Вы тут

Шлагбаумы на выездзе


Або як трапіць на кальцавую дарогу.

Дзевяць чалавек звярнуліся па дапамогу да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі падчас асабістага прыёму ў Валожынскім раёне. Людзей хвалявалі самыя розныя тэмы: льготнага крэдытавання жылля, уладкавання вуліц, водаправода, атрымання кампенсацыі за згарэлы жылы дом. Два фермеры паскардзіліся, што сельгаспрадпрыемствы не разлічыліся з імі за пастаўленую прадукцыю. Наконт апошняга ў Анатоля Ісачанкі сваё меркаванне: суб'ектам гаспадарання неабходна самім дамаўляцца, улада не павінна ўмешвацца ў іх узаемаадносіны.


Іосіф Іванавіч узначальвае сялянска-фермерскую гаспадарку. Ён звярнуўся да губернатара з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні дадатковых зямельных плошчаў.

— У мяне 690 гектараў ворыўных зямель, але іх недастаткова для захавання севазвароту, — абгрунтаваў ён сваю просьбу. — Сёлета невялікімі плошчамі са згоды райвыканкама абмяняўся з сельгаспрадпрыемствам «Пяршаі-2003». Свой участак, дзе вырошчваў бульбу, аддаў пад збожжавыя. А на калгасным полі пасадзіў бульбу.

Фермер хацеў бы ўзяць дадатковыя гектары ў ААТ «Тарасава», якія мяжуюць з яго гаспадаркай і прыдатныя для вырошчвання гародніны. У «Пяршаях», дзе яму прапаноўваюць надзел, камяністая глеба, што патрабуе на яе апрацоўку дадатковых выдаткаў.

Генеральны дырэктар ААТ «Тарасава» растлумачыў, што не можа задаволіць просьбу фермера. У гаспадарцы 8 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 24 тыс. свіней. Іх неабходна забяспечваць якаснымі кармамі, фуражным зернем.

«Паступім наступным чынам: даручу спецыялістам вывучыць сітуацыю наконт шчыльнасці жывёлы. Калі гэтай зямлі дастаткова, ёсць лішкі, то будзем думаць, як дапамагчы фермерскай гаспадарцы. Вядома, з улікам меркавання ўладальнікаў», — канстатаваў губернатар.

Абмен зямлі з улікам севазвароту кіраўнік цэнтральнага рэгіёна лічыць нармальным варыянтам, які павінен задаволіць абодва бакі. «Галоўнае, каб была агульная дамоўленасць і былі аформлены дагаворныя абавязацельствы», — падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

Сяргей Дзмітрыевіч наракаў на тое, што нельга напрамкі выехаць на кальцавую дарогу Мінск — Гродна: члены садаводчага таварыства «Аір» загарадзілі выезд шлагбаумамі. Даводзіцца рабіць крук у дзевяць кіламетраў.

Дачнікі з «Аіра» лічаць, што гэтая дарога знаходзіцца на іх тэрыторыі і яны маюць права ёй распараджацца. У той жа час суседзі сцвярджаюць адваротнае: гадоў дваццаць ёй карысталіся ўсе таварыствы. Але, як аказалася, пытанне мае падводныя камяні. У 2016 годзе, калі ўвялі другое кальцо аб'язной трасы, на агульным сходзе члены таварыства «Аір» прапанавалі сваім суседзям скінуцца і за асабістыя грошы, талакой, уладкаваць дарогу, якая вядзе на шашу. Але ўсе адмовіліся. І тады «аіраўцы» ўзялі дазвол у Валожынскім райвыканкаме для ўсталявання шлагбауму.

Анатоль Ісачанка даручыў спецыялістам высветліць, па чыёй тэрыторыі пралягае шлях, і ўстанавіць мяжу. «Калі дарога належыць «Аіру», дамаўляецеся з ім. Калі не, то, зноў жа, трэба дамаўляцца і ўдзельнічаць ва ўладкаванні праезду», — параіў губернатар.

Былі і іншыя пытанні, якія разглядаліся з удзелам старшыні Мінаблвыканкама.

Напрыканцы прыёму Анатоль Ісачанка, адказваючы на пытанні журналістаў, канстатаваў: «Пытанні, якія сёння ўзніклі, часткова павінна вырашаць мясцовая ўлада. Гэта іх кампетэнцыя. Сістэма выбудавана, яна працуе. Права чалавека звяртацца ў органы ўлады — натуральны працэс. У кожнага заяўніка часам узнікаюць праблемы, добра, калі ён у стане справіцца з імі самастойна. Калі гэта не пад сілу, то ён звяртаецца да ўлады. І мы імкнёмся дапамагчы. Самае непрыемнае, калі пытанне, што ў кампетэнцыі таго ці іншага дзяржаўнага служачага, не знаходзіць рэагавання. На мой погляд, такія людзі не павінны тут працаваць».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Або Як трапіць на кальцавую дарогу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.