Вы тут

Усё адносна: 5-хвілінны фільм як адраджэнне індустрыі


У беларускай кінематаграфічнай прасторы кожны месяц адметны. Асабліва восенню. Калі чакаць «Лістапада» не хочацца, а наталіцца добрым кіно — наадварот, то ў кастрычніку ў Мінску можна наведаць фестываль кароткаметражнага кіно Open Air Short Film Festival. Арганізатар падзеі Васіль Цыбулька распавёў пра маладое пакаленне беларускіх рэжысёраў, фестывальнае жыццё і амбіцыйныя праекты.


— У Беларусі, здавалася б, фестываляў кіно хапае, таму навошта спатрэбіўся яшчэ адзін фестываль кароткаметражнага кіно? Ці гэта нешта наватарскае і карыснае для нашага кінапрацэсу?

— Усё залежыць ад таго, што лічыць за «многа» і адносна чаго вымяраць. Неаднойчы даводзілася бачыць інтэрнэт-платформы, праз якія дасылаюць заяўкі на розныя замежныя кінафестывалі. У спісах конкурсаў такіх краін, як Францыя, Англія, Іспанія, Італія, не кажучы ўжо пра ЗША, — па некалькі соцень пунктаў. Нашыя блізкія суседзі — таксама наперадзе па колькасці такіх падзей. У нас іх, мабыць, каля дзясятка. Што тычыцца стану нашай кінаіндустрыі, то фестываляў павінна быць больш, бо гэта дазваляе нашым рэжысёрам знаёміцца з досведам калег з усяго свету. Тут адно правіла: чым больш — тым лепш. Колькасць па ўсіх законах рана ці позна пераходзіць у якасць. І мы таксама намагаемся зрабіць унёсак у гэты працэс. Да таго ж міжнародныя імпрэзы папулярызуюць Беларусь як пляцоўку, адкрытую для творчасці.

— Як фарміруецца праграма: хто і па якіх крытэрыях адбірае фільмы?

— Журы складаецца з беларускіх рэжысёраў і кінакрытыкаў. Усе дасланыя фільмы на першай стадыі адбору правяраюцца на эксклюзіўнасць, хронаметраж і этыку. Гэта значыць, работы не могуць быць у свабодным доступе ў сеціве, не павінны перавышаць 5 хвілін, не могуць змяшчаць неэтычныя матэрыялы. На другім этапе складаецца пашыраны шорт-ліст з тых стужак, што прайшлі першы этап: звяртаецца ўвага на мастацкасць, ідэйны змест, лаканічнасць, карацей, на тое, што павінна адпавядаць паняццю «мастацкі твор». На апошнім этапе фарміруецца канчатковы шорт-ліст. Асноўны прынцып — разнастайнасць. У першым спісе можа быць шмат добрых фільмаў з адной краіны, стужак аднаго жанру, фармату, ідэі. Калі высвятляецца, што карціна ўжо была паказана на якім-небудзь беларускім фестывалі, можам паставіць на яе месца тое, што будзе ў навіну для нашых гледачоў і рэжысёраў. Для таго каб даць магчымасць убачыць поўную і аб’ёмную карціну сусветных тэндэнцый у кароткаметражным кіно, даводзіцца ахвяраваць добрымі стужкамі.

— Ці з’яўляецца хронаметраж у 5 хвілін звышкароткім? Чым такі фармат настолькі цікавы, што яму прысвечаны асобны фестываль?

 — На захадзе звышкароткімі, як правіла, называюць фільмы, меншыя за хвіліну, але ўсё адносна. У параўнанні з 30-хвіліннымі кароткаметражкамі пяціхвілінныя выглядаюць неверагодна кароткімі, вядома. Мы абралі гэтую нішу таму, што ніхто да нас у Беларусі не канцэнтраваўся на такіх «звышкароткіх» работах. Мяркую, што гэтага часу дастаткова, каб выкласці сваю думку і ўсталяваць эмацыянальны кантакт з аўдыторыяй. І, нарэшце, такі «таймінг» дазваляе за гадзіну-паўтары паказаць нашмат больш насычаную праграму.

— Наколькі рэальна зрабіць якаснае, паўнавартаснае кіно з такім хронаметражом?

— Любы твор кіно павінен мець завязку, кульмінацыю і развязку ў тым ці іншым выглядзе. Гэта тры кіты, без якіх далёка не адплывеш. У поўнаметражных фільмах усе тры стадыі насычаюцца і разбухаюць як губка дзеля стварэння відовішчнасці. За пяць хвілін можна зрабіць усё тое ж самае. Гэта будзе складаней, бо патрабуецца стварыць канцэнтрат, эсэнцыю. І калі атрымалася зрабіць добра і якасна, на такой аснове можна лёгка зрабіць «вялікае» кіно. Таму якаснае і паўнавартаснае кіно працягам у 5 хвілін — не менш рэальнае, чым звычайны поўны метр.

 — Летась у шорт-лісце не было ніводнай работы з Беларусі. Чаму так атрымалася?

 — Тады на конкурс прыйшло больш як 4 тысячы заявак. Усяго толькі некалькі з іх былі беларускімі. Але яны, на жаль, не пасавалі пад фармат — не адпавядалі хронаметражу. Думаю, справа яшчэ і ў тым, што фестываль быў амаль невядомы ў беларускіх кінаколах. Мы напачатку ўвогуле планавалі вылучыць нацыянальны і міжнародны конкурс, але, на жаль, атрымалася так, як атрымалася.

 — Вы адзначалі, што сёлета пакуль на конкурс пададзена адна работа ад нашай краіны. Чаму нашы кінематаграфісты неактыўныя ў межах уласнай краіны?

— Сапраўды, прыйшла адна работа ад беларускага аўтара. І трапіла ў шорт-ліст. Не таму што «абы якая, але свая», а таму, што адпавядае ўсім патрабаванням, і гэта радасна. Чаму зноў так мала, не магу сказаць дакладна. Магчыма, мала рэкламы, піяру, а можа, і на самай справе нашыя творцы арыентуюць сваю дзейнасць на замежжа, грэбуючы лакальнымі кінафестывалямі.

— Ці можа фестываль стаць своеасаблівай пляцоўкай для аб’яднання беларускіх рэжысёраў, суполкай маладых кінематаграфістаў?

— Ёсць выраз, што «дарога ў тысячу кіламетраў пачынаецца з аднаго кроку», таму я такой магчымасці не адмаўляю. Але мы не пазіцыянуем наш конкурс як пляцоўку для аб’яднання. Наша мэта — паказаць і распавесці пра новае, стварыўшы атмасферу, якая садзейнічала б натхненню і развіццю. А калі наконт суполак, то яны ўжо ёсць. Можа быць, не «раскручаныя» і мала прадстаўленыя ў СМІ, але ёсць.

— Якой бачыцца будучыня кінафестывалю? Зараз гэта не вельмі маштабная падзея, а кінапаказ у Музеі кіно…

— Безумоўна, мы хацелі б бачыць фестываль вялікай падзеяй з рознымі майстар-класамі і масавымі кінапаказамі на вольным паветры цёплымі ліпеньскімі вечарамі. Сама ж назва так і перакладаецца: «Фестываль кароткаметражнага кіно на вольным паветры». Аднак мы не імкнёмся нешта здабыць сілай: час, як правіла, усё расставіць па месцах. Ён, з аднаго боку, праверка, індыкатар трываласці, а з другога — механізм станаўлення, узмужнення. Фестывалю ўсяго толькі два гады, таму пакуль што ён — немаўля, якое пачынае рабіць першыя нясмелыя крокі.

Крысціна ТРАСКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».