Вы тут

Адбылася прамая тэлефонная лінія са старшынёй Хойніцкага райвыканкама


На мінулым тыдні ў Хойніцкім раённым выканаўчым камітэце адбылася прамая тэлефонная лінія са старшынёй Хойніцкага райвыканкама Анатолем БАНДАРЭНКАМ. За тры гадзіны да яго звярнуліся 4 чалавекі — наш карэспандэнт прасачыў за ходам зносін з грамадзянамі.


Першы званок паступіў бліжэй да канца першай гадзіны прамой лініі: мясцовы жыхар Павел К. набыў будынак у Хойніках, у якім раней выраблялі вуголле. Цяпер ён хоча правесці там святло, аднак гэта магчыма толькі праз тэрыторыю суседняга лясгаса. Праблема заключаецца ў тым, што апошні не хоча дапамагаць Паўлу. Як вырашыць праблему? Старшыня райвыканкама прапанаваў правесці сустрэчу з усімі зацікаўленымі, каб знайсці найлепшае рашэнне.

Як прызнаўся старшыня райвыканкама, менавіта  бытавыя пытанні часцей за ўсё ўзнікаюць у грамадзян. «Перыядычна да нас звяртаецца жанчына, якая скардзіцца на тое, што ў кватэры над ёй суседка гучна раскрыжоўвае костачкі, якімі корміць сваіх катоў. Але мы прымаем і такое, вядома ж, нічога без адказу не пакідаем», — сказаў Анатоль Бандарэнка.

Тое, што людзі звяртаюцца ў асноўным з жыццёвымі праблемамі, пацвердзіў наступны званок: мясцовая жыхарка Юлія В. расказала пра тое, што ў яе кватэры пачарнеў кут. Старшыня паабяцаў накіраваць да яе спецыялістаў, каб правесці экспертызу. Кватэра з'яўляецца прыватызаванай, таму найлепшае рашэнне праблемы такое: камунальныя службы ўцяпляць стыкі звонку.

— Як шмат паступае да нас зваротаў? З 1 студзеня па разнастайных прамых тэлефонных лініях — і мне, і намеснікам — мы атрымалі 72 звароты, — паведаміў Анатоль Бандарэнка пасля другога званка. — Усяго прамых ліній было 38, атрымліваецца амаль па 2 звароты на лінію. Калі мала тэлефануюць, значыць, няма праблем? Не, проста ў нас жыхары звяртаюцца ў асноўным напрамую ў неабходныя службы.

Трэці званок прыйшоўся на сярэдзіну апошняй гадзіны прамой тэлефоннай лініі. Грамадзянка Ганна У. расказала пра прарыў вады на сваім прыватным участку. Паводле яе слоў, магчыма, падтапіла калодзеж. У яе праведзена газавае ацяпленне, таму яна баіцца за захаванасць падфарбаваных камунікацый. Акрамя таго, яна папрасіла старшыню райвыканкама даслаць супрацоўнікаў дарожнай службы, каб засыпаць адну ямку. Апошняя яе просьба — прыбраць зараслі каля дома. «Вядома, з першымі двума пажаданнямі мы справімся, а вось трэцяе ўжо крыху больш складанае — гэта ж прыватны дом, гаспадары павінны самі даглядаць уласны ўчастак», — падкрэсліў Анатоль Бандарэнка. Аднак, прыняўшы пад увагу сталы ўзрост жанчыны — 84 гады, старшыня паабяцаў узяць на кантроль і трэцяе пытанне.

Чацвёрты званок паступіў літаральна праз 15 хвілін: жыхарка Хойнікаў паскардзілася на тое, што па вечарах на яе вуліцы часткова не працуе асвятленне. «Значыць, адзін ліхтар гарыць, іншы не гарыць. Зробім хутка, літаральна праз дзень усё будзе гатова», — сказаў на развітанне Анатоль Бандарэнка суразмоўніцы.

— Мне здаецца, няма такога пытання, якое немагчыма вырашыць. Усё ў нашых сілах — як бачыце, гэта жыццёвыя сітуацыі, не штосьці глабальнае. Тэлефануюць не часта, таму што нашы службы стараюцца своечасова адгукнуцца. Ды і яны ведаюць, што калі не дапамогуць, то зварот усё роўна да іх дойдзе, калі не наўпрост, то праз мяне ці намеснікаў, — адзначыў старшыня Хойніцкага райвыканкама.

Анатоль Бандарэнка запэўніў, што рэальную дапамогу атрымліваюць усе грамадзяне, якія звяртаюцца ў райвыканкам. «Узяць хаця б пошук працоўнага месца — так, нам тэлефануюць і з гэтай нагоды, — сказаў старшыня. — Звычайна мы прапануем чалавеку па 3—4 варыянты далейшага працаўладкавання. Але шмат хто адмаўляецца, хочуць высокія пасады. Але як можна стаць дырэктарам, калі нават вышэйшай адукацыі ў чалавека няма? Так і ў астатніх пытаннях — часам людзі хочуць большага, чым тое, што мы можам зрабіць».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Няма такога пытання, якое немагчыма вырашыць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».