Вы тут

Конрад Паўлік: «Мы павінны ганарыцца, што ў нас агульная спадчына»


Дыпламатычным стасункам Беларусі з Польшчай сёлета споўнілася дваццаць пяць гадоў. За чвэрць стагоддзя ў адносінах з суседняй краінай было ўсякае: ад напружанасці да пацяплення. Але сёння можна сказаць з упэўненасцю, што нават з нашым супярэчлівым гістарычным бэкграўндам сучаснасць мы імкнёмся будаваць па законах добрасуседства і ўзаемадзеяння. Пра надзённае — агульныя праекты, інвестыцыі і «чый Адам Міцкевіч?» — мы пагаварылі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Польшчы ў Беларусі Конрадам Паўлікам.


— Спадар Пасол, адносіны паміж сучаснымі Беларуссю і Польшчай будуюцца на складаным і супярэчлівым гістарычным падмурку, што натуральна. Доўгі час палітычны дыялог паміж нашымі краінамі з розных прычын быў замарожаны, але апошнім часам актывізаваўся. На што ў гэтым дыялогу найперш робіцца стаўка?

— Апошнія паўтара года мы спрабуем нагнаць час, які мы не заўсёды былі ў стане выкарыстаць эфектыўна. Акрамя асабістых і эканамічных кантактаў, якія паміж нашымі краінамі заўсёды былі дастаткова актыўнымі, мы адбудоўваем супрацоўніцтва паміж асобнымі ведамствамі, дапрацоўваем дагаворна-прававую базу, шукаем новыя, карысныя для нашых краін праекты, такія, напрыклад, як супрацоўніцтва ў рамках кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Дынамічна развіваецца трансгранічнае супрацоўніцтва, яскравым прыкладам чаго з'яўляецца сумеснае прасоўванне маркі Аўгустоўскага канала і заахвочванне турыстаў, у тым ліку з іншых краін, да яго наведвання. Такіх праектаў нямала і можа быць яшчэ больш. Я рады, што працэс актывізацыі нашага супрацоўніцтва супаў з 25-годдзем усталявання дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Беларуссю. Польшча з'яўляецца членам Еўрапейскага саюза і НАТА, а Беларусь утварае з Расіяй Саюзную дзяржаву і з'яўляецца членам АДКБ, але мы суседзі і можам узаемадзейнічаць на прынцыпах добрасуседства ва ўсіх магчымых галінах, аб чым сведчыць дагавор, падпісаны паміж нашымі краінамі чвэрць стагоддзя таму.

— Цяпер дыялог паміж Польшчай і Беларуссю вядзецца на ўзроўні ўрадаў і парламентаў. Чаго атрымалася дасягнуць з моманту актывізацыі кантактавання?

— Мы бліжэй знаёмімся і лепш разумеем свае аргументы. Мы таксама будуем давер, заўсёды патрэбны ў дыпламатыі і асабліва паміж суседзямі. На працягу апошніх двух гадоў расце тавараабарот паміж нашымі краінамі і аб'ём польскіх інвестыцый у Беларусі. У нас увесь час ёсць значны патэнцыял для развіцця, і мы ідзём у правільным напрамку. Трэба проста далей ісці гэтай дарогай.

— Сярод краін Еўрапейскага cаюза Польшча і без таго з'яўлялася адным з нашых асноўных эканамічных партнёраў. Наколькі і за кошт чаго сітуацыя з тавараабаротам і інвеставаннем за апошнія два гады палепшылася?

— Польскія кампаніі зацікаўлены інвеставанем у Беларусі. Я маю на ўвазе як малы і сярэдні бізнес, так і сур'ёзных гульцоў. Бізнес, як і дыпламатыя, любіць цішыню, але за паўтара года маёй дыпламатычнай місіі я прымаў удзел у адкрыцці некалькіх праектаў, якімі мы можам ганарыцца і якія прыносяць карысць абедзвюм дзяржавам. У маі разам з прадстаўнікамі мясцовых улад я прымаў удзел у адкрыцці прадпрыемства кампаніі «Modern-Expo» ў Віцебску, якая займаецца вытворчасцю гандлёвага абсталявання. Гэта міжнародны гулец у згаданай галіне, які супрацоўнічае з вялікімі гандлёвымі сеткамі як на ўсходзе, так і на захадзе. Інвестыцыя ўжо зараз дае некалькі соцень месцаў працы, а плануецца яе развіццё. Нашы нацыянальныя авіялініі «ЛОТ» і «Белавія» павялічваюць колькасць рэйсаў паміж Варшавай і Мінскам, працуюць над запускам новых напрамкаў. Перад летнімі адпачынкамі на працягу некалькіх месяцаў эксперты Варшаўскай фондавай біржы праводзілі ў Мінску навучальныя курсы па рынку каштоўных папер для прадстаўнікоў некалькіх дзясяткаў устаноў і кампаній. Наша будаўнічая кампанія «UNІBEP» рэалізуе чарговы вялікі праект у Беларусі — будуе лагістычны цэнтр у Балбасаве. Магчыма, пра гэта трэба больш гаварыць, што таксама роля СМІ. У галіне інвестыцый нам патрэбны гісторыі поспеху, якія заахвоцяць чарговых інвестараў.

— Адным з далікатных момантаў у адносінах паміж нашымі краінамі называюць Саюз палякаў у Беларусі. Што сёння адбываецца ў гэтай дыскусіі?

— Сёння ў Беларусі існуюць два саюзы палякаў. Мы прытрымліваемся пазіцыі легалізацыі саюза, які прызнае Варшава. Гэта пытанне невырашана. Але я думаю, яно выклікае менш супярэчнасцяў, чым у папярэднія гады, хоць і патрабуе прыняцця смелага рашэння. Галоўнае, каб кожны чалавек польскага паходжання ў Беларусі адчуваў сябе камфортна і меў магчымасць гэта свабодна дэманстраваць і развіваць, канечне, з поўнай павагай да таго факта, што ён грамадзянін Беларусі. У нас такі ж падыход да асоб беларускай нацыянальнасці, якія жывуць у Польшчы і з'яўляюцца грамадзянамі нашай краіны.

— Большасць польскіх беларусаў жыве ў Падляскім ваяводстве — як на гэтай тэрыторыі сябе пачуваюць людзі, што хочуць вывучаць, размаўляць і чытаць на беларускай мове. Якія ўмовы стварыў польскі ўрад для таго, каб беларусы тут адчувалі сябе беларусамі?

— Мы адносімся да польскіх беларусаў як да нашага багацця і часткі спадчыны гэтых зямель. Падляшша заўсёды было шматкультурным і шматрэлігійным рэгіёнам, як і значная частка Беларусі. Польскія беларусы (зрэшты, не толькі тыя, што жывуць на Падляшшы) маюць поўную свабоду ажыццяўлення дзейнасці, звязанай з іх нацыянальнай самасвядомасцю, рэгістрацыі рознага тыпу арганізацый, яны выдаюць уласныя газеты, у іх ёсць рэгіянальнае радыё на беларускай мове і праграмы, прысвечаныя нацыянальнай меншасці, на мясцовым тэлебачанні. У іх ёсць таксама доступ да СМІ з тэрыторыі самой Беларусі, у тым ліку галоўных тэлеканалаў. Дзейнічаюць дзве сярэднія школы з паглыбленай праграмай вывучэння беларускай мовы, а таксама шмат устаноў, дзе можна вывучаць беларускую мову на пачатковым узроўні. Адкрыццё такіх класаў залежыць выключна ад ініцыя-тывы саміх вучняў і іх бацькоў. З новага навучальнага года вывучаць беларускую мову можна таксама ў Варшаве, у адной са школ і дзіцячым садку, бо з такой ініцыятывай выступілі бацькі вучняў. Ніхто не перашкаджаў, а працэдура заняла ўсяго некалькі месяцаў.

— Некалькі месяцаў таму ў СМІ з'явілася навіна пра тое, як трох маладых людзей з Беларусі збілі каля варшаўскага клуба «Макулатура» з абразамі паводле нацыянальнай прыкметы. Яшчэ адно здарэнне адбылося ў сеткавай краме, супрацоўнік якой дэманстратыўна адмовіўся абслугоўваць дзяўчыну, калі даведаўся, што яна з Беларусі. Стала вядома таксама аб актах вандалізму ў дачыненні да беларускамоўных дарожных знакаў у Падляскім ваяводстве. Вядома ж, па гэтых прыкладах нельга ацэньваць настроі грамадства ў цэлым, але як вам бачыцца гэтая сітуацыя?

— Вы слушна заўважылі, што адзінкавыя выпадкі не з'яўляюцца паказальнымі і не перадаюць настрояў грамадства. Дазвольце прывесці некалькі прыкладаў і лічбаў, якія, на мой погляд, выразна акрэсліваюць пэўную тэндэнцыю. Штогод польскія консульскія ўстановы ў Беларусі выдаюць беларусам 400 тысяч віз. Амаль 5 тысяч беларусаў вучыцца ў ВНУ Польшчы. Толькі сёлета ў Польшчы было выдадзена каля 25 тысяч дазволаў на легальнае працаўладкаванне беларусаў, а да канца года, безумоўна, іх будзе яшчэ больш. Амаль паўмільёна чалавек, якія перамяшчаюцца паміж нашымі краінамі, вядуць агульны бізнес, наладжваюць кантакты, з'яўляюцца пасламі сваіх краін па абодва бакі мяжы, але пра гэта нячаста гаворыцца, бо ўсё адбываецца зладжана. У той час як вакол кожнай складанай сітуацыі паднімаецца шуміха, яна прыцягвае ўвагу СМІ і грамадскай думкі. Некалькі дзясяткаў тысяч палякаў наведала ў гэтым годзе Беларусь у рамках бязвізавага рэжыму праз аэрапорт у Мінску і ў раёне Аўгустоўскага канала. Тое, што ў аднаго ці двух чалавек з гэтай групы прапаў кашалёк альбо яны сустрэліся не з такімі, як трэба, адносінамі, не азначае, што бязвізавы рух дрэнны, а ўсе беларусы негатыўна ставяцца да палякаў. Няправільныя паводзіны — калі такія выпадкі здараюцца — трэба асуджаць і выпраўляць, але я перакананы, што ў нашым супрацоўніцтве і кантактах станоўчае пераважае. Можа, проста трэба пра гэта больш гаварыць.

— У размове з адным нямецкім калегам давялося пачуць напаўжартаўлівую ідэю, што Беларусь і Польшча ўсталююць добрыя стасункі, калі перастануць дзяліць Адама Міцкевіча...

— Мы павінны ганарыцца тым, што нашы народы маюць такую багатую агульную спадчыну, а іх культура і гісторыя пераплятаюцца. А такія постаці, як Міцкевіч, Касцюшка, Манюшка, Агінскі, Дамейка і многія іншыя, нам пра гэта нагадваюць. Мы павінны клапаціцца пра іх спадчыну, ганарыцца ёй і паказваць іншым. Ад гэтага выйграюць абедзве краіны. Такія роды еўрапейскага маштабу, са шматвяковай гісторыяй, як Радзівілы і Сапегі, нагадваюць, што мы не з'явіліся на пустым месцы, а з'яўляемся часткай еўрапейскай спадчыны, якую мы актыўна ствараем на працягу некалькіх стагоддзяў.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.