Вы тут

Для кітайскіх турыстаў мы — міфічная краіна


Сустрэць у беларускай сталіцы грамадзяніна КНР не такая і рэдкасць. Праўда, кітайцы, якіх мы бачым на вуліцах, у асноўным, прыехалі сюды па справах або на вучобу. Калі ж гаварыць пра турызм дзеля адпачынку, то такіх выпадкаў пакуль што нямнога. Аднак кіраўнікі дзвюх дзяржаў усталявалі сяброўскія адносіны, а гэта падразумявае стасункі ва ўсіх сферах.


— З падтрымкай Міністэрства спорту і турызму наша кампанія змагла выйсці на кантакт з буйной турыстычнай арганізацыяй КНР — карпарацыяй "Кітайская нацыянальная турыстычная група". Сёлета ў канцы чэрвеня мы сустрэлі 18 экспертаў нашых усходніх калег, яны праехаліся па сумесна распрацаваным маршруце праз Беларусь, каб ацаніць нашы турыстычныя магчымасці. З 5—6 прапанаваных маршрутаў быў выбраны "класічны" шлях турыста па найбольш вядомых мясцінах, — расказаў дырэктар РУП "Цэнтркурорт" Алег Міхайлаў.

Яшчэ ў студзені беларуская дэлегацыя пабывала ў Ганконгу, дзе адбыліся перамовы з кіраўніком Карпарацыі. Тады і была ўпершыню агучана праграма "10 000 кітайскіх турыстаў для Беларусі". Алег Міхайлаў лічыць, што гэта не лозунгавая фраза, а хутчэй план дзеянняў. Тым больш, што ўжо хутка можа быць прынята рашэнне аб'явіць 2018 год у адносінах Беларусі і Кітая Годам турызму. Сёння ўжо прапрацаваны тры напрамкі: вандроўка толькі па Беларусі, выезд у Беларусь і Польшчу, выезд у Беларусь і Расію.

У канцы верасня ў Мінску прызямліўся самалёт з першай групай кітайскіх турыстаў. Самаму маладому з наведвальнікаў 60 гадоў, самы пажылы мае 80 гадоў. Гэтыя людзі памятаюць часы існавання СССР, а ў Кітаі ёсць нават спецыяльнае паняцце "Чырвоны тур" — гэта падарожжы па мясцінах, звязаных з гісторыяй камуністычнай партыі. Падладжваючыся пад інтарэсы гасцей, беларускі бок уключыў у маршрут Лінію Сталіна, Брэсцкую крэпасць, а падчас экскурсіі па Мінску гід звяртае ўвагу на домік, дзе адбываўся першы з'езд РСДРП. Акрамя таго турыстам прапануецца падыхаць чыстым паветрам Белавежскай пушчы — наведвальнікамі сталі людзі з буйнога мегаполіса — і ацаніць з'яднанне ўсходняй і заходняй культурнай традыцыі на прыкладзе замка ў Міры і Нясвіжскага палаца. Тым больш, што ў Расіі такіх збудаванняў практычна нідзе не знайсці.

Як заўважае Алег Міхайлаў, кітайскі турызм моцна арыентаваны на групавое наведванне. Але апошнімі гадамі з'явілася тэндэнцыя сярод моладзі падарожнічаць у адзіночку. Юнакі і дзяўчаты больш мабільныя, лёгка прыстасоўваюцца да нязвыклых умоў і добра валодаюць англійскай мовай. Падпісанне пагаднення паміж краінамі аб 30-дзённым бязвізавым уездзе ў Беларусь павінна яшчэ больш заахвоціць гэту групу турыстаў да вандровак.

Што датычыцца людзей больш кансерватыўных поглядаў, то беларускія прадпрыемствы, турыстычныя паслугі далучаюцца да праграмы "Chіna Frіendly". Напрыклад, гасцініца "Мінск" ужо мае надпісы-ўказальнікі па-кітайску, людзі з валоданнем мовы дзяжураць на рэцэпцыі, а гасцінічнае меню мае некалькі традыцыйных кітайскіх страў. Некаторыя мінскія рэстараны з усходняй спецыфікай таксама наймаюць на работу адмыслова навучаных кухараў.

— Пры сустрэчы кітайскага турыста ёсць пэўная спецыфіка, — кажа Алег Міхайлаў, — Важна забяспечыць групы гідамі з веданнем мовы. Цяпер такіх прафесіяналаў у нас некалькі дзясяткаў, але іх колькасць трэба павялічваць. Яшчэ адзін важны складнік — арганізацыя шопінгу. Кітайцы аддаюць яму многа часу, ахвотна набываюць брэндавыя рэчы. У нас купляюць нёманскае шкло, шакалад, сухое малако, натуральныя каштоўныя камяні, абутак з Еўропы. У астатнім жа кітайцы не нашмат адрозніваюцца ад іншых турыстаў.

Лю Ян, супрацоўнік карпарацыі і кіраўнік першай групы кітайскіх турыстаў у нашу краіну прыязджаў раней як эксперт. Цяпер малады чалавек паказвае беларускія славутасці суайчыннікам.

— Учора мы знаёміліся з Мінскам. Маршрут быў арганізаваны такім чынам, што мы нікуды не спяшаліся, і маглі не толькі ўбачыць знакавыя аб'екты, але і проста пабываць у парках, любавацца відамі. На мой погляд, жыццё ў Мінску ідзе плаўна, размерана, у адрозненне ад Кітая. Тут можна проста атрымліваць асалоду ад жыцця і не спяшацца ўвесь час.

— З якіх правінцый прыехалі сюды людзі?

— Практычна 90 працэнтаў турыстаў з Пекіна. Чаму выбралі менавіта Беларусь? Па маім вопыце, грамадзяне пажылога ўзросту, як правіла, ужо пабывалі ў Еўропе, некалькі разоў выязджалі ў Расію. А паколькі цяпер адносіны Кітая і Беларусі сталі дастаткова сяброўскія, мы ўсё часцей сталі чуць пра вашу краіну. Яна ва ўсіх на слыху, але як і раней, застаецца нейкім напаўмістычным светам. Зразумела, што невядомыя маршруты выклікаюць цікаўнасць.

— Ці будзеце рэкамендаваць калегам і сябрам правесці адпачынак у Беларусі?

— Як эксперт, я збіраў інфармацыю для рэкламавання краіны ў Кітаі. Мы ўдзельнічалі ў выставах, расказвалі пра новую магчымасць адпачынку. Вельмі многа людзей пасля такіх сустрэч падыходзіла і цікавілася, якім чынам можна патрапіць у тур, ці патрэбны нейкія асаблівыя ўмовы, калі збіраецца наступная група... Такім чынам, цікаўнасць велізарная, і Беларусь ужо сёння выклікае вялікі інтарэс для кітайскіх грамадзян.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Сябе паказаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».