Вы тут

Беларусы пачалі часцей браць крэдыты на жыллё


Ужо сёмы раз сёлета зніжаецца стаўка рэфінансавання. Для ахвотных набыць кватэру гэта азначае яшчэ большае «патанненне» крэдытаў. У выніку на рынку нерухомасці колькасць здзелак з крэдытнымі сродкамі павялічваецца штомесяц. З пачатку года колькасць здзелак па куплі кватэр з прыцягненнем крэдытаў вырасла ў шэсць разоў. Якія сумы і на якія кватэры бяруцца ў пазыку ў банкаў і ці будзе расці попыт на крэдыты ў далейшым?


Крэдыты ўжо не кусаюцца

Разам са зніжэннем стаўкі рэфінансавання памяншаліся і стаўкі па крэдытах. Прычым калі стаўка рэфінансавання за няпоўныя тры кварталы бягучага года зменшылася на 5,5% (з 17% да 11,5%), то мінімальныя стаўкі па крэдытах «скінулі» 7% — з 18,5% да 11,5%. Гэта адбілася і на іх запатрабаванасці з боку пакупнікоў жылля. Так, па інфармацыі экспертаў рынку нерухомасці, цяпер кожная чацвёртая кватэра на другасным рынку купляецца за крэдытныя грошы.

Разам са зніжэннем ставак па крэдытах мы назіраем істотны рост цікавасці пакупнікоў жылля да прапаноў банкаў. «Яшчэ ў пачатку года магчымасць прыцягнення крэдыту для набыцця квадратных метраў разглядалі лічаныя нашы кліенты. А цяпер жа толькі за жнівень нашы іпатэчныя кансультанты апрацавалі больш за 600 першасных зваротаў па куплі кватэры з прыцягненнем крэдыту», — расказвае намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці Святлана Кудзелка.

Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя: калі летась узяць у доўг у банкаў рашаліся толькі неабходную вам суму цаны кватэры, то сёння многія прадугледжваюць і кошт будучага рамонту. У гэтым выпадку пакупнікі бяруць крэдыт «з запасам». Па словах эксперта, сумы крэдытавання істотна адрозніваюцца — многае залежыць ад штомесячнага заробку патэнцыйнага кліента.

Сярэдняя сума крэдыту, як на куплю кватэр другаснага рынку, так і новабудоўляў, прыкладна аднолькавая. У жніўні яна складала 55—60 тысяч рублёў, або 28—30 тысяч долараў. Мінімальныя сумы пачынаюцца ад 17,5 тысячы рублёў, або 9 тысяч долараў. Максімальныя ў канцы лета дасягалі 116 тысяч рублёў, або 60 тысяч долараў, — пры куплі кватэр другаснага рынку — і 103 тысяч рублёў, або 53 тысяч долараў, — пры куплі новабудоўляў. На другасным рынку пераважная большасць пакупнікоў з крэдытамі мінчане — іх больш за 80%. У дачыненні да сталічных новабудоўляў іншагародніх пакупнікоў больш — каля 35%.

Крэдыт як выйсце

Доля пакупнікоў з крэдытамі на другасным рынку жылля гэтай зімой складала 5%, вясной — 16%, летам — 20%, а ўжо ў верасні павялічылася да 30%. На думку Святланы Кудзелкі, пры захаванні цяперашняй эканамічнай сітуацыі запатрабаванасць крэдытаў на другасным рынку жылля будзе павялічвацца і надалей. Нават калі стаўкі па крэдытах будуць заставацца без змен.

Аналітыкі адзначаюць: дакрэдытавацца цяпер могуць сем'і з сярэднімі для Мінска заробкамі. Напрыклад, каб атрымаць суму ў 59 тысяч рублёў (каля 30 тысяч долараў), сукупны даход крэдытаатрымальніка павінен складаць 1200 рублёў у месяц. Сярэдняя выплата штомесяц пры тэрміне крэдытавання 20 гадоў складае 730 рублёў (каля 375 долараў), у той час як сярэдняя арэндная плата за «двушку» складае каля 500 рублёў (260 долараў). Толькі ў адрозненне ад арэнды пры пагашэнні крэдыту грошы не выцякаюць з сямейнага бюджэту ў нікуды, а ідуць непасрэдна на куплю кватэры.

Падрыхтавацца загадзя

На жаль, вырасла і колькасць сарваных здзелак, у якіх пакупнікі разлічвалі на крэдыт. З-за таго, што пакупнікі не заўсёды адэкватна ацэньваюць сваю плацежаздольнасць, вялікая колькасць папярэдніх дагавораў рассыпаецца, прадаўцы губляюць сродкі, час і нервы. Асабліва непрыемна, калі такія сітуацыі ўзнікаюць у ланцужках.

Да куплі кватэры ў крэдыт варта падрыхтавацца. Перш чым заключаць папярэдні дагавор і нават раней, чым вывучаць рынак з мэтай куплі, эксперты раяць кожнаму пакупніку не паленавацца і звярнуцца па кансультацыю ў некалькі банкаў не па тэлефоне, а асабіста, каб выбраць найбольш аптымальныя для сябе ўмовы крэдытавання. Трэба разумець, што ні адзін банк сёння не крэдытуе 100% кошту жылля. Неабходна мець уласныя сродкі, каля 30—40%.

Супрацоўнікі банка пралічаць даступную суму, пакажуць працэнт і тэрмін крэдытавання. Вы можаце выбраць найбольш прымальны для вас варыянт. Неабходна паклапаціцца і пра паручыцеля.

Была сітуацыя, калі банк тройчы адмаўляў у крэдыце пакупніку кватэры, бо не падыходзілі паручыцелі. Калі вы як патэнцыйны пакупнік будзеце валодаць дакладнай інфармацыяй аб сваёй плацежаздольнасці, тады прасцей будзе падбіраць адпаведную кватэру і спакойна заключаць папярэдні дагавор. Як растлумачылі спецыялісты аднаго з банкаў, якія крэдытуюць набыццё нерухомасці, часта людзі мяркуюць аб сваёй плацежаздольнасці наўгад, па крэдытным калькулятары. Банк жа пры асабістым звароце ўлічвае шмат нюансаў:

— даходы сям'і і яе штомесячныя выдаткі;

— наяўнасць непагашаных крэдытаў і крэдытную гісторыю;

— узрост крэдытаатрымальнікаў (людзям, старэйшым за 55 гадоў, некаторыя банкі адмаўляюць у крэдыце);

— бесперапыннасць стажу. Частка банкаў не дае крэдыт на падставе таго, што чалавек на працягу апошніх 6 месяцаў змяніў работу;

— даходы паручыцеляў і іх узрост (напрыклад, у паручыцелі не ўсе банкі бяруць сваякоў, старэйшых за 55 гадоў).

Практычна ўсе банкі патрабуюць двух паручыцеляў — сярэдняга ўзросту, з добрай зарплатай. А знайсці такіх няпроста. Акрамя пералічаных, у банкаў ёсць і іншыя нюансы. Так што рыэлтары не хітруюць, калі кажуць, што мае сэнс спачатку асабіста пракансультавацца ў спецыялістаў банка, а потым ужо меркаваць, на які крэдыт рэальна можна разлічваць.

Стаўкі па крэдытах на будаўніцтва і куплю нерухомасці цяпер стартуюць ад 11,5% гадавых. Такую стаўку, у прыватнасці, прапануе Беларусбанк на першыя два гады крэдытавання. Далей стаўка будзе раўняцца стаўцы рэфінансавання Нацбанка плюс 3 працэнтныя пункты (калі нічога не зменіцца, будзе 14,5%). Яшчэ некалькі банкаў крэдытуе набыццё нерухомасці пад 11—14,5% гадавых — у залежнасці ад тыпу нерухомасці.

Цэны стаяць

Што датычыцца ўзроўню цэн, то, нягледзячы на актыўнасць пакупнікоў, яны працягваюць заставацца на ранейшым узроўні і разлічваць на іх рост у найбліжэйшы час не варта. Аналітыкі тлумачаць: крэдыты выступаюць не актыватарам рынку, а хутчэй яго выратавальным кругам, які дазваляе кампенсаваць недахоп даходаў насельніцтва для набыцця кватэры, і тым самым падтрымліваць попыт на стабільным узроўні. Гэта значыць, цэны на кватэры і фінансавыя магчымасці пакупнікоў цяпер знаходзяцца ў парытэце. А выбар у пакупнікоў працягвае заставацца вельмі шырокім — практычна 7 тысяч кватэр, што для Мінска з'яўляецца высокім паказчыкам.

Сёння сярэдняя цана квадратнага метра аднапакаёвых кватэр сталіцы на другасным рынку жылля складае 1080 долараў, двухпакаёвых кватэр — 1010 долараў, трохпакаёвых — 960 долараў. Згодна з інфармацыяй здзелак, кошт стандартных аднапакаёвак будзе каля 37 тысяч долараў, двухпакаёвак — 51 тысяча, а трохпакаёвак — 65 тысяч долараў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Кожная чацвёртая кватэра — у доўг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».