Вы тут

Правілы догляду за мужчынскімі валасамі


Не сакрэт, што мужчыны значна радзей эксперыментуюць з прычоскай і ў большасці сваёй аддаюць перавагу простым кароткім стрыжкам. Але гэта не нагода нядбайна ставіцца да іх валасоў!

Наш кансультант, стыліст-цырульнік Алег НАВІНСКІ, запэўнівае, што шмат часу і вялікіх затрат мужчынская прычоска не запатрабуе.

Стрыжка. Мужчынам раю наведваць цырульню мінімум раз у месяц. Неахайныя пасмы, якія тырчаць у розныя бакі, не надаюць вашаму вобразу ні мужнасці, ні прыгажосці, ні ўпэўненасці ў сабе.

Калі ў вас складаная стрыжка, над якой трэба папрацаваць  пры ўкладцы, хутчэй за ўсё, вам спатрэбяцца мінімальныя сродкі для стайлінгу - лак, воск, мус. Галоўнае тут - не перабольшыць з іх прымяненнем, каб валасы не віселі тлустымі спіралямі або не набылі занадта “прылізаны” выгляд.

Трэнд

У гэтым сезоне на піку папулярнасці - кароткія валасы на скронях і патыліцы і падоўжаныя на макушцы - іх можна збіраць у хвосцік ці пучок. Гэты смелы варыянт вельмі падабаецца  моладзі.

Для мужчын, што прытрымліваюцца класічнага, дзелавога стылю,  ідэальнае рашэнне - стрыжка бокс.

Мыццё. Выбірайце шампунь ў адпаведнасці з тыпам валасоў. Калі сумняваецеся - парайцеся з цырульнікам. Тлустыя валасы варта мыць кожныя 2-3 дні, сухія – радзей. Не ўключайце занадта гарачую ваду, бо яна актывізуе працу сальных залоз.

Калі ў вас падоўжаная прычоска, раю карыстацца бальзамам або кандыцыянерам: жорсткія і сухія валасы зробяцца больш паслухмянымі і набудуць здаровы выгляд.

Расчэсванне. Самае простае, але вельмі важнае правіла па доглядзе за мужчынскімі валасамі. Не прагадайце з выбарам грабеньчыка! Глядзіце на зубчыкі – яны не павінны быць занадта частымі і дужа вострымі. Звяртайце ўвагу, з якога матэрыялу зроблены грабянец. Самы папулярны варыянт – пластмасавыя расчоскі. Яны доўга служаць, іх лёгка насіць з сабой, укінуўшы ў кішэню. З мінусаў – вашы валасы могуць электрызавацца. Такой праблемы можна пазбегнуць, калі набыць драўляны грабеньчык.

Не лішняй на палічцы ў ванным пакоі будзе і масажная шчотка – пры карыстанні “масажкай” паляпшаецца цыркуляцыя крыві ў скуры галавы.

Важна!!! Такая дробязь, як перхаць, можа сапсаваць імідж кожнага мужчыны. Прычыны з’яўлення непажаданай “госці” бываюць розныя: ад стрэсаў да няправільна падабраных шампуняў. Калі самастойна з перхаццю справіцца не ўдалося – звяртайцеся да спецыяліста. Урач знойдзе прычыну з’яўлення белых лускавінак і назначыць курс лячэння.

Сівізна, не спяшайся!

З гадамі на галаве непазбежна з’яўляюцца сівыя валасы. І калі большасць жанчын адразу бягуць за фарбай ці запісваюцца ў салон прыгажосці,  то мужчыны цяжка ўздыхаюць і адыходзяць ад люстэрка. Стоп! Праблему можна “закамуфліраваць”.

Спецыяльная салонная паслуга – камуфліраванне сівізны - распрацаваная для мужчын. Яна дазваляе прыглушыць сівізну ўсяго за 5-10 хвілін.

Камуфліраванне сівізны асвяжыць ваш вобраз і не пашкодзіць структуры валасоў. Большасць фарбаў для гэтай немудрагелістай працэдуры не ўтрымліваюць ў сабе шкоднага аміяку. У выніку лёгкай афарбоўкі шэрасць сівізны прыглушаецца, а валасы набываюць натуральнае адценне.

У рэшце рэшт, калі не хочаце эсперыментаваць - не трэба. Толькі не ўспрымайце сівізну як канец свету. Многія жанчыны сцвярджаюць, што “срэбра ў валасах” надае мужчыне імпазантнасці і мужнасці. Яшчэ адзін плюс - сівізна здаўна лічыцца прыкметай мудрасці. Навошта прыбіраць «разыначку», калі можна належным чынам яе абыграць?

Страты, якія хвалююць

Па статыстыцы, 80% мужчын сутыкаюцца з такой непрыемнасцю, як выпадзенне валасоў. Галоўныя прычыны – генэтыка, разнастайныя захворванні, стрэс. Непажаданае аблысенне лягчэй папярэдзіць, чым вылечыць.

Вось некалькі простых парад, якія дазволяць захаваць густую шавялюру:

1. Мыйце галаву цёплай вадой - гарачая траўмуе скуру і валасяныя фалікулы;

2. Старайцеся рабіць штодзённы масаж скуры галавы ( падушачкамі пальцаў ці масажнай шчоткай). Пять-дзесяць хвілін нескладаных рухаў стымулююць абменныя працэсы, і, як вынік, спрыяюць росту валасоў;

3. Выбірайце якасны шампунь у адпаведнасці з вашым тыпам валасоў. На догляд за сабой сродкаў шкадаваць не варта;

4. Прымайце вітаміны, бо іх дэфіцыт - вельмі частая прычына страты валасоў.

Калі дазваляюць час і сродкі, можаце звярнуцца ў салон, дзе вам прапануюць шматлікія працэдуры, накіраваныя на лячэнне, аднаўленне валасоў і прадухіленне іх выпадзення.  Таксама не забывайцеся пра здаровае харчаванне, піце шмат вады, добра высыпайцеся – такія простыя парады прывядуць у тонус ваш арганізм і паспрыяюць  здароваму выгляду валасоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?