Вы тут

Палон



Дар’я Трайдэн

нарадзілася 4 сакавіка 1995 года ў Гародні. У 2017 годзе скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Пісаць для яе — тое самае, што ісці па хісткай кладцы паміж усімі страхамі, слабасцямі і пяшчотамі свету. І гэта відаць у яе творах.


Палон

Калі б непрыгожыя цацкі маглі пісаць кнігі, мы б атрымалі шмат салодзенькіх апавяданняў пра калядныя цуды. Калі б ёлачныя іголкі маглі складаць вершы, мы б ведалі, як сумна паміраць у адзіноце. Калі б дзеці маглі распавесці, што яны бачаць у цемры шафы, мы б ніколі не майстравалі мэблю.

Дарослыя не вераць, што калісьці нарадзіўся той, каму быў неабыякавы бруд жыцця і боль душы чалавечай.

А калі вераць, дык навошта?

Паланэя — дзіця — памірала.

Гэта пачалося з канца кастрычніка: Паланэя клалася спаць удзень, чаго ніколі раней не рабіла, раніцай яе даводзілася браць на рукі і несці ў кухню, каб яна прыйшла да прытомнасці. Гледзячы кудысьці па-за маці, Паланэя сонна міргала і бязвольна расціскала бледныя вусны.

Яна спала ўсё больш і больш, нібы нешта цягнула яе ў свет умоўнасці і няпэўнасці. Тое, што спачатку трохі непакоіла бацькоў, пераўтварылася ў прадчуванне смерці Паланэі — дванаццацігадовай красуні, якая смяялася, калі сонца краналася яе твару.

Паланэя амаль не размаўляла з бацькамі. Раней яна таксама часам была задуменная і засяроджаная, гадзіны праводзіла ў маўклівым вывучэнні хатняй бібліятэкі. Але пасля дзяўчынка хацела падзяліцца тым, пра што даведалася, што думала падчас самотных кніжных вандровак. Голас Паланэі, гучны, упэўнены, шчымліва-дзіцячы, прымушаў дрыжаць сэрцы бацькі, маці і бабулі: яны ведалі, што іх дзяўчынка неверагодная, адзіная ў свеце. Толькі вось трошкі ўпартая, непаслухмяная, нецярплівая. Калі б ёй навучыцца маўчаць і чакаць…

Паланэя вельмі любіла энцыклапедыі. Ёй падабалася дасканалая сістэма іх арганізацыі: лагічна акрэсленыя раздзелы, цікавыя факты, каляровыя малюнкі. Навуковая дакладнасць і строгасць зліваліся тут з мастацкай свабодай уяўлення.

Найбольш Паланэю цікавілі драпежныя жывёлы. Вялікія і малыя, з доўгай поўсцю і не — але з моцнымі зубамі. Малая ўяўляла, як зможа прыручыць самых страшных з іх, скарыць іх пагрозлівасць і сілу. Паланэі хацелася навучыцца быць такой, як лясныя драпежнікі, — зубатай, незалежнай, але з па-воўчы верным сэрцам.

На дванаццаты дзень народзін маці прынесла Паланэі ваўка. Срэбны маленечкі кулон паказваў, як спрытна бяжыць гэты звер. Пярэднія лапы падціснуліся пад грудзі, заднія — выцягнуліся ў бок ужо прамінулага кроку. Святло таршэра грала на рысачках срэбнай поўсці, кулон гайдаўся перад тварам зачараванай падарункам Паланэі.

«Паглядзі, гэта воўк. Ён будзе вазіць цябе на спінцы, калі ты будзеш паслухмяная і добрая», — маці прыўзняла Паланэю з ложка, паставіла на падлогу і падштурхнула да вялікага люстэрка. «Зашпілі», — працягнула кулон дачцэ. Маленькі воўк заззяў на белай начной кашулі Паланэі.

Кажуць, што ваўкі — гэта не да добрага, але інфармацыя недакладная.

Аднойчы Паланэі прысніліся кросны і шум акіяна.

Паланэя сядзела ў атачэнні жанчын з чужынскаю цішаю паміж вуснаў. Белая вопратка, цяжкія акружнасці золата на шыях і прыдалоннях, аднолькава пустыя і бяспечныя твары.

«Ты павінна чакаць, бо ты жанчына», — ваўкалак (калі б гэта быў не сон, можна было б здзівіцца) падштурхнуў Паланэю да кроснаў, і адзін з тонкіх зубоў зачапіў яе скуру.

Ваўкалак, як вядома, — гэта воўк, сапсаваны чалавечымі думкамі, страхамі і прымхамі. Гэта той, хто мог бы вырасці ваўком, — годным, самадастатковым — але вырашыў жэрці кроў і палохаць.

Срэбная падвеска нагрэлася ад гарачай скуры Паланэі — палоннай ва ўласным сне. Маленькі воўк дрыжэў ад крывавага непакою яе сэрца, спрытныя лапы краналіся белай тканіны.

«Слухай, дзіця, калі ты існуеш сёння, то ты ведаеш, што гэты час твой. Ён пасуе да кожнага твайго руху, кожнай думкі. Дзякуючы табе гэты дзень светлы і шчаслівы. Дзякуючы табе заўтра можа быць цудоўным. Уставай», — маленькі воўк ляснуў зубамі.

«Я не Пенелопа, я Паланэя», — адказала Паланэя ваўкалаку і прачнулася.

Ёлка стаяла ў самым вялікім пакоі кватэры. Бацькі ўжо думалі, што Паланэя яе не ўбачыць, але дачка села за калядны стол, рагатала наступнай раніцай, чытаючы Астрыд Ліндгрэн, задавала процьму пытанняў, спяшалася вывучыць тэарэму Піфагора, хоць у школе да яе не дайшлі, — карацей, была непаслухмяная, гаваркая, нязручная, але такая прыгожая.

Калі б каляровыя ёлачныя цацкі маглі пісаць кнігі, мы б атрымалі процьму новых казак. Калі б святочны пірог мог напісаць вершы, мы б смяяліся і адчувалі, якое наваколле добрае. Калі б дзеці маглі распавесці, што ім сніцца, мы б сцераглі іх усю ноч.

Але пра гэта дзеці маўчаць — у іх таксама ёсць калядныя таямніцы.

Дар’я Трайдэн

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».