Вы тут

Мікола Трус. Нязбыўная мара Барыса Мікуліча


Творчаму чалавеку наканавана быць самотнікам — нягледзячы на ўсе магчымыя знешнія праявы камунікабельнасці, таварыскасці, грамадскай актыўнасці. Такая думка падмацоўваецца жыццём і спадчынай таленавітага пісьменніка Барыса Мікуліча (1912—1954), аўтара «Аповесці для сябе» (1946—1949), беспрэцэдэнтнага двухмоўнага твора ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, адметнага сваёй адкрытасцю, эмацыйнай і факталагічнай напоўненасцю пры абмалёўцы свайго і чужога драматычнага лёсу. Унікальны выпадак, калі аўтарская шчырасць рэпрэсаванага пісьменніка разгорнута зафіксавана і не падлягае сумненням. «Непрычасанасць» выказаных думак захоплівае і не можа не выклікаць павагу да чалавека, які выжыў насуперак усім невыносным абставінам, здолеў захаваць і развіць свой інтэлект, абуджаны хваляй нацыянальнага энтузіязму 1920-х.


Барыс Мікуліч неаднаразова і, як правіла, у падзагалоўках акцэнтаваў увагу на зваротнай скіраванасці напісанага твора да або для сябе, лакалізоўваў яго перадгісторыю сваёй біяграфіяй або жыццёвым вопытам блізкага кола людзей, асабліва ў напісаным у 1946—1948 гадах: «з аповесці майго жыцця» («Вецер на світанні»), «запіскі земляка» («Вандраванне ў той свет»), «аповесць пра маіх знаёмых» («Зялёны Луг») і інш.

Было б абсалютна памылковым і просталінейна-звадлівым пайсці фармальным шляхам і адназначна разглядаць такое акцэнтаванне ў якасці своеасаблівай тэндэнцыі звужэння пісьменніцкага мікракосму, што, зрэшты, папросту не лагічна, а часам (як у «Аповесці для сябе») абвяргаецца ў тэксце самім Б. Мікулічам: «“Павесть для себя”? Нет! Я хочу, чтоб этот “конспект” повести был для всех, чтоб они любили и ценили жизнь и чтоб не расставались с мечтой!..»

Мяркуем, такім чынам аўтар сямі кніг, беспадстаўна зняволены ў 1936-м ва ўзросце 24 гадоў, вырваны з рэчышча актыўнай грамадска-культурнай дзейнасці і кінуты ў звыродлівую сістэму гвалту і прыніжэння, магчыма, нават ненаўмысна, пасля выхаду на волю імкнуўся сканцэнтраваць, засяродзіць сваю творчую самасць-самоту, якая ў невыносных умовах дапамагла яму выжыць і захаваць свой пісьменніцкі патэнцыял — у спадзяванні напоўніцу рэалізаваць яго і спраўдзіць свае планы-мары. Гісторыя сусветнай літаратуры ведае ў нечым тыпалагічна блізкія прыклады мастацкага пісьма, якое нараджалася з уласнага драматычнага вопыту, жудасных выпрабаванняў і расчараванняў, з устаноўкай на «чытво не для ўсіх», «зразумее толькі той, хто сам перажыў» — гэта творчая практыка пісьменнікаў «страчанага пакалення», спароджанага Першай сусветнай вайной.

Маё асабістае адкрыццё Б. Мікуліча-пісьменіка было ў свой час звязана з прачытаннем яго аповесці «Развітанне» (1947), прысвечанай апошнім месяцам жыцця М. Багдановіча. Твор захапіў новымі, нечаканымі фактамі з біяграфіі класіка літаратуры. Аўтар абапіраўся на ўспаміны Змітрака Бядулі, у чыім арандаваным доме жыў пясняр чыстай красы. І такім чынам нязмушана і па-мастацку пераканаўча запачаткаваў сваю адмысловую ролю звенчака розных пісьменніцкіх пакаленняў, асабістую пачэсную місію ў справе пераемнасці нацыянальных класічных традыцый.

У розныя гады справу выдання і асэнсавання творчай спадчыны Барыса Мікуліча ажыццяўлялі С. Грахоўскі, Д. Бугаёў, М. Мушынскі, Т. Грамадчанка, В. Дэконская, Л. Савік. Але і сёння нельга сказаць, што ўсе творы пісьменніка сабраны і гатовы да сустрэчы з чытачом і даследчыкам. Вартая новага выдання і знакавая «Аповесць для сябе»: як ні дэкларавалі выдаўцы, але і ў часопісным, і ў кніжным варыянце яна выйшла з многімі купюрамі.

У свой час пра належнае захаванне спадчыны брата-пісьменніка рупілася Марыя Мікуліч, сёння такі адмысловы сваяцкі клопат працягвае Тамара Сакалова. Пра папулярызацыю творчасці Б. Мікуліча дбае Святлана Калюта, загадчыца бібліятэкі № 4 г. Бабруйска, якая цяпер носіць імя пісьменніка-земляка. Асноўная рукапісная спадчына Б. Мікуліча, дакументы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва і Інстытуце літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Твор Б. Мікуліча, да якога мы звярнуліся гэтым разам, — аповесць «Зялёны Луг», рукапіс і машынапіс якой зберагаюцца ў рукапісным фондзе бібліятэкі згаданага акадэмічнага інстытута. Адметны выдавецкі лёс гэтага твора. Аповесць была выдадзена толькі аднойчы, і адразу ў перакладзе на рускую мову Міхаіла Гарбачова. Кніга «Повести» (1960), укладзеная С. Грахоўскім, выйшла ў Маскве ў выдавецтве «Советский писатель». Сюды разам з названым творам увайшлі і некаторыя іншыя, што папярэдне ўбачылі свет на мове арыгінала. У выданні спадчыны Б. Мікуліча, наколькі нам вядома, гэта адзіны выпадак, калі спачатку з’явіўся пераклад, а справа расчыткі рукапісу і выдання аўтарскай версіі зацягнулася амаль на 60 гадоў.

Твор напісаны ў 1947 годзе ў вёсцы Церахавічы паблізу Лагойска. Тут, у хаце стрыечнага брата Вінцэся, Б. Мікулічу яшчэ да 1936 года асабліва добра працавалася.

Пісьменнік звярнуўся да тэмы адбудовы вызваленай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднайменных вёскі і калгаса «Зялёны Луг». Падзагаловак «Аповесць пра маіх знаёмых» скіроўвае на пошукі прататыпаў герояў сярод мясцовых жыхароў канца 1940-х гадоў. А паколькі многія персанажы твора адметныя сваімі пасадамі на ўзроўні калгаснага і раённага начальства, думаецца, пры выяўленні падабенстваў з рэальнымі асобамі могуць дапамагчы не толькі ўспаміны тутэйшага насельніцтва, але і важкая пісьмовая крыніца — двухкніжнае выданне «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Лагойскага раёна» (2003, 2004).

Час, калі пісаўся «Зялёны Луг», адметны ў гісторыі беларускай літаратуры. Рэпрэсіямі 1930-х была амаль поўнасцю вынішчана нацыянальная творчая інтэлігенцыі. Новая пісьменіцкая генерацыя (Мележ, Шамякін, Быкаў), што зусім нядаўна памяняла армейскія шынялі на цывільную вопратку, яшчэ толькі ўбіралася ў творчую сілу. У саюзных маштабах культурнага жыцця і яго ідэалагічных каардынатах пазначыўся відавочны пераходны перыяд: знешні вораг і ўнутраная «контррэвалюцыя» пераможаны. Усё гэта накладвала адбітак на характар вызначэння магчымых супярэчнасцей, канфліктаў у мастацкім пісьменстве новага часу.

У гэтым кантэксце, чытаючы і асэнсоўваючы «Зялёны Луг», іншыя друкаваныя і недрукаваныя творы Б. Мікуліча, разумееш іх важную гістарычную ролю ў пераемнаці прафесійнага сталення, жанравай разнастайнасці беларускай літаратуры, высокай культуры творчасці наогул.

Аповесць дэманструе пісьменніцкі почырк сталага аўтара, майстра сваёй справы. Мікуліч прафесійны ва ўсім: уступе-ўверцюры, архітэктоніцы твора, абмалёўцы персанажаў, мастацкіх дэталях. Пры чытанні гэтай аповесці і ўсёй прозы Барыса Мікуліча апошніх гадоў міжволі ўзгадваецца французскі раманіст Гюстаў Флабер (1821—1880) і яго ўласны, вынайдзены пасля шматлікіх спроб, рэцэпт скрупулёзнай працы з мастацкім тэкстам, які, думаецца, карысны і для сённяшніх творцаў: пазбавіць фразу нават налёту белаватага тлушчу, пакінуць толькі мускулы.

Твор выкананы на высокім прафесійным узроўні. Увогуле, почырк майстра не ў апошнюю чаргу пазнаецца па лёгкасці і нязмушанасці пісьма — каб не было заўважна ані хмурынкі цяжкай чалавечай долі, грамадскай несправядлівасці. У гэтым нязломнасць гуманістычных перакананняў Б. Мікуліча. Дыхтоўна зроблены тэкст аповесці ўсё ж не павінен «закалыхаць» нашу гістарычную памяць, таму, чытаючы твор, не лішне раз-пораз узгадваць моцна кантрастныя з «Зялёным Лугам», драматычныя радкі з «Аповесці для сябе», кшталту наступных: «Я видел идущие полчища паразитов — прямо на полу и то, как дивный поэт Владимир Х. тронулся и грыз их зубами».

На заканчэнне адзначым, што тэксталагічная праца была ажыццёўлена дзякуючы спрыянню кіраўніцтва Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы НАН Беларусі. Асобныя словы ўдзячнасці адрасуем Марыі Пінчук, загадчыцы бібліятэкі названага інстытута і захавальніцы яго архіўных збораў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.