Вы тут

Галоўны ідэолаг Любаншчыны — пра любоў да Бацькаўшчыны і творчыя крылы


З Любанскім раёнам нашу газету звязвае даўняе сяброўства. Усё пачалося яшчэ ў далёкім 1933 годзе, калі Янка Купала прыехаў на Любаншчыну пісаць сваю знакамітую паэму «Над ракой Арэсай» — урывак з яе ўпершыню быў надрукаваны менавіта ў «Звяздзе». У гады ж Вялікай Айчыннай вайны край балот стаў прытулкам не толькі для партызанаў. На легендарным востраве Зыслаў, які называлі «другой Масквой», працягвала выдавацца (пасля трагічных падзей у акупаваным Мінску) падпольная «Звязда».


Васіль Сцяпанавіч (злева) не толькі арганізоўвае мерапрыемствы, а і прымае ў іх самы актыўны ўдзел.

Дагэтуль тут шануюць памяць нашых папярэднікаў, а «Звязда» па праве лічыцца роднай газетай. І ў гэтым вялікая заслуга адданага падпісчыка газеты з 30-гадовым стажам, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіля КАТКАЎЦА. Сёння ён — госць «Мясцовага самакіравання».

— Васіль Сцяпанавіч, адна песня, якую неяк давялося пачуць у вашым выкананні, што называецца, зачапіла за жывое. У ёй пяецца аб тым, што ў кожнага з нас — свой Бог у душы. Вы чалавек веруючы?

— Магчыма, я не так духоўна адданы Богу, як хацелася б. Але веру ў спрадвечныя традыцыі справядлівасці, дабра, міласэрнасці, любові да бліжняга, да Бацькаўшчыны. Па характары я шчыры, талерантны беларус, які любіць сваё, шануе чужое. Гэтых прынцыпаў прытрымліваюся і на працы як кіраўнік аддзела. Хаджу і ў царкву. З задавальненнем далучаюся да многіх царкоўных абрадаў.

— Адкуль такая адданасць свайму, беларускаму?

— Відаць, усе вытокі — у той мясцовасці, дзе я нарадзіўся. А адбылося гэта ў глыбінцы беларускага Палесся, у вёсцы Тышкавічы Іванаўскага раёна. Гэта ўнікальны край, які захаваў палескую гаворку, народныя традыцыі. Нават у тыя складаныя савецкія часы мы заўсёды святкавалі Купалле, Вялікдзень, Каляды. Помню, як усёй грамадой у гонар Казанскай Божай Маці будавалі царкву. Вёска лічыць яе сваёй апякункай, бо, на думку жыхароў, менавіта гэтая ікона ў гады Вялікай Айчыннай вайны зберагла яе ад знішчэння. Замест усяго насельніцтва расстралялі 12 мірных жыхароў. За тое, што ў вёсцы забілі двух немцаў...

— Трагічны лёс не абмінуў і вашу вёску...

— Як і большасць нашых населеных пунктаў, яна была вёскай-партызанкай. Для Іванаўшчыны Тышкавічы — уласныя «людзі на балоце». Ясельда і той мост адразалі вёску і фактычна рабілі яе недаступнай для іншых. Гэта вядомыя Спораўскія балоты з аднаго боку, Мотальскія — з другога. Увогуле, гэта вёска-працаўніца. І прозвішча Каткавец там на слыху. Колішні намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Мікалаеўна з'яўляецца мне далёкай сваячкай. Жыве ў Тышкавічах унікальны фермер Таццяна Каткавец, якая вырошчвае найлепшыя цюльпаны ў Беларусі. Адзін з землякоў, гляджу, дзіду кідае: чэмпіён Еўропы сярод юніёраў. Адным словам, багатая на таленты вёска. Дарэчы, большасць мясцовых жыхароў не спяшаецца адтуль з'язджаць: імкнецца працаваць і жыць на Бацькаўшчыне. Сёння гэта аграгарадок. Там і музычная школа, і адзін з найлепшых на Іванаўшчыне Дом культуры, унікальнае возера Мульнае... А якая прырода! Заўсёды з задавальненнем сюды прыязджаю. Гэта месца, дзе я адпачываю душой.

— Ці можаце назваць сваё дзяцінства шчаслівым?

— Дзяцінства згадваецца як самы вясёлы час, у сям'і нас выхоўвалася чацвёра братоў, і мы заўсёды дапамагалі бацькам па гаспадарцы. А яна была вялікай: конь, карова, свінні, куры... Толькі так можна было выжыць у палескай вёсцы. Мае бацькі былі простымі працаўнікамі. Бацька на цэлы тыдзень з'язджаў у балота, касіў траву, а мы потым зграбалі, там жа начавалі — як у Івана Мележа, у начное хадзілі. Летам я заўсёды пасвіў кароў. І ўсю тую літаратуру, якую нам давалі на канікулы, я прачытваў на лузе. Таму мне было вельмі лёгка вучыцца. Знаходзілі час і на возера, рэчку, лес, хадзілі ў паходы. Уся прырода, якая нас акружала, давала магчымасць жыць у атмасферы вясковага асяроддзя.

— І, відаць, натхніла на творчую прафесію...

— Спалучэнне духоўнасці і народных традыцый заўсёды трымалі мяне на плаве. Мая душа ляжыць да культуры. Таму, што датычыцца прафесіі, у мяне нават сумненняў не было. Паступіў у Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча, затым была служба ў войску, пасля скончыў Мінскі інстытут культуры. Нягледзячы на чырвоны дыплом, паехаў, як той Лабановіч, падымаць культуру ў Любанскі раён. З сям'ёй, з жонкай. Ужо фактычна 35 гадоў падымаем. У 1990 годзе мне падалося, што не хапае філалагічнай адукацыі, і я паступіў у педуніверсітэт, але з творчымі крыламі жыву ўсё жыццё.

— Якой вас сустрэла Любаншчына?

— Паколькі размеркаванне ішло па сямейным прынцыпе (а я ўжо год як быў жанаты), першапачаткова мяне накіравалі на радзіму Алы Валянцінаўны — у Барысаў. Але потым думаю: навошта ехаць, так бы мовіць, да цешчы пад пяту? І тут якраз трапіў на ўсесаюзны семінар, дзе «сваталі» тых, хто можа працаваць у глыбінцы. Нас запрасілі на Любаншчыну, і мы паехалі. Цудоўны Палац культуры! Толькі што пабудаваны: новы, светлы. Нам вельмі спадабалася гэтая мясцовасць, там і засталіся. Старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Шаплыка літаральна праз паўгода даў нам кватэру. Мы вельмі арганічна ўпісаліся: я стаў мастацкім кіраўніком, жонка ўзначаліла тэатральны калектыў.

Заробак быў маленькі, але ў той час калгасы даплачвалі па 30 рублёў работнікам культуры: разумелі, што культура — тая сфера, якая стварае атмасферу. Я ніколькі не шкадую, што не застаўся ў сталіцы, у абласным цэнтры ці вялікім горадзе, хоць мая адукацыя давала такую магчымасць. Паехаў туды, куды ляцела душа. А па душы я як быў вясковы чалавек, так ім і застаўся.

— Дзякуючы вам з жонкай у Любанскім раёне з'явіўся першы ўзорны тэатр...

— Калі мы прыехалі на Любаншчыну, там не было ніводнага ўзорнага народнага калектыву. Неяк адразу вырашылі, што будзем займацца дзіцячым тэатрам. Сёлета «Летуценнікам» спаўняецца 30 гадоў. І я, як той летуценнік, жыву гэтымі ідэямі крылаў, палёту. Лічу, што трэба трывала стаяць на зямлі, але разам з тым высока лунаць у паветры, у сваіх творчых памкненнях і думках.

— Вы стаялі і ля вытокаў шматлікіх фестываляў, якія сёння з'яўляюцца візітнай карткай Любаншчыны, ды і ўвогуле Мінскага рэгіёна.

— Мы варыліся ў сваім саку, аднойчы стала сумна... У Салігорск з'ездзілі, у Мінск, Слуцк, сабралі тэатральныя калектывы і зладзілі фестываль, які назвалі «Чароўны куфэрак». Два такія фестывалі зрабілі на рэгіянальным узроўні, затым фестываль набыў статус абласнога. Прайшло іх ужо 11, удзельнічаюць тэатралы з Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны... Гэта не чыста тэатральны праект. «Чароўны куфэрак» — фестываль сяброўства.

— Вы і самі з задавальненнем раз-пораз «прымяраеце» на сабе тую ці іншую ролю. Вельмі дзіўна бачыць чыноўніка ў тэатральным вобразе...

— Што такое праца начальніка аддзела ідэалагічнай работы? Часам табе даводзіцца рабіць тое, што патрабуе пасада. У дзіцячым тэатры адкрываецца твая душа, шчырыя эмоцыі, уласнае жыццё. Не прыкрытае, натуральнае. Сёлета мы паказвалі п'есу Сяргея Кавалёва «Пясочны замак». Маленькая істота, Пясчанік, будуе пясочныя замкі. Пабудаваўшы, ён павінен сысці, але гэтым разам вырашыў даведацца, хто пасля жыве ў тых замках. І Пясчанік бачыць, што за ім ідзе зграя, якая іх разбурае. Праўда, фінал аптымістычны: Пясчанік, Вапнінка і Гліннік адраджаюць гэтыя замкі... Ідэя ў тым, што нам, нягледзячы ні на што, трэба будаваць. Няхай гэта не зразумеюць сёння, але потым абавязкова будзе творчы плён. У гэтым сэнсе тэатр дае магчымасць задумацца аб нечым вечным, дакрануцца да вытокаў, духоўнасці.

З жонкай Алай Валянцінаўнай разам і ў жыцці, і ў творчасці.

— Са сваёй жонкай, Алай Валянцінаўнай, вы сапраўды як дзве паловы аднаго цэлага. Ці ўяўлялі сабе іншую спадарожніцу жыцця?

— Яшчэ са школы я думаў, што яна... не павінна насіць акуляры. Але так сталася, што ўзяў жонку ў акулярах. Яна прыйшла да нас у інстытут культуры на трэцім курсе. Я акурат прыехаў з будатрада. Багаты чалавек! Мне трэба было набыць світар. А яна вязала. І мне настолькі спадабаўся створаны Алай світар, што яна не толькі мне яго прадала, а і прывязала да сябе. З Алай Валянцінаўнай мы ўжо 36 гадоў разам. Выхавалі сына і дачушку. Сын скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, працуе кінавідэааператарам. Дачка вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, па спецыяльнасці — культуролаг. Дзеці выраслі на сцэне, ігралі галоўныя ролі ў спектаклях, ездзілі з намі на гастролі, таму іх прафесійны выбар цалкам заканамерны.

— Ваш дом — гэта месца адпачынку?

— Дзесяць гадоў мы жылі ў аднапакаёвай кватэры на чацвёртым паверсе, а ў вёсцы так хацелася быць бліжэй да зямлі. Таму ўзяў крэдыт і пабудаваў дом. Як нафантазіравалі, так пабудавалі. Ён у нас невялічкі, але вельмі цёплы, утульны. Ёсць мансарда, пад ёй — вялікая бібліятэка. Агарод — 15 сотак. Мы не аматары сельскагаспадарчай дзейнасці, але маем градачкі, цяплічку. Жонка вельмі любіць кветкі. У нас такая традыцыя: раніцай п'ём каву ў альтанцы, абмяркоўваем планы, атрымліваем асалоду ад прыроды, надвор'я.

— Падзяліцеся сакрэтам: як сёння, займаючы кіраўнічую пасаду, не страціць сувязі з людзьмі?

— Скажу шчыра: сёння быць кіраўніком з чалавечым тварам вельмі-вельмі складана. Мяне выручае гумар. Калі ўсё ўспрымаць усур'ёз, будзе цяжка жыць. Я ўдзячны, што мяне акружаюць вельмі творчыя асобы. За 20 гадоў працы я стварыў кола паплечнікаў, якія мяне добра разумеюць. Калі мы працуем на пэўную ідэю, то робім гэта супольна. Разам мы падтрымліваем народныя традыцыі Любаншчыны, захоўваем фальклор. У нас ёсць клуб народнай кухні «Гаспадыня», дзе адраджаюць народныя традыцыі, свая хлебапякарня «Кулітка», Школа рамёстваў, дзе ўзнаўляем сем кірункаў: ад бондарства да саломапляцення.
У нас тры калектывы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мы зараз становімся ўнікальным праектам. Сёння ў раёне будуецца «Слаўкалій», і глабалізацыя можа нас паглынуць. У гэтым вірлівым хаўрусе трэба захаваць куточак сваёй Бацькаўшчыны.

Днямі Васіль Каткавец адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Калектыў рэдакцыі газеты «Звязда» зычыць Васілю Сцяпанавічу моцнага здароўя, дабрабыту, плёну, імпэту і натхнення! Няхай наша сяброўства працягваецца шмат гадоў!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота з уласнага архіва Васіля КАТКАЎЦА

Загаловак у газеце: «Мая душа ляжыць да культуры»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.