Вы тут

Захоўваем традыцыі


Быць добрай гаспадыняй заўсёды было справай складанай і пачэснай адначасова. Ідуць стагоддзі, пашыраецца сфера дзейнасці жанчын, але, здаецца, назаўсёды жанчына застанецца ахоўніцай хатняга агменю. З пакалення ў пакаленне жанчыны перадаюць сакрэты ўладкавання хатняй гаспадаркі, рэцэпты страў, схемы вышыўкі. Увазе чытача прадстаўлены тры кнігі выдавецтва «Беларусь», якія зацікавяць не толькі дбайных гаспадынь, але і ўсіх, хто цікавіцца беларускай культурай, народнымі традыцыямі.


"Літоўская гаспадыня. Першая беларуская гаспадарчая кулінарная энцыклапедыя"

Знакамітая кніга, якая ўпершыню пабачыла свет у 1848 годзе, зноў з’явілася на паліцах беларускіх кнігарняў. Кагосьці здзівіць назва, але прычына вось у чым: у кнізе прадстаўлены гаспадарча-кулінарны досвед жыхароў Міншчыны, якая некалі ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Продкаў жа цяперашніх літоўцаў у дзевятнаццатым стагоддзі называлі пераважна жмудзінамі.

Аўтарства кнігі нідзе не пазначаецца згодна з воляй аўтаркі. Усе выданні «Літоўскай гаспадыні» (а іх дагэтуль было шэсць) ананімныя. Гэта невыпадкова, бо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя пісьменніцтва для жанчыны было справай вельмі экстравагантнай. Але дзякуючы даследаванням атрымалася высветліць дакладна, што кнігу напісала Ганна Цюндзявіцкая, пра якую вядома не так шмат. Абапіралася яна не на чужыя крыніцы, хоць і выкарыстоўвала іх, а на ўласны досвед. Няма сумненняў, што аўтарка вяла вялікую гаспадарку. Аўтар прадмовы да новага выдання 2017 года Адам Мальдзіс упэўнены, што веды Ганны Цюндзявіцкай былі энцыклапедычныя, бо ў кнізе яна выкарыстала рускія, украінскія і польскія крыніцы, а побач з мясцовымі назвамі раслін прывяла лацінскія.

Аўтарка пісала не толькі пра жаночую, але і пра мужчынскую гаспадарку. Галоўная мэта выдання — дапамагчы жанчынам у цяжкіх клопатах. Таму Ганна Цюндзявіцкая распавядала пра ўтрыманне кароў і валоў, пра захоўванне вяндліны і саленне розных відаў мяса і рыбы, пра малочныя прадукты, выраб масла і сыроў, пра касметыку і духмяныя рэчывы ды пра многае іншае, пра што сучасны чытач нават не здагадваецца. Кніга зацікавіць прадпрымальнікаў, гісторыкаў, культуролагаў і цікаўных, якім неабыякава мінулае.

 "Славянская вышивка крестом"

У старажытны час вышыўка мела ў першую чаргу ахоўнае значэнне. Але цяпер галоўная роля гэтага віду рукадзелля дэкаратыўная. У выданні прадстаўлены работы майстра народнай творчасці па вышыўцы крыжом Ады Раманоўскай: абрусы, ручнікі, сурвэткі, навалачкі. У большасці вышывак выкарыстоўваюцца традыцыйныя чорны і чырвоны колеры. Дадзены фотаздымкі, схемы, апісанне работы. Для гаспадынь, якія захапляюцца вышыўкай і цікавяцца народнымі традыцыямі, кніга Ады Мікалаеўны будзе выдатнай знаходкай. Любоў да вышыўкі майстрыха пераняла ад сваёй бабулі, сабрала шмат схем і ўзораў.

"Беларуская кухня"

Гэта выданне заснавана на працы этнографа Мікалая Нікіфароўскага «Очерки простонародного житьябытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности» і распавядае ў першую чаргу пра кулінарныя традыцыі Віцебшчыны. Канкрэтных рэцэптаў Нікіфароўскі не запісваў, таму аўтар выдання — Аляксандр Вашчанка — сам збіраў рэцэпты, карыстаючыся інфармацыяй з кніг і падказкамі знаёмых. Усе рэцэпты дадзены з каментарыямі аўтара, упрыгожаны фотаздымкамі і пададзены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.

Назвы раздзелаў, прысвечаных пэўнай страве, — вядомыя беларускія прыказкі. Напрыклад, «Без капусты жываты пусты» ці «Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці». З кнігі можна даведацца пра побыт, традыцыі, гаспадарку нашых продкаў, прычым пададзены нарысы Аляксандра Вашчанкі проста і цікава.

У прадмове аўтар адзначае, што кожная гаспадыня можа прыгатаваць салат «Цэзар», а зрабіць студзень, кулагу, камы — справа іншая. Беларусаў называюць «бульбашамі», але бульба ўжываецца на Беларусі крыху больш за два стагоддзі. Традыцыі забываюцца, людзі шмат пераядаюць, харчуюцца часта няправільна. Кніга заклікае звярнуць увагу на самабытнасць беларускай кухні, захаваць яе адметнасць.

Калатуха, капытка беларуская, таўчонікі, цымес з морквы — усе гэтыя апетытныя стравы з задавальненнем пакаштуюць сучасныя беларусы. А на святочны стол, паводле даўніх традыцый, можна паставіць крамбамбулю, медавуху вясновую альбо лікёр з руж. Прыгатаваць гэтыя напоі зусім не складана. Вядома, рэцэпт — не жорсткае правіла. У кулінарыі заўсёды ёсць месца эксперыменту!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.