Вы тут

Чым будзе здзіўляць музей Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве


Гэты двухпавярховы асабняк канца XVІІ стагоддзя — адзін з найстарэйшых будынкаў горада. На яго каванай металічнай агароджы вось ужо чацвёрты год вісіць замок — ідзе капрамонт. Але нядаўна на пашпарце аб'екта паявілася дата яго здачы — верасень 2018 года. На завяршэнне аб'екта з Фонду Прэзідэнта выдзелена больш за паўмільёна беларускіх рублёў. Карэспандэнт «Звязды» паназірала за ходам работ і разам са спецыялістамі ацаніла тыя перамены, якія адбыліся дзякуючы рэканструкцыі.


Му­зей амаль га­то­вы.

Стыльны і ўрачысты на выгляд, гэты дом ведае шмат таямніц. Дакладна вядома, што ён пэўны час належаў купцам Аношкам, а потым хто ім толькі не карыстаўся. Краязнаўцы звязваюць з ім эпахальныя падзеі, кажуць, што тут у розныя часы кватаравалі першыя асобы розных дзяржаў. Захаваліся звесткі, што пасля разгрому рускімі Рэчы Паспалітай імператрыца Кацярына ІІ і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ у маі 1780 года падпісвалі ў гэтым доме намер аб раздзеле сфер уплыву ў Польшчы і Літве. У савецкі час будынак у стылі позняга барока і ранняга класіцызму на адной з цэнтральных вуліц Магілёва многім рэзаў вока, але ж, нягледзячы на ўсё, захаваўся.

У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя яго рэканструявалі для музейных патрэб і надбудавалі трэці мансардны паверх. А ў снежні 1982 года ў ім адкрыўся музей славутага ўраджэнца Магілёўшчыны Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі. На сённяшні дзень ён з'яўляецца адным з трох філіялаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Па­куль уба­чыць му­зей ва ўсёй пры­га­жос­ці  мож­на толь­кі ў ды­зайн-пра­ек­це экс­па­зі­цыі.

Цяпер будынак перажывае сваё другое нараджэнне. Праектаваннем і рамонтам займаецца магілёўская арганізацыя «Будпраектінвест», якая мае вялікі досвед у рэканструкцыі гістарычных будынкаў. На яго рахунку аднаўленне помнікаў архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя — Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь па вуліцы Ленінскай і чыгуначны вакзал у Магілёве, палац Пацёмкіна ў Крычаве. Зараз арганізацыя паралельна працуе над палацава-паркавым комплексам у Жылічах і музеем Бялыніцкага-Бірулі.

Будаўнікі ўжо ўмацавалі нясучыя канструкцыі музея, памянялі дах, вокны, зрабілі новыя інжынерныя сеткі і шмат чаго іншага. І ўсё гэта з улікам асаблівасцяў, якія патрабуюць такога кшталту аб'екты. На іх, як вядома, лішнюю дзірку нельга зрабіць. Галоўны інжынер праекта ЗАТ «Будпраектінвест» Галіна Ратомская звяртае ўвагу на адтуліны ў сценах.

— Гэта старыя вентканалы, якія мы захавалі, — тлумачыць яна. — Перакрыцці таксама засталіся драўляныя, мы іх толькі ўмацавалі.

Другі паверх будзе цалкам прысвечаны творчасці майстра.

Зала для дзіцячай творчасці.

Рабочая абстаноўка.

Старыя сцены і сучасныя тэхналогіі — такім будзе музей пасля капрамонту. У залах з'явяцца аўтаномныя кандыцыянеры і паветраачышчальнікі, сістэма пылеўборкі, усе ноу-хау па ІP-сістэмах, сістэма клімат-кантролю.

А яшчэ будынак стане больш зручным і даступным для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Для інвалідаў-калясачнікаў, напрыклад, з'явіўся пандус, каб па ім можна было без праблем заязджаць на першы паверх. Зрабіць так, каб тыя ж калясачнікі маглі падняцца яшчэ і на другі паверх, на жаль, немагчыма. Але яны змогуць убачыць усё, што там адбываецца, праз інфакіёск.

— На сёння будаўнічыя работы па музеі зроблены на 80%, — удакладняе дырэктар ЗАТ «Будпраектінвест» Уладзімір Свінарэнка. — Нават тады, калі сродкаў не хапала, яны не прыпыняліся. Сёлета стаіць задача цалкам скончыць з будаўніцтвам і пачаць музеефікацыю. Устанавіць неабходную мэблю і абсталяванне, каб установа паўнавартасна функцыянавала.

Амаль цалкам гатовы ўжо трэці паверх. Каб падняцца на яго, трэба пераадолець некалькі пралётаў вельмі крутой старадаўняй лесвіцы. Яна — адна з галоўных славутасцяў асабняка. «Кажуць, па ёй Кацярыну Вялікую на руках насілі, — заўважае Галіна Ратомская, калі мы асцярожна падымаліся па прыступках трохвугольнай формы. — А яшчэ тут падвалы цікавыя, скляпеністай формы. Былы уладар дома гандляваў вострымі прыправамі і захоўваў іх там у вялікай колькасці. Цяпер ў падвале размесціцца гардэроб.

Да капрамонту трэці паверх выкарыстоўваўся для правядзення часовых выставак. Цяпер стратэгія цалкам памянялася. Выстаўкі будуць праходзіць на першым паверсе, а на трэцім размесцяцца рабочыя кабінеты і памяшканні для дзіцячай творчасці. Спадчыне Вітольда Каятанавіча будзе цалкам прысвечаны другі паверх. Там жа сваё месца, як і ў ранейшыя часы, зойме раяль і зноў будуць праводзіцца рамантычныя музычныя вечары.

Па гэтай лесвіцы, кажуць, Кацярыну ІІ неслі на руках.

На пашпарце аб'екта паявілася канчатковая дата яго здачы.

Пом­нік зна­ка­мі­та­му май­стру.

Будынак атрымаў не толькі новае аблічча, але і новую гаспадыню. Карэспандэнт «Звязды» адна з першых павіншавала з новым прызначэннем Святлану Строгіну, былога намесніка дырэктара абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава.

— Я задаволена тым, што тут стала так прасторна і ўсё адкрылася, — ацаніла загадчыца новае аблічча музея. — Мне падабаецца, што захаваліся аўтэнтычныя інтэр'еры першага і другога паверхаў. І тое, што крыху памянялася канцэпцыя экспазіцыі. Вітрыны, якія займалі большую частку прасторы на гэтых паверхах, знікнуць. Матэрыял ляжа ў інфакіёскі і будзе дапоўнены.

У фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца багатая творчая спадчына Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, яна збіралася на працягу многіх гадоў і была перададзена музею ўдавой мастака Аленай Аляксееўнай. У магілёўскім музеі будуць экспанавацца творы, якія характарызуюць розныя этапы дзейнасці майстра. Яго дарэвалюцыйная творчасць і паслярэвалюцыйная істотна мянялася, мела свае фарбы.

— Можна будзе паступова рабіць змену экспазіцыйных праектаў, — дзеліцца планамі Святлана Строгіна. — Плануецца творчая камандзіроўка на дачу-музей «Чайка» ва Удомльскі край, дзе жыў і працаваў Вітольд Каятанавіч. Мы пасябравалі з Аленай Цімаковай, дырэктарам дачы-музея, і збіраемся узяць матэрыял, каб прыхільнікі творчасці мастака маглі па максімуме даведацца пра ўсе этапы яго жыцця.

Пакуль цёпла, работы вядуцца на тэрыторыі ўнутранага дворыка.

Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пракапцова, як ён ацэньвае ўзровень абноўленага музея.

— Нам пашчасціла працаваць з падрадчыкам, які ўсё робіць якасна, — паведаміў ён. — Работы яшчэ шмат, але ўсё робіцца вельмі прыгожа. Налета ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё музея з удзелам гасцей самага высокага ўзроўню. Гэта будзе музей еўрапейскага тыпу. У верасні-кастрычніку мы прывязём выставу з Траццякоўскай галерэі, каб паказаць, з кім мастак вучыўся, працаваў, сябраваў. У Беларусі захоўваецца ўсяго 460 работ Бялыніцкага-Бірулі, уключаючы эцюды. Мы дадзім магчымасць наведвальнікам убачыць іх усе праз інфакіёск. Плюс дададзім тыя, што захоўваюцца ў музеях іншых краін. У тым ліку інтэр'еры дачы-музея «Чайка», дзе жыў мастак. З'ездзім туды, усё сфатаграфуем і будзем сябраваць філіяламі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Музей з інтэрактывам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.