа час Рэспубліка Малі — наш найважнейшы партнёр на захадзе афрыканскага кантынента. З улікам актуальных працэсаў аднаўлення і нарошчвання эканамічнага патэнцыялу гэтай дзяржавы адкрываюцца новыя магчымасці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку гандлёвага.

Як падкрэсліў беларускі лідар, у новы этап уступаюць адносіны Беларусі і Афганістана:

— Мы падтрымліваем імкненне афганскага народа да незалежнасці і суверэнітэту, павышэння ролі вашай дзяржавы ў рэгіёне і ў свеце. Першы ў гісторыі двухбаковых кантактаў візіт у Беларусь кіраўніка выканаўчай улады Афганістана ў жніўні бягучага года дазволіў вызначыць прыярытэтныя кірункі нашага ўзаемадзеяння.

Дынамічнае развіццё Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі адкрывае новыя магчымасці для пашырэння кантактаў у многіх сферах. Па словах кіраўніка дзяржавы, нядаўняе пасяджэнне міжурадавай беларуска-лаоскай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве пацвердзіла імкненне нашых краін да адкрытага і канструктыўнага дыялогу. Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванні, што ў наступныя год-два мы зможам «павысіць планку ў нашых адносінах і вывесці іх на новы, больш сур'ёзны ўзровень».

Яшчэ з савецкіх часоў у нашай дзяржавы склаліся добрыя адносіны з Перу. Нягледзячы на цяперашні сціплы таваразварот, Прэзідэнт упэўнены, што мы зможам навярстаць упушчанае і пашырыць узаемадзеянне ва ўсіх сферах. Але для гэтага нам неабходна больш прадметна і сістэмна займацца пытаннямі эканомікі.

Што да Уругвая — пасол гэтай краіны таксама ўручыў даверчыя граматы беларускаму лідару — то развіццё разнапланавага партнёрства з гэтай дзяржавай з'яўляецца важным вектарам нашай знешняй палітыкі ў Паўднёвай Амерыцы. Беларусь станоўча ацэньвае дынаміку двухбаковых адносін і пацвярджае сваю гатоўнасць да актывізацыі і паглыблення міждзяржаўнага дыялогу.

Важнай для нас краінай у лацінаамерыканскім рэгіёне з'яўляецца Чылі.

— Разлічваем на пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў ужо ў найбліжэйшы час. Беларусь вельмі зацікаўлена ў прасоўванні на чылійскі рынак нашай тэхнікі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Напрыканцы беларускі лідар выказаў спадзяванні, што знаходжанне замежных дыпламатаў на беларускай зямлі будзе плённым і пажадаў ім поспехаў у той адказнай місіі, якую яны выконваюць.


У тэму

Віктар Сарачан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь:

— Я аб'ездзіў ужо ўсю Беларусь, быў ва ўсіх рэгіёнах. Галоўная мэта — гэта паляпшэнне адносін, якія ёсць сёння. Гэта значыць, тая база, якая склалася за многія гады, павінна быць палепшана ў шмат разоў — гэта першае. Другое — павелічэнне таваразвароту паміж нашымі краінамі, што вельмі важна для эканомік абедзвюх дзяржаў.

Крысціна Юханесан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь:

— Мы глядзім наперад. Пара развіваць нашы адносіны на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах. Швецыя вельмі зацікаўлена ва ўмацаванні адносін, і мы сапраўды хочам быць партнёрамі. Мы бачым, што ў шведскім грамадстве ёсць цікавасць да развіцця сувязяў з Беларуссю на ўсіх узроўнях — ад урадавага да грамадзянскай супольнасці. Шмат працуе цікавых праектаў, шмат ёсць арганізацый у Беларусі і Швецыі, якія супрацоўнічаюць. Але мы бачым, што гэты патэнцыял далёка не вычарпаны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Развязаць «вузлы супярэчнасцяў» і завязаць дзелавыя сувязі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?