На выхадных у суседзяў маіх бацькоў здарылася бяда. Дзядзька Казік разам са сваёй дарослай пляменніцай паехалі на машыне ў журавіны на балота Ельня. Выехалі з дому зранку ў суботу. Ужо пачало цямнець, а іх няма. І тэлефон часова недаступны... Якія толькі думкі не лезлі ў галаву: не дай бог, праваліліся ў балотнае «вакно». Іх у Ельні, кажуць, хапае... Тым больш, на тое балота ў ягады шмат гадоў таму пайшоў адзін мясцовы мужчына ды не вярнуўся...
Але неўзабаве дзядзька Казік усё ж такі выйшаў на сувязь з жонкай. Сказаў, што заблукалі. На шчасце, у іх з сабой аказаліся запалкі. Распалілі вогнішча і ўсю ноч сядзелі грэліся, сушылі адзенне. Як толькі пачало світаць, прыняліся шукаць выйсце з балота.
У нядзелю па дарозе ў Мінск думка пра тое, як яны там, не выходзіла ў мяне з галавы. Гадзін у шэсць вечара, калі стэлефанавалася з мамай, дзядзька Казік быў ужо дома, жывы і здаровы. Кажа, што прайшлі шмат кіламетраў, пакуль выбіліся ў вёску. Праўда, не ў тую, з якой заходзілі на балота, а ў іншую. Там мясцовая бабулька накарміла ягаднікаў варанай бульбай, абагрэла, пакуль іх не забралі на машыне сваякі. На шчасце, усё абышлося.
Чаго не скажаш пра 10-гадовага Максіма, якога ўжо больш як два тыдні шукаюць у Белавежскай пушчы. На дапамогу ратавальнікам выйшлі тысячы валанцёраў. Уся краіна сочыць за пошукамі хлопчыка. Людзі моляцца, спадзяюцца на цуд. І я не выключэнне. Увесь час думаю пра Максіма. Штораз, калі заходжу ў інтэрнэт, хочацца прачытаць два словы: «Знайшлі! Жывы!»
Апошнім часам вельмі шмат думаю пра тонкую мяжу паміж жыццём і смерцю. Асабліва пасля таго, як сама стала кіраваць машынай. Раней пра страшныя здарэнні на дарозе з сумным зыходам, як правіла, чытала ў інтэрнэце. Цяпер часта даводзіцца бачыць іх на свае вочы. А нядаўна на ўласнай скуры адчула, чым пагражае вялікая хуткасць.
У той дзень — гэта быў панядзелак — зранку мы вярталіся з Віцебска ў Мінск. Мне трэба было паспець на работу, таму, каб ехаць на максімальнай хуткасці (на трасе М1 можна разганяцца да 129 км/г), за руль сеў муж. Я практычна ўсю дарогу спала. Прачнулася ад таго, што Вова кінуў мне на калені тэлефон (тэлефанавала мая маці) і тым самым на імгненне адцягнуў сваю ўвагу ад дарогі. У гэты момант машыну тузанула і яна на долю секунды апынулася на ўзбочыне (на наша шчасце, асфальтаванай і адносна шырокай, а адбойнік быў за некалькі метраў наперадзе). Муж паспеў своечасова зрэагаваць і выруліць на шашу. Зноў жа пашанцавала, што побач не было іншых машын.
...Страх (і ўсведамленне таго, што магло адбыцца) прыйшоў дзесьці праз хвіліну. У той момант мы вырашылі, што больш на такой вялікай хуткасці ездзіць не будзем, як бы ні спазняліся.
Памятаю, калі ўвечары вярталася з работы дадому, ліў дождж і дзьмуў пранізлівы вецер. Але я наўмысна не надзявала пальчаткі і не раскрывала парасон. Атрымлівала асалоду ад таго, што мае рукі мерзнуць. Што я магу адчуваць мокрыя кроплі на сваім твары.
Гэтай зімой мой знаёмы перавярнуўся на машыне разам з сынам. Іншамарка разбілася ўшчэнт. Але ні Мікіта, ні малы не пацярпелі. «Першая мая думка была: дзякуй, Божа, што ўзяў грашыма!» — расказваў ужо потым Мікіта. — У той дзень я нічога не мог змяніць. Але мог змяніць за паўгода да аварыі. ЖЫЦЬ ПА-ІНШАМУ, так, каб ехаць у той момант у іншым месцы. Бо ўсе сітуацыі ў сваім жыцці ствараем мы самі. І я разумею, што калі зараз не выкарыстаю свой шанц, не памяняю стаўленне да прыроды ды іншых людзей, то наступны раз мяне ніхто ўжо не выратуе...»
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.