Вы тут

Літаратурны прарыў, альбо ці ўсе класікі на сваіх месцах?


Кожны мастацкі твор для тэкстолага — тайнапіс. Таму невыпадкова гэта слова патрапіла на вокладку манаграфіі Валерыя Назарава, прысвечаную творчасці Андрэя Мрыя. Валерый Фадзеевіч працуе ў аддзеле тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, браў удзел у падрыхтоўцы Збораў твораў Якуба Коласа ў 20 тамах і Івана Шамякіна ў 23 тамах. Вучыўся на філалагічным факультэце БДУ і ў аспірантуры НАН, сваімі галоўнымі настаўнікамі лічыць літаратуразнаўцу Галіну Сініла, мовазнаўца Барыса Нормана, тэкстолага Тэрэзу Голуб, літаратуразнаўца і тэкстолага Міхася Мушынскага. У якасці найбольш уплывовага мрыязнаўца згадвае Пятра Васючэнку. Размова з сёлетнім лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі распачынаецца віншаваннямі і перасоўваннем стосаў кніг і газет у кабенеце аддзела тэксталогіі...


— Валерый Фадзеевіч, у НАН даследуецца творчасць класікаў, выдаюцца новыя зборы твораў. У чым значнасць гэтых праектаў для беларускага грамадства?

— Калі параўнаць беларускія дасягненні ў тэксталогіі з дасягненнямі нашых калег у суседніх краінах, атрымліваецца, што мы вельмі адстаём, бо навуковых выданняў нашай класікі не так і многа. У серыі «Беларускі кнігазбор» выходзяць аднатомнікі, якія часам маюць даволі высокі ўзровень каментавання, але здараецца, што з-за недахопу часу ці з іншых прычын увесь матэрыял належным чынам не асветлены. Аддзел тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства знаходзіцца ў больш выйгрышным становішчы, бо ў нас ёсць час на вывучэнне не толькі архіва (аўтографаў, машынапісаў, асабістых рэчаў), але і дакументаў, якія маюць дачыненне да жыцця пісьменніка, галоўных перыпетый яго біяграфіі. Гэта дазваляе асвятліць творы больш глыбока, падрабязна, з большым веданнем жыццёвых матэрыялаў. У гэтым плане нашы выданні трошкі больш змястоўныя.

...Людзі любяць глядзець мастацкія фільмы і серыялы, і не толькі каб адпачыць ад працы. Часам яны вельмі глыбока суперажываюць героям. А калі мы ведаем, што жыцці нашых класікаў былі нашмат больш цікавымі за лёс герояў кінастужак, то гэта прыўкрашвае і наша жыццё, робіць яго цікавейшым.

Напрыклад, Янка Брыль з 1940-х гадоў ведаў такую гісторыю. Калі ён працаваў у «Сцягу свабоды» — Мірскай раённай газеце, то запісваў сведчанні людзей з розных вёсак пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Адзін стары селянін расказаў, як знайшоў целы сына і ўнукаў па асабістай рэчы: ён падарыў сыну, калі той быў у партызанскай зоне, свой ножычак-складанчык, і калі прыйшоў на месца, дзе ўжывую палілі людзей, то адгарнуў самы большы асмалак чалавечага цела, убачыў пад ім свой ножык і зразумеў, што тут яго сям'я. Такім чынам, матыў пазнавання трагічнага лёсу блізкага чалавека па нейкай асабістай рэчы быў знаёмы Брылю амаль што з самага пачатку творчай біяграфіі. А на восьмым дзясятку жыцця ён атрымаў звесткі пра муштук роднага брата, які быў расстраляны сталіністамі ў Кіеве. Гэты муштук дазволіў пісьменніку больш падрабязна даведацца пра апошнія месяцы жыцця брата Валодзі. Выпадак выпадкам, але сітуацыя найцікавейшая!

— Як была напісана ваша манаграфія «Тайнапіс Андрэя Мрыя: падтэкст рэалій у творчасці пісьменніка»?

— Праца ішла складана і даволі доўга. У аддзеле была двайная планавая тэма: мы рабілі Збор твораў Якуба Коласа і пачыналі падрыхтоўку Збору твораў Івана Шамякіна. На 2011 — 2012 гады выпаў максімум нашай працы, калі за год выходзіла па шэсць — восем тамоў і аднаго, і другога пісьменніка. Тады мне стала зразумела, што Мрый — аўтар, не менш варты Збору твораў. Таму ў адносна свабодныя хвіліны, свабодныя дні цягнула займацца гэтым пісьменнікам — каб высветліць, на што ён намякаў і што зашыфраваў... Адчувалася, што яго творы маюць глыбокі падтэкст.

Узрушвае, што манаграфія атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілейны год Якуба Коласа, Янкі Купалы, стагадовы юбілей Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. Да таго ж прыемна было атрымаць узнагароду ў горадзе Полацку, дзе неаднойчы быў у юнацтве...

— Іерархія класікаў створана. У чым актуальнасць далейшых даследаванняў іх творчых набыткаў?

 — Кожны год з'яўляюцца новыя знаходкі, дакументы, адмысловыя матэрыялы. Таму працэс пазнання бесперапынны. Пра Мрыя каля 60 гадоў амаль не згадвалі ў друку, а калі напрыканцы 1980-х адбыўся прарыў забароненай раней літаратуры, стала зразумела, што не ўсе класікі на сваіх месцах. Некаторыя месцы былі пустыя да гэтага часу. Нельга сказаць, што пра класікаў мы ведаем усё. Нават калі выйшаў поўны збор твораў — гэта значыць, што сабраны ўсе матэрыялы, якія вядомыя, даступныя на дадзены момант, — усё роўна праз год-два, праз некалькі месяцаў знаходзяць дарчы надпіс, нейкі дакумент. Напрыклад, сёння да нас у аддзел заходзіла ўнучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч (дачка яго старэйшага сына Данілы), якая прынесла тэкст артыкула, апублікаванага ў 1907 годзе ў газеце «Минское Слово». Гэты тэкст, падпісаны псеўданімам Кудесник, асвятляе падрабязнасці настаўніцкага з’езду ў Мікалаеўшчыне і можа мець да Якуба Коласа самае непасрэднае дачыненне. Кожны новы матэрыял — новая рысачка да партрэта творцы. Тэкстолагі павінны падаць матэрыял належным чынам, цікава і якасна. Калі якасць працы высокая, то чытаць збор твораў будзе цікава. Увогуле ж, у многіх беларускіх аўтараў нават няма базавага навуковага выдання, у тым ліку ў Андрэя Мрыя...

— Ці плануецца гэта выданне ў НАН?

— Працаваць над Зборам твораў Мрыя было б вельмі добра, але пакуль такіх планаў няма. Гэта вялікая праца, хаця манаграфія — ужо значная частка рэальнага і гісторыка-літаратурнага каментарыя... Тым не менш павінны быць дадатковыя даследаванні, павінна быць выканана пошукавая работа, таму што раннія публікацыі гэтага пісьменніка даследаваныя не вельмі добра.

— Якія знаходкі і адкрыцці здараюцца ў тэкстолагаў?

— У нашай працы шмат неспадзяванак, часта мы самі не ведаем, як выйдзем на патрэбныя звесткі, і гэта атрымліваецца амаль выпадкова. Напрыклад, у Якуба Коласа ў вершаваным апавяданні «Першы заработак» чытаем, што маленькі хлопчык, зайшоўшы ў хату, зірнууў на абраз «таго святога, што напісан быў з ягняткам і глядзеў так строга». Які гэта святы? Мы доўга шукалі адказ. А потым выпадкова я прагледзеў па тэлебачанні перадачу пра Гентцкі алтар — там акурат ёсць гэта славутая работа: строгі святы з ягняткам — Ян Хрысціцель. Такой была заходняя традыцыя выяўлення Яна Хрысціцеля, і так мы прыйшлі да высновы, які святы быў намаляваны на адным з абразоў у сялянскай хаце.

 — Калі б вам прапанавалі 100 тысяч долараў для папулярызацыі творчасці класікаў, якія праекты вы б ініцыявалі, фінансава падтрымалі?

— Было б добра рабіць сур'ёзныя дакументальныя перадачы пра класікаў, мастацкія стужкі, экранізацыю сапраўды добрых спектакляў, якія прывабілі б гледача, чытача да творчасці пісьменнікаў. Дадатковыя сродкі добра было б выдаткаваць і на стварэнне гіпертэкставых і мультымедыйных дакументаў, якія зацікавілі б маладое пакаленне, і на навуковую дзейнасць...

Юлія ШПАКОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?