Вы тут

Насарог — другая па памерах наземная жывёла пасля слана


Гэты жыхар Афрыкі воляй і няволяй выклікае страх і павагу адным сваім выглядам. Бо цела насарога — ідэальная канструкцыя, якая ўдасканальвалася пад умовы навакольнага асяроддзя больш за 50 мільёнаў гадоў.


Насарог — другая па памерах наземная жывёла пасля слана. Даўжыня яго цела дасягае 5 метраў, вышыня — 1—2, а маса — 2—4 тон. Ён мае тоўстую скуру, а на галаве 1—2 рогі, часам іх можа быць 3—5 (у чорнага насарога). Працягласць жыцця насарогаў складае каля 50—60 гадоў.

Цяпер на Зямлі засталося пяць відаў насарогаў: індыйскі, яванскі і суматранскі — у Азіі, чорны і белы — у Афрыцы. Усе віды знаходзяцца пад пагрозай знікнення і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Назвы «белы» і «чорны» зусім не азначаюць рэальны колер. «Белы» (па-англійску «whіtе») — гэта ўсяго толькі няправільнае разуменне афрыканскага слова «wеіt», што ў перакладзе азначае «шырокі» і апісвае рот гэтага насарога. Іншы від назвалі «чорным», каб неяк адрозніваць яго ад белага, або, магчыма, з-за таго, што гэты насарог любіць валяцца ў гразі, каб абараніць сваю скуру ад шкоднікаў. У азіяцкіх насарогаў скура ўтварае глыбокія зморшчыны, таму здаецца, быццам жывёла апранута ў панцыр, які складаецца з асобных пласцін. Суматранскіх насарогаў часам называюць валасатымі, таму што ў іх маецца доўгая кудлатая поўсць, тады як астатнія прадстаўнікі сямейства лысыя. Гэты від — апошні, што захаваўся з відаў шарсцістых насарогаў, якія насялялі планету прыкладна ад 350 да 10 тысяч гадоў таму.

Хоць рог і зрабіў насарога знакамітым, ён ледзь не стаў прычынай яго поўнага вымірання. Яшчэ ў старажытнасці людзі верылі, што рог валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі, прыносіць поспех і нават даруе бессмяротнасць. Таксама яго выкарыстоўвалі для вырабу каштоўнасцяў і ў медыцыне, асабліва кітайскай. Цяпер, дзякуючы ахоўным мерапрыемствам, у запаведніках Азіі і Афрыкі папуляцыі насарогаў сталі расці. Рог насарога вельмі моцны, але складаецца ён не з косці, а з бялку кераціну (рэчыва, якое ёсць у пазногцях і валасах чалавека) і вонкавага пласта валасоў. Самы доўгі рог індыйскага насарога меў даўжыню 60 см, а ў белага — 1,58 м.

Насарогі вядуць пераважна начны лад жыцця і харчуюцца толькі раслінамі. Каб наесціся, жывёле за суткі трэба не менш за 70 кілаграмаў расліннасці. У іх вельмі добра развіты слых і нюх, але бачаць яны дрэнна. Таму, каб добра арыентавацца на мясцовасці і выпадкова не забегчы на чужую тэрыторыю, насарогі пакідаюць пахкія знакі (гной) на межах уладанняў. У хуткасці перамяшчэння чорны афрыканскі насарог не саступае каню і можа за некалькі секунд развіваць хуткасць каля 50 км/г, змятаючы ўсё на сваім шляху.

А ў 70—80-я ХХ стагоддзя для абароны папуляцый індыйскага насарога ў індыйскім нацыянальным парку Казіранга было дазволена страляць на паражэнне ў любога ўзброенага чалавека, які не з'яўляўся супрацоўнікам парка.

Загаловак у газеце: Яго зброя — яго праклён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».