Вы тут

Вандроўка па мясцінах, звязаных з першадрукаром


З 8-га па 18 кастрычніка мясцовы дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» з Маладзечна і Беларускі фонд культуры здзейсняць міжнародную праграму «Шляхамі Францыска Скарыны: да 500-годдзя выдання Пражскай Бібліі».


Беларуская дэлегацыя наведае Кракаў, Прагу, Падую, Фларэнцыю і Рым. У сталіцы Італіі адбудзецца кульмінацыйная падзея праекта — у базіліцы Святога Клімента ад імя беларускай грамадскасці будзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар братоў Кірылы і Мяфодзія аўтарства беларускага скульптара Валерыя Янушкевіча. Як адзначыў адзін з арганізатараў праграмы «Шляхамі Францыска Скарыны...» Пятро Краўчанка, яны звярнуліся да Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, а таксама да Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з просьбай даслаць кароткія пасланні з нагоды ўсталявання мемарыяльнай дошкі ў гонар братоў Кірылы і Мяфодзія, а таксама заклікаць мясцовых італьянскіх вернікаў прыйсці на яе адкрыццё. Краўчанка дадаў, што мітрапалітаў абодвух найбуйнейшых беларускіх канфесій будуць вельмі рады бачыць з афіцыйнымі візітамі падчас вандроўкі, з адпаведнымі запрашэннямі да іх ужо звярнуліся.

— Наша паездка будзе суправаджацца прэс-канферэнцыямі, канцэртамі, — адзначыў намеснік старшыні савета Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Мы ладзім перасоўную выстаўку, каб хоць бы невялікімі штрыхамі паказаць здабыткі нашай нацыянальнай культуры. Пастараемся прадставіць усе кніжныя выданні, прысвечаныя Скарыну, якія выйшлі ў Беларусі. Думаецца, што гэта будзе цікава тым, хто завітае на нашы імпрэзы і сустрэчы. Павязём таксама работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаныя першадрукару і мясцінам, з ім звязаным. Выставім некалькі графічных твораў, памятныя медалі, манеты. Каб паказаць, што ў Беларусі не толькі ўшанаваны першадрукар, але і добра ведаюць імёны тых творцаў, якія стваралі работы ў яго гонар.

Праект «Шляхамі Францыска Скарыны...» падтрымліваецца Міністэрствам замежных спраў Беларусі, пасольствамі Італіі, Германіі, Польшчы і Літвы. Яго прафінансавала Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі і Праграма Еўрасаюза «MОST».

Заслужаны дзеяч культуры, галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. Агінскага Рыгор Сарока, які таксама з'яўляецца каардынатарам вандроўкі, распавёў пра яшчэ аднаго слыннага беларуса, памяць пра якога ўдалося ўшанаваць належным чынам:

— Я паклаў шмат гадоў свайго жыцця дзеля ўслаўлення і вяртання памяці аб Міхале Клеафасе Агінскім на беларускую зямлю. Маладзечанскі музычны каледж імя Агінскага, музей у Залессі і Смаргонскі райвыканкамам — разам мы стварылі фонд «Паўночныя Афіны». Яго мэтай было завяршэнне аднаўлення сядзібы кампазітара. Удалося атрымаць еўрапейскі грант, да справы далучыўся наш Савет Міністраў — і ўжо можна паехаць у Залессе і пабачыць адрэстаўраваны маёнтак, куды сёння імкнецца шмат турыстаў...

Як бачым, беларуская зямля багатая на слынныя імёны. Памяць пра іх ашчадна захоўваецца. Яна і дагэтуль яскрава ўпісвае нашу культуру ў еўрапейскі кантэкст, стварае надзейную глебу для новых дасягненняў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: У еўрапейскім кантэксце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».