Вы тут

Працягваецца конкурс на распрацоўку талісмана ІІ Еўрапейскіх гульняў


Дзясяткі ахвотных ужо даслалі свае малюнкі ў Міністэрства інфармацыі, якое займаецца прыёмам конкурсных работ. Сярод удзельнікаў людзі рознага ўзросту і прафесій, тут гэта не галоўнае. Важна, каб прапанаваны талісман адпавядаў агульнай канцэпцыі Еўрапейскіх гульняў, быў лёгкі і зразумелы для балельшчыкаў і гледачоў, выклікаў станоўчыя асацыяцыі і адпавядаў слогану «Brіght Yеаr, Brіght уоu» («Час яскравых перамог»), быў звязаным з купальскай ноччу, а таксама вытрыманы ў адным стылі з лагатыпам Еўрагульняў, на якім намалявана папараць-кветка.


Андрэй Сымук, майстар пагрузачна-разгрузачных работ Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі, пра конкурс даведаўся з выпуску навін на тэлебачанні і вырашыў паўдзельнічаць. На яго думку, талісманам Еўрагульняў павінен быць мячык з вогненным шлейфам, які сімвалізуе дэвіз турніру.

А вось дзяўчаты — Ганна Мініна і Крысціна Ермашэвіч — непасрэдна звязаны са спортам, яны працуюць інструктарамі-метадыстамі ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы і падалі сумесную заяўку. Акрамя таго, што на спаборніцтвах у 2019 годзе яны будуць выступаць у ролі суддзяў, могуць стаць яшчэ і аўтарамі талісмана гульняў. Іх ідэя ўвасобілася ў дамавяняці, яно апранута ў вышыванку і лапці, уяўляе сабой фальклорны персанаж. Валасы талісмана размаляваныя ў колеры алімпійскіх кольцаў, але таксама яны звязаны і з гісторыяй свята Купалле. Зялёны — гэта лясы, чырвоны — вогнішча, чорны сімвалізуе цёмную купальскую ноч, блакітны — гэта рэкі і азёры Беларусі, а жоўты — колер сонца. Акрамя таго, дзяўчаты ўпэўненыя, што дамавяня блізкае да беларускага народа, яно добрае і гаспадарлівае.

Анастасія Талкачова, вучаніца адной са сталічных гімназій, зыходзячы з слогана ІІ Еўрапейскіх гульняў, вырашыла прапанаваць у талісманы двух персанажаў — агонь у нацыянальным строі па імені Агеньчык і вавёрку Іскарку. У сваім тлумачэнні да малюнкаў дзяўчына адзначыла, што агонь сімвалізуе надзею, у тым ліку і надзею спартсменаў атрымаць вынік. А вавёрачка як частка гэтага агню таксама імкнецца да перамогі.

Нагадаем, што ўзор талісмана павінен быць прадстаўлены ў электроннай форме ў выглядзе каляровага малюнка, выкананага ў любой тэхніцы (уключаючы камп'ютарную графіку). Яго неабходна суправадзіць кароткай тлумачальнай запіскай, якая раскрые творчыя ідэі аўтара, а таксама змесціць прапановы ў дачыненні да імя (наймення) талісмана.

Конкурс завершыцца 15 лістапада, яго вынікі будуць абвешчаны ў снежні. Уладальнікі першых трох прызавых месцаў атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі беларускай зборнай.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Работы з агеньчыкам

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.