Вы тут

Гук і не паэзія. Інтэрв'ю з Анастасіяй Шпакоўскай


Гук і не паэзія

Калісьці брытанскі музыкант Роджэр Гловер казаў, што, спытай яго іншапланецяне пра тое, што ёсць вартае ўвагі на Зямлі, ён даў бы ім паслухаць рок. Калі звузіць радыус і пашукаць вартае ўвагі менавіта ў нашай краіне, то адной з самых яркіх знаходак, безумоўна, будзе гурт «Naka». Марыя Страх сустрэлася з Анастасіяй Шпакоўскай, але так і не пагутарыла пра гісторыю стварэння і творчыя планы.

— Калі параўнаць рок з іншымі жанрамі, першасным у ім з’яўляецца тэкст ці музычнае афармленне?

— Мне здаецца, што рок — адзін з тых накірункаў, дзе тэкст вяршэнствуе над музыкай. Чым каштоўны рок, чаму гэта не проста паэзія, не проста чытанне вершаў пад музыку — тым, што ў року, як ні ў якім  іншым жанры, сэнс тэксту можна дапоўніць музычным гучаннем. Мне вельмі падабаецца цяжкі гук, падабаецца кантраст гукаў. Песня можа быць лірычная і ў той жа час вельмі цяжкая паводле гучання.

Гэта мой накірунак. Я свядома хацела стварыць менавіта рок-гурт. Зараз мы працуем над чарговым альбомам  «Naka Piano» (сайд-праект, дзе песні выконваюцца акустычна). Часам знаходзяцца людзі, якія любяць менавіта акустыку. Спакойнае, ціхае, выразнае гучанне. Але я разумею, што па-іншаму разважаю ў фармаце «piano». Калі ёсць рок-гук, калі ёсць барабаны, гітара — увесь гэты драйв — мае тэксты набываюць іншае гучанне, іншы сэнс, што вельмі важна і цікава для мяне.

— Якой папулярнасці вы не жадаеце сваім песням?

— Мне б не хацелася абмяжоўваць нейкімі рамкамі сваю творчасць. Магчыма, хтосьці, паглядзеўшы рэкламу красовак, адкрые для сябе Бетховена, зацікавіцца, што за цудоўная музыка там гучыць. Калі музыка добрая і запатрабаваная — некаму без яе ніяк. Я не бачу абмежаванняў. Не магу сказаць: «Толькі не ў рэкламе лекаў». Гэта такія «закіды», што, як кругі на вадзе, разыходзяцца кудысьці далей. Гэта лепш, чым нічога.

— Што можа прымусіць вас моцна засумнявацца ў значнасці «Naki»?

— Гэта адбываецца апошнім часам вельмі часта. Нават не цяжкасці з  саставам — яны ёсць у кожнага аўтарскага праекта. Часцей я сумняваюся не ў значнасці «Naki», а ў сэнсе працягу гурта. Наша творчасць свядома не мае камерцыйнай накіраванасці. Вельмі няпроста адбываецца і чалавечы абмен: мая затрата і аддача ў адказ. Хочацца адчуваць, што гэта камусьці патрэбна. Можна ўсё перанесці ў рамкі аднаго стала, аднаго фартэпіяна, і, груба кажучы, спяваць сябрам. А для таго, каб гэта насіла маштабны характар, каб пісаць альбомы і збіраць саставы, патрэбны магутны энергетычны штуршок. Неабходна вера ў тое, што гэта трэба. Проста з гэтай верай у мяне ўзнікаюць цяжкасці.

— Калі б была магчымасць папрацаваць з выканаўцам любой эпохі, хто б гэта быў?

— Так шмат, адразу цэлы шэраг людзей. Пачынаючы з класікаў: мне, магчыма, было б цікава папрацаваць з Бетховенам. З Бахам, з Рахманінавым. Калі браць больш сучасных, адразу ўзнікае столькі імён, што зараз буду скакаць з эпохі ў эпоху. З Вярцінскім, з Высоцкім… Можна бясконца пералічваць. Неабавязкова, што гэтыя людзі будуць звязаны з музыкай. Могуць быць і пісьменнікі, мастакі, скульптары, акцёры... Вакол столькі цудоўных  людзей, якія натхняюць, што абмяжоўвацца асобнымі імёнамі, нават дзясяткам імён, вельмі складана.

— Якія ўрокі засвоіў гурт за трынаццаць гадоў існавання?

— Урокі? Насамрэч я зрабіла вельмі шмат глупстваў. У першую чаргу глупстваў, вытокі якіх — чалавечы характар. Настолькі была ахоплена сваёй ідэяй, сваім куражом, што не цаніла шматлікія моманты, не ставілася да іх беражліва, як ставілася б, мабыць, зараз. Ды і гурт, акрамя творчасці, даў мне вельмі шмат у плане чалавечага выхавання. Зрабіла шмат памылак, на якіх потым сама і вучылася.

Была больш нястрыманая, эмацыянальная, больш адчайная. Цяпер разумею: часам шчырыя, добрыя людзі побач нашмат каштоўныя падзеі, за якія, магчыма, адбудуцца ў тваім жыцці. І гэта, мабыць, галоўны ўрок. Не кажу ўжо пра колькасць канцэртаў і фестываляў — яны, безумоўна, мне, выканаўцу, вялікі вопыт. Але дзякуючы гурту, я, мне здаецца, «сфарміравалася» ў лепшы бок. Калі б не гурт, была б больш жорсткая, арыентаваная толькі на сябе. А так стала схільная да самааналізу, абавязковай ацэнкі таго, што раблю, і як на гэта рэагуюць людзі. Увогуле, цаніць якасць і простыя чалавечыя рэчы стала намнога больш. Ты ўзаемадзейнічаеш з жывымі людзьмі, і яны ад цяжкасці гуку не становяцца меней жывымі. Я вельмі рада мець гэты вопыт.

— Пабло Пікасо казаў, што мастацтва — гэта выключэнне непатрэбнага. Ад чаго варта пазбавіць сучасную беларускую музыку?

— У некаторых перакананнях я чалавек цвёрды. Я, безумоўна, не Юрый Юліянавіч Шаўчук — барацьбіт з папсой і камерцыялізацыяй, зараз мне ўжо спакойней, не як раней. Але мне вельмі не падабаецца творчая другаснасць у любых сваіх праяўленнях. Мяне цікавяць асобы, якія нясуць штосьці новае. А мы знаходзімся, на шчасце ці на жаль, на тэрыторыі, дзе пераважае другаснасць другаснага. Людзі, асабліва камерцыйна арыентаваныя, імкнуцца пераймаць тое, што ўжо і так перанята. Мяне гэта не тое што хвалюе — мне гэта проста нецікава. Здаецца, засілле гэтага танненькага занадта распаўсюджана, але так было заўсёды. Заўсёды масавае было простым, банальным. І не садзейнічала ні празмерным роздумам, ні празмерным пачуццям.

— Музычную дзейнасць вы сумяшчаеце з працай у тэатры імя Горкага. Што можна перадаць з дапамогай акцёрства, чаго нельга перадаць з дапамогай музыкі?

— Мне падабаецца разважаць на гэтую тэму. Тэатр не дае мне таго, што дае гурт. Як і гурт не дае таго, што дае тэатр. Мяне часта пытаюць, што б я выбрала: гурт ці тэатр? Я не хацела б апынуцца перад такім выбарам ні ў якім выпадку. Мне вельмі падабаецца такое выказванне: «Тэатр — гэта месца, дзе я іграю лёсы чужых людзей, а музыка — гэта тое, дзе я іграю сябе». Гэта вельмі важна.

Той свабоды, якая ёсць у мяне з гуртом «Naka», не можа быць на тэатральнай сцэне. У гурце я сама сабе рэжысёр, сама сабе сцэнарыст, сама сабе я — галоўны герой. А ў тэатры мне вельмі падабаецца пошук гэтай свабоды менавіта ў зададзеных мізансцэнах, зададзеным сцэнарыі, зададзенай ролі, зададзеным лёсе. Гэта таксама вельмі цікава. Крутая праца ўвогуле.

— Трайное «нельга» Шпакоўскай як маці-рокера-актрысы?

— Нельга і немагчыма не любіць дзяцей. Не берагчы іх і кожную секунду сэрцам не знаходзіцца з імі. Нельга непаважліва ставіцца да сваёй працы, партнёраў, да рэжысуры і ўвогуле да тэатра як свету. Нельга ставіцца да гэтага нядбайна і безадказна. А што з немажлівага ў гурце … Пачынаць выраўнівацца. Пачынаць прагінацца і рабіць тое, што не адпавядае мне. Хочацца адпаведнасці самой сабе, як гэта першапачаткова было задумана. І каб ніякія цяжкасці — ні фінансавыя, ні чалавечыя — не садзейнічалі таму, каб я падстройвалася і з-за іх мяняла сябе ў творчым плане.

Фота Кацярыны Караткевіч

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.