26 Верасень, серада

Вы тут

Алена Турава: «Наша кіно не павінна пакідаць пачуцця безвыходнасці»


Казачная анімацыя і чароўнае дзіцячае кіно патрабуюць чароўных высілкаў і казачных сродкаў. Больш за тое — таленту. Сёння айчынны кінематограф, у тым ліку дзіцячы, пакідае шмат пытанняў — дзе беларускія сямейныя фільмы і мультфільмы? Алена Турава, рэжысёр папулярных дзіцячых фільмаў, пагадзілася развеяць міфы пра тое, хто павінен шукаць сродкі на кіно, як змянілася прафесія кінематаграфіста і чаму складана працаваць з дзецьмі-акцёрамі.


Злучэнне музыкай

— Анімацыя — кіно дзіцячае. Ці згодны вы з такім стэрэатыпам?

— Напэўна, з дзяцінства гэта і ідзе — быццам анімацыя ствараецца для дзяцей. Але анімацыя — гэта жанр, а тэма можа быць і дзіцячай, і прымітыўнай, і эпатажнай, і складанай. Мая першая анімацыйная стужка, знятая ў 25 гадоў, «Ілюзіён», была вельмі дарослай, нават філасофскай. Часам трапляеш на «Анімаёўку» ці іншыя фестывалі і заўважаеш, што анімацыйныя стужкі могуць быць вельмі дарослымі. Гэта, канешне, розныя катэгорыі: фільмы, якія складаюць у фестывальную абойму еўрапейскіх фестываляў, бываюць вельмі бязрадаснымі, дэпрэсіўнымі. Я ўпершыню зразумела гэта, калі трапіла на фестываль у Швейцарыі 15 гадоў таму — большасць стужак там былі змрочныя. Сёння я таксама адчуваю гэтую розніцу — еўрапейскае кіно больш змрочнае, нават калі там уздымаюцца добрыя тэмы. Я прытрымліваюся нашай, славянскай духоўнасці. Наша кіно можа быць і журботным, але яно не павінна пакідаць пачуцця безвыходнасці.

— Сёння папулярнасць зноў набываюць мюзіклы — можна ўспомніць хоць бы Дэміяна Шэзела з яго «Ла-Ла-Лэндам». А што незвычайнага будзе ў вашай новай рабоце?

— Мая група зараз працуе над анімацыйным мюзіклам, заснаваным на кнізе Генадзя Давыдзькі «Зоркі сёмага неба». Гэта будуць пяць частак, якія павінны аб'яднацца ў адзін фільм. Праект ужо меў некалькі ўвасабленняў — ёсць тэатральная пастаноўка, кніга, нават сцэнарый ігравога фільма — і ўсе гэтыя ўвасабленні адрозніваюцца адно ад аднаго. Мы не хочам паўтораў, таму прыдумалі канцэпцыю музычнай анімацыі — яркага маленькага шоу для людзей розных узростаў, якія любяць казку. Канешне, не будзе «наваротаў», як у Dіsnеу, але мы стараемся дадаць нейкія элементы драйву, накшталт песень, якім падпяваў бы глядач. Думаю, дарослым таксама будзе цікава паглядзець. Песні мы пішам адмыслова для фільма, выконваюць іх беларускія зоркі — Тэа, Святлана Бень, Дзядзя Ваня. У нас сапраўды зорны склад і разлік на моцныя артыстычныя галасы.

— Вы выкладаеце ў Акадэміі мастацтваў. Хутка адбудзецца выпуск рэжысёраў анімацыйнага кіно. Якія парады даяце студэнтам?

— Навучыць рэжысуры нельга — можна толькі падзяліцца досведам, распавесці пра нейкія памылкі ці дасягненні, але не зрабіць чалавека рэжысёрам. Калі ён не мае ўнутранай стрункі, значыць, у прафесіі чалавек наўрад ці рэалізуецца. Хоць сваю пазіцыю студэнтам я ўсё роўна імкнуся даносіць: кіно павінна мець адрасата. Калі фільм патрэбен толькі табе, падумай, ці трэба шукаць або выдаткоўваць чужыя сродкі — гэта вельмі дарагое задавальненне, у плане энергетыкі і часу — вельмі карпатлівая праца. Таму, калі ствараецца анімацыя, рэжысёр павінен «прыцэньвацца», для каго гэтае кіно, а людзям патрэбна надзея ў кінематографе, каб фільм пакідаў веру ў нешта добрае. Я магу прыгадаць шмат таленавітых фільмаў, якія расказваюць пра жорсткія тэмы, але пакідаюць прамень надзеі. Адзін з маіх любімых фільмаў Томаса Янга «Дастукацца да нябёсаў». Ён хоць і пра людзей, якім засталося жыць вельмі мала, але наскрозь пранізаны святлом. У мяне ёсць пачуццё, што некаторым стужкам менавіта гэтага святла і не хапае.

«Рыжык у Залюстроўі», 2010 г.

Прыярытэты кінематаграфіста

— Якія галоўныя змяненні ў працы кінематаграфістаў за апошні час?

— Праца творцаў у сацыяльнай сферы змянілася. Раней творчыя прафесіі былі элітныя і ў фінансавым плане, і па статусе. Затое засталося асноўнае пытанне, якое павінен задаваць сабе рэжысёр: «Гэта зрабіць нельга. А як можна?» З гэтым пытаннем заўсёды сутыкаешся, асабліва на ігравой пляцоўцы. У мяне такое было, калі запускаўся фільм «Кіндэрвілейскі прывід». Была заяўлена вельмі багатая першая сцэна, а сродкаў на яе не хапала. Таму трэба было замяніць сцэну, але замяніць на штосьці такое ж моцнае — мы прыдумалі замену за тыдзень. Няма рашэння — няма фільма. Я ўпэўнена, што рэжысёрскі талент — гэта 1%, усё астатняе — арганізацыйныя здольнасці, нервы. Такія ж праблемы датычацца і іншых прадстаўнікоў кінематаграфічнай прафесіі.

— Многія рэжысёры адзначаюць, што пошук грошай для іх прафесіі — натуральная з'ява. Ці так гэта?

— Пошук грошай — гэта не праблема рэжысёра, так не павінна быць. Гэта пытанне прадзюсарскае. Для мяне вялізная загадка, як прадаваўся мой «Рыжык у Залюстроўі», бо рэальна я яго сустракала і ў сеціве, і на розных каналах.Я ведаю толькі, што з інстытутам прадзюсарства ў нас вялікія праблемы — быццам нашы стужкі нікому не патрэбныя, але рэжысёры бачаць, што іх фільмы цікавыя публіцы. Прадзюсарства — таксама палка з двума канцамі, бо нярэдка кінематаграфісту даводзіцца цалкам падпарадкавацца прадзюсару. Адна справа, калі гэта сапраўды дасведчаны чалавек, які добра ведае аўдыторыю, мае кінагуст ці кінаадукацыю, а яшчэ і моцную інтуіцыю, і камерцыйную жылку... Але дзе знайсці такіх прафесійных людзей?

Дзіва для дзяцей

— Як вы прыйшлі ў дзіцячае кіно?

— Я адчуваю, што гэта сфера, дзе я магу нешта сказаць. Я вельмі люблю гэты жанр і заўсёды гляджу ўсё новае, што з'яўляецца на экранах. Здарылася так, што мне прапанавалі зняць кіно пра тое, што робіць Дзед Мароз летам. Я пагадзілася, распрацавала ідэю. Дарэчы, яе «пазычылі» маскоўскія прадзюсары, толькі крыху перапрацавалі, але я аб гэтым не ведала. Але калі я пачала здымаць гэтае кіно, зразумела, што на кінастудыі не хапае магчымасцяў ажыццяўляць задуманае. Мы вырашылі зрабіць некаторых персанажаў маляванымі, бо я ўспомніла пра стужку Земекіса «Хто падставіў труса Роджэра?». Усё атрымлівалася, але мы многага не ўмелі — не ведалі, што такое храмакей, не ўмелі карыстацца графікай. Гэтае кіно атрымалася, можна сказаць, лікбезам для ўсіх супрацоўнікаў студыі — мы вучыліся ўсяму на пляцоўцы, і ў выніку менавіта дзякуючы гэтай стужцы кінастудыя выйшла на новы тэхнічны ўзровень.

— Наколькі перспектыўнае дзіцячае кіно ў нашай краіне сёння?

— Лічу, што дзіцячае кіно — вельмі перспектыўны жанр і больш чым запатрабаваны! Але я назвала бы гэта сямейным кіно, якое выпускаецца большасцю студый па ўсім свеце, настолькі яно папулярнае. Калі адкрыць праграму таго, што паказваюць у нашых кінатэатрах, больш за 70% — гэта сямейнае кіно. У нас чамусьці гэты жанр амаль не запускаецца — не таму, што няма каму такія фільмы ствараць, бо людзей, якія пагадзіліся б здымаць, дастаткова. Некалькі гадоў таму я сама спрабавала запусціцца з такім праектам, але не знайшла зацікаўленасці ў ім. Хоць я думаю, што сямейныя фільмы вельмі камерцыйна паспяховыя. Як глядач, я дакладна сказала б, што на такое кіно ходзяць — я і сама хаджу на яго ў кінатэатры. Я ўсё ж за тое, што трэба шукаць прарока ў сваёй Айчыне — калі ў нас ёсць нядрэнныя ігравыя фільмы, чаму б не прарэкламаваць іх? Нават на невялікія сродкі можна зацікавіць гледача ненавязлівай рэкламай. Наш глядач не ведае, што здымаецца ў Беларусі, адсюль і здзіўленне накшталт: «А кінастудыя яшчэ працуе?!» Вельмі крыўдна чуць: маўляў, што былі часы, калі Нячаеў здымаў добрае кіно, а цяпер нічога не адбываецца. Насамрэч на кінастудыі былі паспяховыя фільмы, нават мае — я дагэтуль атрымліваю ўдзячныя водгукі. І добра, што яны ёсць, бо рэжысёру патрэбна адчуванне, што ён працуе для кагосьці.

«Кіндэрвілейскі прывід», 2014 г.

— У анімацыйным кіно вы не праводзіце кастынгі акцёраў, але сутыкнуліся з гэтым на ігравой пляцоўцы. З дзецьмі-акцёрамі складана працаваць?

— Канешне, анімацыйнае і дзіцячае кіно адрозніваюцца не толькі жанрава, але і сутнасна. У анімацыі ўсё робіцца рукамі, патрэбны майстры, але калі яны ёсць — намаляваць можна ўсё, у ігравым кіно праблем нашмат больш — і асвятленне, і бюджэт, і акцёры. Я працавала амаль з усім узроставым спектрам акцёраў — пачынаючы ад немаўлят і да ўжо дарослых. Былі дзеці, якія выдатна ігралі — ведалі словы назубок, заўсёды слухалі парады; былі хуліганы, якія так баяліся здымачнай пляцоўкі, што станавіліся цішэй вады. Кожнае дзіця — асаблівае, таму трэба шукаць адмысловыя падыходы. У «Кіндэрвілейскім прывідзе» ў мяне здымаўся маленькі акцёр, якому было тры гады. Гэта самы складаны ўзрост, бо дзеці быццам бы і чуюць, што ім кажаш, але робяць па-свойму, таму бессэнсоўна нават праводзіць кастынгі. У рабоце з нашым маленькім акцёрам дапамагалі толькі цукеркі ды шакаладкі — без усялякіх жартаў, мне прыйшлося карыстацца прыёмамі дрэсуры: прывязвала шакаладку да лёскі, каб хлопчык зрабіў так, як трэба было для фільма. Пасля нам рабілі кампліменты наконт таго, як таленавіта іграе наш акцёр, а насамрэч гэта было вялікім выпрабаваннем. Тады я яшчэ раз упэўнілася ў тым, што рэжысёрскія задачы вырашаць трэба любой цаной.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.