Вы тут

«Культ кнігі прайшоў праз усё маё жыццё ад самага маленства»


Ён жыў у нашай сям'і, хоць бабуля была зусім непісьменная, пры патрэбе распісвалася крыжыкамі, а мама скончыла адзін клас польскай школы, але ўмела чытаць па-руску і па-славянску, бо яе бацька, мой дзед Мікіта, навучыў яе гэтаму.


У нас дома па зімовых вечарах былі калектыўныя чытанні. Чытала мама, я (навучылася чытаць у пяць гадоў), а бабуля была пастаяннай слухачкай. Яна таксама ведала шмат казак. Ляжым іншы раз на печы, а бабуля апавядае пра Баву Каралевіча, пра сястрыцу Аленку і яе братка Іванку. Мне не надакучвала слухаць гэтыя казкі многа разоў запар. Кніг у сям'і амаль не было. Час майго дзяцінства быў неспрыяльны (я з 1935 года), якраз вайна. Памятаю толькі дзедава свяшчэннае пісанне і чытанку для малодшых класаў, мамін буквар на польскай мове ды «Палескія рабінзоны». Апошнюю кнігу ахрысцілі «Мірон», бо значэння слова «рабінзоны» ніхто не ведаў. Вось і чыталі мы іх па вечарах. Лічу, што такія сямейныя чытанні вельмі карысныя, бо яны збліжаюць.

А цяпер у мяне ёсць цэлы стос кніг, падпісаных уласнаручна самімі аўтарамі, і не проста аўтарамі, а дарагімі мне людзьмі.

Кніга пакідае ў тваёй душы след, пісьменнік становіцца тваім суразмоўнікам, блізкім чалавекам. Ты выношваеш змест кнігі ў сабе яшчэ некаторы час пасля прачытання. А потым звяртаешся да асобных яе месцаў і перачытваеш, а пры перачытванні атрымліваеш не меншую асалоду, чым пасля першага чытання.

Некалькі разоў я не ўстрымалася і напісала падзяку аўтару. Страшнавата пісаць, бо лічыш пісьменніка нейкім недасягальным, а ён аказваецца простым, звычайным, нават блізкім табе чалавекам. Данута Янаўна Бічэль, можна сказаць, стала маёй сяброўкай. Праездам мы з дачкой і зяцем нават пабывалі ў яе дома. Які ж гэта чалавек! Чалавек усёабдымнай любові. Як яна бачыць наскрозь, разумее кожнага і можа падтрымаць і дапамагчы ў любы час.

Прачытала кнігу Уладзіміра Ліпскага «Жыві сёння», дзе яго вершы на кожны жыццёвы выпадак, на кожную дату, на ўсякі настрой, і напісала яму пра гэта. А ён прыслаў мне сваю кнігу «Усе мы радня» і параіў радавацца кожнаму дню зямнога раю.

Маю я кнігу «Пасланец Праметэя» пра Уладзіміра Андрэевіча Калесніка з Калеснікаўскага цэнтра пры Брэсцкім універсітэце. Гэта мой былы выкладчык у педінстытуце, які прывіў любоў да беларускай літаратуры. Тады ён даследаваў творчасць Максіма Танка.

Таксама маю цудоўную кнігу «Скідзель і яго ваколіцы». Скідзельшчына — гэта мая Радзіма, я заканчвала скідзельскую школу. Кніга напісана паводле дакументальных матэрыялаў. У кожным рэгіёне павінна быць створана такая кніга. Можа яны і ёсць у многіх.

Не скажу, што ў мяне вялікая бібліятэка, але ёсць шмат кніг, якімі даражу. Сваім дзеткам я заўсёды чытала ўголас розныя апавяданні, казкі, прасіла іх мне пачытаць, і дачка Лена, і сын Віця цэняць кнігі.

У дзяцінстве яны вельмі любілі «Дзіцячую энцыклапедыю» ў 12 тамах. Я тады яе выпісала. Не ведаю, чым яна прыцягвала іх увагу. Там жа малюнкаў асабліва не было, а яны просяць (стаялі гэтыя кнігі на верхняй паліцы кніжнай шафы): «Мама, ну дай нам «пачытаць» (чытаць яшчэ не ўмелі) «анцыю клапедыю». Я ўжо дастаю, папярэджваю, каб ашчадна глядзелі, а яны пры гэтай «анцыі» могуць прабавіць час, пакуль вячэра зварыцца.

І я вельмі задаволена, што мой праўнучак Мікітка, яму пяты гадок, любіць слухаць, калі яму чытае мама ці бабуля. Цяпер дзеці маюць шмат цікавых кніг і часопісаў. Мая дачка нядаўна купіла Мікітку кнігу «Цела чалавека». Яна ў форме азбукі, тэкст там невялікі, але кніга багатая на каляровыя ілюстрацыі, пад якімі нешматслоўныя простыя тлумачэнні. Кожны вечар яны чыталі па адным развароце кнігі, і хлопчык паўтараў, пра што напісана.

Кніга — неацэнны дар чалавеку і нішто яе не заменіць. Ні тэлевізар, ні камп'ютар. Яна была, ёсць і будзе заўжды духоўнай скарбніцай чалавека.

Вельмі добра, што ў нашай краіне кожны год і ў розных гарадах адзначаецца свята беларускага пісьменства.

Чытайце і атрымлівайце асалоду ад цікавых тэм і родных слоў. Пакуль мы будзем чытаць і разумець па-беларуску — мы будзем заставацца тымі, хто мы ёсць.

Яўгенія КУЛЕВІЧ,

в. Сялец, Смаргонскі раён

Загаловак у газеце: Культ кнігі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?