Вы тут

Свята зносін


Глядзець на мастацтва шырока расплюшчанымі вачыма прапануе галерэя «Універсітэт культуры»


Апошнім часам у Мінску з’яўляюцца новыя выставачныя пляцоўкі, якія спрабуюць захапіць і прыцягнуць наведнікаў арыгінальнымі мастацкімі праектамі. Пэўныя галерэі зацікаўліваюць інтэр’ерам, у які выйгрышна ўпісваюцца мастацкія творы, ёсць арт-пляцоўкі, якія арыентуюцца толькі на імёны-брэнды айчыннага мастацтва. Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», якой, дарэчы, сёлета спаўняецца пятнаццаць год, актыўна працуе з прадстаўнікамі розных кірункаў творчасці. За апошнія два гады галерэя набыла папулярнасць у гледача: прадстаўнікі айчыннай артсупольнасці збіраюцца тут, у цэнтры сталіцы, не толькі, каб паглядзець новую выстаўку, але і каб пагутарыць. Як атрымалася прыцягнуць аўдыторыю і чым жыве арт-пляцоўка, расказаў дырэктар галерэі Павел Сапоцька.

 — Павел Міхайлавіч, галерэя «Універсітэт культуры» за апошнія два гады стала адной з самых папулярных арт-пляцовак сталіцы. Як у вас атрымалася дасягнуць такога поспеху?

 — Любы кіраўнік, як і любы супрацоўнік установы культуры, у дадзеным выпадку галерэі, павінен шчыра любіць працу, якой займаецца. І гэта першая ўмова, дзякуючы якой ажыццяўляецца любая дзейнасць. Другая ўмова — неабходна ўсведамляць патрэбу грамадства ў праектах, праграмах, выстаўках, іншых сацыяльна-культурных мерапрыемствах, якія сапраўды запатрабаваныя, цікавыя і могуць вырашаць пэўныя задачы. Трэба ставіць мэту і ісці да яе: займацца папулярызацыяй нацыянальнай традыцыйнай беларускай культуры, трансляцыяй творчых магчымасцяў, патэнцыялу адоранай таленавітай моладзі, знаёміць з досведам вядучых дзеячаў сферы культуры і мастацтваў Беларусі.

Кожным сваім праектам мы стараемся вырашыць пэўную задачу — адкрыць новае імя, магчыма, нагадаць пра імёны забытых мастакоў, дапамагчы пераняць досвед старэйшых пакаленняў малодшым. У нас неаднаразова нараджаліся ідэі выставак, якія потым трансфармаваліся ў маштабныя праграмы. Напрыклад, праграма «Беларускія таленты ў свеце».

Трэцяя ўмова, дзякуючы якой атрымліваецца зрабіць працу больш эфектыўнай, — кіраўнік павінен усведамляць і разумець, што кожная секунда працоўнага часу, кожны квадратны метр (у нашым выпадку выставачнай прасторы) павінен прыносіць карысць і рабіць унёсак у папулярызацыю нашай вышэйшай навучальнай установы, у прапаганду беларускай культуры, развіццё культурных сувязяў. У дадзеным выпадку можна казаць пра міжкультурны дыялог, пра творчыя кантакты, якія завязваюцца на базе нашай галерэі. Для мяне вялікае шчасце, калі знаёмства гасцей прыводзіць да новых арыгінальных праектаў. І гэта таксама немалаважная функцыя галерэі. Кожнае мерапрыемства павінна ператварацца ў свята зносін. Менавіта таму мы часам выходзім за межы выставачных праектаў і стараемся практыкаваць музычна-літаратурныя вечары, прэзентацыі, творчыя сустрэчы, вечарыны памяці.

— У Мінску апошнім часам адкрываецца ўсё больш цікавых галерэй і розных арт-прастор. Наколькі адчуваецца канкурэнцыя і як яна адлюстроўваецца ў галерэйнай справе?

— Сапраўды, канкурэнцыя апошнім часам адчуваецца моцна. І змагацца з гэтым не трэба. На мой погляд, трэба альбо супрацоўнічаць, шукаць пункты ўзаемадзеяння, альбо ўлічваць фармат дзейнасці іншых галерэй, улічваць тыя практыкі, якія ўласцівыя ім, і імкнуцца шукаць свае асаблівасці. Раней у Мінску было ўсяго некалькі галерэй, цяпер жа з’явіліся галерэі-салоны, адкрытыя арт-пляцоўкі, крэатыўныя прасторы. І яны заўсёды будуць канкурыраваць, нягледзячы на тое, што супрацоўнікі і кіраўнікі могуць быць у сяброўскіх адносінах. Мне здаецца, што толькі ў канкурэнтаздольным асяроддзі нараджаецца нешта цікавае. А гамагеннасць для культуры — страшная з’ява, якой трэба пазбягаць. Хоць для Беларусі гэта з’ява, на жаль, уласціва, асабліва для рэгіёнаў, дзе бывае адзін музей, бібліятэка або галерэя. Калі ў любы беларускі горад, аграгарадок укараніць яшчэ некалькі культурных аб’ектаў, іх эфектыўнасць і разнастайнасць адназначна вырасце, прычым у разы. Таму я вельмі рады, што ў Мінску ўсё ж такі з’яўляецца жывая канкурэнцыя, прычым не толькі паміж арт-пляцоўкамі, але і самімі мастакамі. Галоўнае, каб яна была здаровая, а гэта, дарэчы, не заўсёды так.

Я хаджу на адкрыццё выставак у розныя галерэі і музеі Мінска. З аднаго боку, атрымліваю эстэтычнае задавальненне, з другога — наладжваю даследчую працу, што дапамагае структураваць і сістэматызаваць сваю дзейнасць. Гэта значыць, я бачу, хто і чым займаецца, улічваю магчымасці і нюансы іншых арганізацый і ў выніку знаходжу арыгінальныя шляхі для рэалізацыі праектаў у нашай галерэі. Галоўнае — не паўтарацца. Не трэба саромецца рабіць нестандартныя мерапрыемствы. Напрыклад, мы 22 чэрвеня праводзілі цырымонію ўзнагароджання рэспубліканскага конкурсу «Лепшы горад для бізнесу ў Беларусі». У межах мерапрыемства арганізавалі невялікую выстаўку твораў былых вязняў нацызму. Многія мэры гарадоў, кіраўнікі адміністрацый, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, падыходзілі і дзякавалі нашу каманду за магчымасць не проста атрымаць грамату і пайсці дадому, а паглядзець цікавыя мастацкія творы, адчуць унутры духоўнасць. Некаторыя з удзельнікаў таго мерапрыемства прапанавалі нам супрацоўніцтва.

— Што найбольш эфектыўна ўплывае на піяр галерэі: адкрыццё новых імёнаў альбо, наадварот, праекты, звязаныя з імёнамі знакамітых мастакоў, ці, можа, іншыя стратэгіі?

— Я за разнастайнасць і шматпрофільнасць. З пазіцыі менеджара і кіраўніка лічу, што ў цяперашніх умовах для нашай галерэі выгадна арганізоўваць працу па розных кірунках і весці некалькі ліній. Асноўная мэта, дзеля якой стваралася наша галерэя, — падтрымка творчых ініцыятыў адоранай і таленавітай моладзі (навучэнцаў, студэнтаў), правядзенне выставак у фармаце «настаўнік і вучань». Аднак калі мы абмяжуемся толькі асноўнай функцыяй, да нас ніхто не прыйдзе. Пэўны досвед ужо ёсць. Калі сёння ў нас адкрыццё выстаўкі таленавітага, але нікому не вядомага дзіцяці, заўтра — заслужанага дзеяча мастацтваў, імя якога — брэнд беларускай культуры, а паслязаўтра мы арганізоўваем літаратурны вечар, тады і зараджаецца цікавасць. Па-першае, цікавасць для нас саміх, па-другое, цікавасць для аўдыторыі: разнастайнасць захоплівае. Ну, і трэцяе (напэўна, адзін з галоўных інтарэсаў да арт-пляцоўкі) — увага сродкаў масавай інфармацыі. Ёсць закон: калі няма на мерапрыемстве СМІ, пра падзею ніхто не даведаецца і на выстаўку не прыйдзе, адпаведна, арганізацыя яе была бессэнсоўнай.

Вядома, у мяне як у дырэктара — свае прыярытэты, таму ў «рэпертуары» нашай галерэі будзе не толькі мноства мастацкіх праектаў, але і літаратурныя вечарыны, кніжныя выстаўкі, творчыя сустрэчы. Тым больш кірункі можна сумяшчаць, праводзіць нават у адзін час. Галоўнае — прыцягнуць і зачапіць гледача, паказаць яму, што менавіта ў нашай галерэі ён можа сутыкнуцца з тым, што яму блізка. Трэба вучыцца выходзіць за межы традыцыйнага і вучыцца бачыць мастацтва больш шырока.

— Ці сутыкаліся вы як малады кіраўнік з крытыкай і як змаглі за два гады даказаць, што ваша прафесійная пазіцыя правільная?

— У сферы культуры мяне не вельмі ведалі, а кожная галіна гэтай сферы досыць цяжка прымае новых людзей. Нельга сказаць, што я быў не гатовы, але на практыцы давялося складаней, чым у тэорыі. Было шмат нюансаў з мастакамі, затое лёгка ўсталёўваліся кантакты з пасольствамі, грамадскімі аб’яднаннямі. З часам я зразумеў: каб выконваць свае абавязкі якасна і зарэкамендаваць сябе, трэба вучыцца мець зносіны з арт-грамадскасцю, у якую ўваходзяць не толькі мастакі, але і куратары, мастацтвазнаўцы, калекцыянеры ды і наогул усе аматары мастацтва.

Было няпроста, але самы лепшы спосаб — не звяртаць увагу на негатыў. Калі б мы кіраваліся толькі інструкцыямі, якія датычныя працы галерэі, палова добрых праектаў не адбылася б. Я ведаю адно: згодна з правіламі жыць можна, але трэба рабіць у тры разы больш, каб дзейнасць прыносіла плён. Трэба раіцца з калектывам, які кожны дзень сутыкаецца з гэтай працай і ведае, як правільна рэалізоўваць працэс. За час працы я ўсвядоміў: нельга баяцца быць смелым і ініцыятыўным. Гэта дапамагае знаходзіць магчымасці, часам нават тыя, у рамкі якіх, здаецца, выставачная дзейнасць не падпадае. Зараз мы ўдзельнічаем у розных акцыях: у нейкіх выпадках мы партнёры, а дзесьці — арганізатары. Галоўнае — што мы ёсць у кантэксце гэтых праектаў, што фарміруе пазнавальнасць галерэі. Да прыкладу, мерапрыемства, якое прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і памяці Францыска Скарыны, якое рэалізуецца фондам Міхала Клеафаса Агінскага: тут мы не засталіся ўбаку, з’яўляемся партнёрамі і адказваем за пэўны блок працы: у Кракаве, Празе, Падуі, Фларэнцыі і Бялградзе пройдуць канцэрты і выстаўкі. Мы не пабаяліся паўдзельнічаць у тэндары і падалі заяўку з прапановамі для арганізацыі Дзён еўрапейскай спадчыны. Міністэрства культуры іх падтрымала, і пад эгідай Савета Еўропы мы сёння праводзім гэты праект.

Праца ў галерэі будуецца, як і сістэма адукацыі: ёсць навуковы і тэарэтычны падыходы, якія неабходныя, але калі б у рэчышчы адукацыйнага працэсу не было гастроляў, пленэраў, сустрэч і стажыровак, не было б і выніку.

 — Ці магчыма зарабляць грошы на галерэйнай справе?

 — Наша галерэя па заканадаўстве не можа зарабляць грошы для сябе, але дапамагае ў гэтым людзям, якія арганізоўваюць на нашай пляцоўцы праекты. Ёсць шмат прыкладаў. Першы — выстаўка гжэлі, якая адбылася ў 2016 годзе. Наведвальнікі зацікавіліся і набылі шмат твораў у аўтараў. Нашы гледачы актыўна набываюць творы дзяцей — навучэнцаў беларускай школы мастацтваў. Ёсць і іншыя прыклады дапамогі талентам: у нашай галерэі намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч убачыў творы маладой мастачкі Дзіяны Каласовіч і прапанаваў ёй зрабіць жывапісныя творы помнікаў культуры для кнігі, якую рыхтуе адно з беларускіх выдавецтваў. Былі выпадкі, калі прадстаўнікі іншых музеяў і галерэй тэлефанавалі нам і прасілі кантакты, каб выставіць працы творцаў, якія экспанаваліся на нашай пляцоўцы.

— У Дзіяны Каласовіч была першая выстаўка, пасля пра яе загаварылі ўсе навокал. Гэта выпадковасць ці сапраўды галерэя дапамагла маладой мастачцы сфарміраваць імідж? Ці былі яшчэ такія выпадкі?

— Дакладна не выпадковасць. Раней Дзіяна ўдзельнічала ў калектыўных выстаўках, дзе сярод вялікай колькасці работ, напэўна, было складана вылучыцца. Персанальная выстаўка, калі цэнтральная — асоба аўтара, — гэта свята, у выпадку з Дзіянай усё сышлося: яе талент і ўнутраная цеплыня неверагодна ўразілі гледачоў. Асабліва, калі ўлічыць той факт, што гэта быў час адпачынкаў. Але творы глядзелі і маглі стаяць каля іх гадзінамі — настолькі моцная энергетыка ў аўтара. Галерэя дапамагла Дзіяне зрабіць крок наперад.

Падобныя выпадкі былі. Напрыклад, выстаўка пясочнай графікі: майстры былі ўражаны, наколькі беларусы зацікавіліся гэтым відам мастацтва. Яны казалі, што аб’ездзілі паўсвету са сваімі творамі, але такой цікавасці да сабе не адчувалі ні разу. У гэтым выпадку мы зрабілі правільны піяр. Мы не пазіцыянавалі пясочную графіку як забаву, а паказалі яе як мастацтва, шматграннае і новае для нашай тэрыторыі.

Бывала і так, што праз праекты адкрывалася асоба куратара, а не мастака. Гледачы заўважалі, наколькі правільна выбраны падыход і канцэпцыя праекта, глядзелі на экспазіцыю, і куратар для іх станавіўся галоўным героем вечара, як, напрыклад, адбылося з мастацтвазнаўцай Аксінняй Сяліцкай.

— Ці развітая ў Беларусі галерэйнай справа, як на вашу думку?

— Мне здаецца, што ў поўнай меры яшчэ не развітая, ёсць куды рухацца. У нас заўсёды будуць добра працаваць галерэі і музеі са статусам нацыянальных альбо тыя, што знаходзяцца пад уладай універсітэтаў. Цяпер у Мінску многа галерэй-салонаў, але, як правіла, яны збіраюць сваё кола, і пра іх мала хто ведае. Справа ў тым, што галерэя ў класічным варыянце працы павінна зарабляць грошы, а ў нашых умовах гэта рабіць складана. Дастаткова ўспомніць «Дом карцін», некаторы час адну з папулярных выставачных пляцовак у Мінску, а сёння галерэя зачынена: фінансавы бок адыграў тут немалаважную ролю.

Але галерэй нашага тыпу гэта не тычыцца: мы павінны выконваць асветніцкую задачу, і таму аўдыторыя ў нас больш шырокая (не толькі дарослае пакаленне, але і дзеці). Калі ў краіне, асабліва ў сталіцы, адкрываецца новая галерэя, трэба канкрэтна разумець, для чаго яна, ці мае яе існаванне сэнс. У нас многа таленавітых людзей, культура рухаецца далей, таму і галерэйная справа будзе так ці інакш развівацца.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.