Вы тут

Якія перспектывы ў іракскага Курдыстана?


Рэферэндум аб незалежнасці іракскага Курдыстана, якія прайшоў на мінулым тыдні, — сапраўды знакавая падзея для Блізкага Усходу. І справа не толькі ў тым, што курды, якія не мелі ўласнай дзяржавы, падышлі да яе стварэння як ніколі блізка, але і ў тым, што Ірак, які пахіснуўся пад націскам «Ісламскай дзяржавы», яшчэ больш набліжаецца да распаду. Што датычыцца курдаў, то атрыманы імі пасля падзення рэжыму Садама Хусейна статус аўтаноміі ўжо даўно дазволіў стварыць сваю квазідзяржаву, якая насамрэч існуе асобна ад астатняй краіны. Дык навошта тады спатрэбіўся вераснёўскі плебісцыт, і якія ён будзе мець наступствы?


50 мільёнаў без дзяржавы

Аб курдах рэгулярна згадваюць у навінах з Блізкага Усходу. Пра іх гавораць як пра сілу, што эфектыўна супрацьстаяла баевікам «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі і Іраку, і як пра радыкальную апазіцыю кіруючаму рэжыму ў Турцыі. Увогуле гэта самы вялікі ў свеце этнас без уласнай дзяржаўнасці. Па розных ацэнках, усяго курдаў налічваецца ад 20 да 50 мільёнаў. Тэрыторыя іх кампактнага пражывання — турэцкі, іракскі, іранскі і сірыйскі Курдыстан (турэцкі — самы вялікі па плошчы і колькасці курдаў, далей у парадку змяншэння). Усе гэтыя рэгіёны мяжуюць паміж сабой. Калі кажуць проста «Курдыстан», маюць на ўвазе адразу значную тэрыторыю, якую займае этнас. У цяперашніх межах ён склаўся не так даўно — каля ста гадоў таму. Ёсць значныя курдскія дыяспары на постсавецкай прасторы — у Арменіі і Грузіі, на расійскім Паўночным Каўказе. У 1930-х курды з'явіліся ў рэспубліках Сярэдняй Азіі, куды іх выслалі з Закаўказзя. Самая вялікая еўрапейская дыяспара ў Германіі — каля мільёна чалавек. Яе нефармальнай сталіцай лічыцца Дзюсельдорф.

Ці існавала калі-небудзь незалежная курдская дзяржава — пытанне спрэчнае, піша lеntа.ru. Гэтаксама як і пытанне пра паходжанне гэтага этнасу. Курдамі ў некаторых раёнах Ірана дагэтуль называюць усіх, хто вядзе качавы лад жыцця. Прарадзіма курдаў — горы Заграс, размешчаныя на захадзе Ірана, уздоўж мяжы з Іракам. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў Сярэднявеччы гэты этнас ужо сфарміраваўся. Адной з яго адметных рыс доўгі час была рэлігія езідызм, вызнаваная толькі курдамі. Сёння, аднак, пераважная іх большасць (да 90 працэнтаў) — прыхільнікі ісламу суніцкага толку. Езіды лічаць іх вераадступнікамі, а сябе — сапраўднымі курдамі. Дакладных звестак пра асновы веравучэння езідаў мала. Закрытасць іх суполак спрыяла распаўсюджванню рознага кшталту чутак і здагадак.

Прывабны Кіркук

Курды ў Іраку дзеляцца на два вялікія субэтнасы — курманджы (жывуць у Турцыі, Сірыі і паўночных раёнах іракскага Курдыстана) і сарані (Ірак і Іран). Ёсць і больш малалікія субэтнасы, але яны асаблівай ролі ў палітыцы Блізкага Усходу не адыграюць. У Іраку дэ-факта ўжо сфарміравана незалежная курдская дзяржава — рэгіён Курдыстан Іракскай рэспублікі. Складаецца з чатырох правінцый: Эрбіль, Сулейманія, Халабджа і Дахук. Пад кантролем курдаў знаходзяцца горад Кіркук і прылеглыя да яго нафтаносныя тэрыторыі (разам з Басрай, Кіркук — найбуйнейшае нафтавае радовішча Ірака). Насельніцтва гэтага месца змяшанае — тут жывуць і курды, і арабы. Таму гістарычна Кіркук быў спрэчнай тэрыторыяй. Але пасля таго як іракская армія ў прамым сэнсе збегла адтуль у чэрвені 2014-га, ратуючыся ад надыходзячых атрадаў ІД, курдскія ваенныя фарміраванні пешмерга (паводле розных ацэнак, цяпер налічваюць у сваіх шэрагах каля 200 тысяч байцоў) хутка ўзялі горад і наваколлі пад свой кантроль. Адбіўшы атакі ісламістаў, курды атрымалі магчымасць распараджацца кіркукскім «чорным золатам» па сваім меркаванні. За выключэннем Кіркука, тэрыторыя іракскага Курдыстана — монаэтнічная, населеная амаль выключна курдамі.

На самым паўночным усходзе ёсць адрэзак, дзе курдскія раёны сутыкаюцца з тымі, што падкантрольныя Багдаду. Хоць узброеныя сутыкненні паміж праўладнымі сіламі і пешмерга тут здараліся (былі і забітыя, і параненыя з абодвух бакоў), казаць аб якім-небудзь сур'ёзным канфлікце нельга — іракскія ўлады занадта занятыя цяпер барацьбой з ІД. Іракскі Курдыстан звязаны, па сутнасці, з Багдадам толькі адзінай валютай — дынарам, эмісійны цэнтр якога знаходзіцца на арабскай тэрыторыі. Таму абяцанне фармальна аб'явіць аб суверэнітэце аўтаноміі перыядычна становіцца прадметам гандлю ва ўнутрыіракскай палітыцы.

Як заўважаюць эксперты, аўтаномія не мае палітычнага адзінства — Дахук і Эрбіль кантралюе ліберальна-нацыяналістычная Дэмакратычная партыя Курдыстана (ДПК) цяперашняга прэзідэнта Масуда Барзані, у Сулейманіі і Халабджы ўлада належыць сацыял-дэмакратычнаму патрыятычнаму саюзу Курдыстана (ПСК). Партыі варагуюць. У 1990-х паміж імі ішла вайна, якую ўдалося скончыць пры пасярэдніцтве ЗША. ДПК падтрымліваецца Турцыяй, ПСК — Іранам. Ні тая, ні іншая перамовы аб аб'яднанні з іншымі «Курдыстанамі» не вядзе.

Козыр Барзані

Наўрад ці прэзідэнт іракскага Курдыстана Масуд Барзані разлічваў на нейкую іншую рэакцыю. І ўсё ж на рэферэндум ён пайшоў. Вынік быў прагназуемы — каля 93 працэнтаў удзельнікаў плебісцыту сказалі «так» незалежнаму іракскаму Курдыстану. Прычыну варта шукаць у працэсах, якія адбываюцца ў рэгіёне. Апошнія месяцы, па меншай меры, як арганізаваная сіла тут дажывае групоўка «Ісламская дзяржава». Яе пазіцыі ў Іраку падарваныя вельмі моцна. У Сірыі, калі не адбудзецца чагосьці экстраардынарнага, ад «Ісламскай дзяржавы» хутка зусім нічога не застанецца. І важны, а недзе і вырашальны ўклад у справу разгрому рэлігійных радыкалаў у абедзвюх краінах унеслі курдскія фарміраванні, якія арыентуюцца на ЗША, Турцыю, Іран. У адрозненне ад забюракратызаваных, непаваротлівых армій арабскіх дзяржаў, якія раздзіраюць этнічныя і канфесійныя супярэчнасці, узброеныя групоўкі, што ствараюцца і базуюцца ў значнай меры на поўначы Ірака, праявілі сябе ў баях з праціўнікам з самага лепшага боку. Паўплывалі і высокая матывацыя, а таксама вайсковыя традыцыі і баявы вопыт.

У гэтых умовах як ніколі актуальным з'яўляецца пытанне пра плату, на якую разлічваюць курды ў абмен на сваё супрацоўніцтва ў барацьбе з ІД. Міжволі напрошваюцца аналогіі з Першай сусветнай вайной. Тады курдскія фарміраванні аказалі немалую дапамогу саюзнікам у барацьбе з Асманскай імперыяй. Сеўрскім дагаворам 1920-га стварэнне незалежнага Курдыстана прадугледжвалася. Але ўжо праз тры гады тэрыторыя гіпатэтычнай дзяржавы была падзелена паміж Турцыяй, Францыяй (цяперашняй Сірыяй, якая знаходзілася тады пад яе кантролем) і Англіяй (Іракам). Пераможцы Асманскай імперыі палічылі, што ўзнімаць выбухованебяспечнае курдскае пытанне занадта небяспечна і немэтазгодна. Вялікая верагоднасць, што гэтак жа вырашаць і пасля перамогі над ІД. Статус-кво, які склаўся на поўначы Ірака, у прынцыпе задавальняе ўсіх міжнародных гульцоў. З 1991 года, з таго моманту, як мясцовыя курды пасля аперацыі «Бура ў пустыні» былі ўзятыя пад міжнародны пратэктарат, каб засцерагчы іх ад Садама Хусейна, тут дэ-факта існуе незалежная дзяржава, непрызнаная, але якая цалкам адбылася. Тут пражываюць пяць мільёнаў чалавек, аўтаномія мае ўласнае войска, эканоміку, якая базуецца на экспарце нафты, заключае на законных падставах міжнародныя кантракты, праводзіць незалежную знешнюю палітыку. Маюцца і свае тэрытарыяльныя спрэчкі, і геапалітычныя амбіцыі. Тое, што юрыдычна ўсё гэта называлася аўтаноміяй у складзе Ірака, вядома, нікога не падманвала. Курдыстан — рэгіён краіны, што жыве вось ужо дваццаць шэсць гадоў сваім жыццём, якое ў многіх адносінах куды лепшае, чым у арабскіх суседзяў. Эрбіль гадамі быў аазісам спакою ў смутным рэгіёне. Улады Курдыстана рабілі выгляд, што яны падпарадкоўваюцца Багдаду, а той, у сваю чаргу, рабіў выгляд, што так яно і ёсць.

Пакуль відавочнае наступства рэферэндуму адно: ён стане козырам у перамовах Курдыстана і цэнтральнага ўрада Ірака. Казаць ёсць пра што — перш за ўсё аб статусе горада Кіркук і аднайменнай правінцыі. Паводле канстытуцыі Курдыстана, ён уваходзіць у яго склад. Улады Ірака, наадварот, лічаць, што гэты раён часткай аўтаноміі не з'яўляецца. Сітуацыю ўскладняе тое, што ні курды, ні іракская армія не з'яўляюцца ў Кіркуку паўнаўладнымі гаспадарамі. Частка правінцыі — пад кантролем ІД. Таму вызначаць, каму яна адыдзе, прыйдзецца на перамовах пасля перамогі. На іх юрыдычнае аддзяленне ад Ірака, верагодна, акажацца самай дзейснай пагрозай з боку Барзані.

Два долары за бараль

Міжнародная супольнасць адрэагавала на рэферэндум стрымана. У ААН выказалі занепакоенасць «патэнцыйна дэстабілізуючым эфектам». Згодна са спецыяльнай заявай ад 25 верасня, «генеральны сакратар паважае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і адзінства Ірака і лічыць, што ўсе нявырашаныя пытанні паміж федэральным урадам і рэгіянальным урадам Курдыстана павінны быць вырашаны з дапамогай структураванага дыялогу і канструктыўнага кампрамісу». Заклікі да Багдада і Эрбіля вырашаць спрэчныя пытанні за сталом перамоў утрымліваюцца ў афіцыйнай пазіцыі многіх краін, такую магчымасць не адкідваюць і самі канфліктуючыя бакі. Курдскае кіраўніцтва выказала надзею, што рэферэндум заахвоціць Багдад аб'ектыўна ацаніць рэаліі і разам шукаць магчымасці мірнага суіснавання. Прэм'ер-міністр Ірака Хейдар аль-Абадзі са свайго боку адзначыў: «Я ніколі не зачыню дзверы для перамоў. Перамовы заўсёды магчымыя». Такім чынам, ніхто не спальвае масты і апакаліптычныя прагнозы заўчасныя. Рана ці позна федэральным уладам і кіраўніцтву курдскай аўтаноміі давядзецца ўрэгуляваць праблемы, чаму будзе папярэднічаць працяглы гандаль.

Характэрна, што ў Эрбілі вельмі міралюбна адрэагавалі на пагрозы Турцыі ўвесці санкцыі. «Мы не хочам, каб паміж намі і нашымі суседзямі паўстала якая-небудзь праблема», — адзначыў прэзідэнт Масуд Барзані. І гэта не дзіўна — іракскі Курдыстан экспартуе сваю нафту на міжнародныя рынкі праз турэцкі порт Джэйхан. Турцыя і сама купляе ў аўтаноміі нафту і прыродны газ. Гандлёвы абарот паміж Турцыяй і Курдыстанам сёлета ў першым паўгоддзі дасягнуў 5 млрд долараў, што на 20% больш, чым за аналагічны перыяд летась. Так што за жорсткай палітычнай рыторыкай праглядаюцца прагматычны эканамічны разлік і рацыянальны падыход. Рэзка змянілі акцэнты і ў Вашынгтоне: дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Герберт Рэйманд МакМастэр сказаў: «Мы павінны пачакаць, каб убачыць, што адбудзецца». У Маскве адначасова з заявамі аб падтрымцы адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Ірака пралічваюць верагодныя кірункі развіцця становішча.

Звяртаюць на сябе ўвагу паведамленні аб тым, што сёлета Расія стала ключавым інвестарам у іракскі Курдыстан, адцясніўшы ЗША і Турцыю. Так, толькі «Раснафта» мае намер інвеставаць у развіццё нафтагазавай інфраструктуры больш за 4 млрд долараў, а з 2020 года гэтая кампанія плануе стаць вядучым экспарцёрам энерганосьбітаў з Курдыстана на еўрапейскія рынкі. Няма сумненняў, што перад прыняццем такіх глабальных рашэнняў старанна выяўляюцца пагрозы і ацэньваюцца рызыкі, а таму будучыня іракскага Курдыстана бачыцца стабільнай.

Гэта адзін з найважнейшых нафтавых рэгіёнаў свету. А вынікі плебісцыту рэальна могуць змяніць расстаноўку сіл на Блізкім Усходзе, паколькі ў такім выпадку Багдад страціць больш за палову сваіх рэсурсаў вуглевадародаў. Шосты ў свеце Ірак з'яўляецца другім па велічыні вытворцам нафты ў АПЕК. Курдыстанскае «чорнае золата» складае 60% усёй вуглевадароднай сыравіны, якая здабываецца ў краіне. Шляхам прамых пагадненняў з курдскім урадам сюды прыйшлі замежныя нафтаздабыўныя кампаніі. Амерыканскія ЕххоnMоbіl і Сhеvrоn вядуць разведку ў рэгіёне з 2012 года, калі падпісалі пагадненне з паўаўтаномным урадам. У іракскім Курдыстане працуе турэцкая Gеnеl Еnеrgу, нарвежская DNО, рэгіянальны гулец Gulf Kеуstоnе Реtrоlеum. Звестак аб тым, колькі нафты пастаўляецца з аўтаноміі, у іракскага ўрада няма. Аналітыкі і эксперты таксама не могуць назваць дакладныя лічбы. Сам урад іракскага Курдыстана ацэньвае запасы рэгіёна ў 45 млрд бараляў (больш за 6 млрд тон), і гэта лёгкая нафта з нізкім сабекоштам здабычы — каля $2 за бараль, як у Саудаўскай Аравіі і Кувейце. Па велічыні запасы іракскага Курдыстана лічацца шостымі ў свеце.

Курды не хочуць, каб у вялікай гульні, якія вядуць сусветныя дзяржавы на Блізкім Усходзе, інтарэсы гэтага падзеленага народа чарговы раз аказаліся забытыя. Барзані прапануе абмеркаваць статус рэгіёна і заклікае суседзяў дапамагчы яму ў дыялогу з Багдадам: «Замест таго каб пагражаць нам пакараннем, давайце пачнём сур'ёзныя абмеркаванні. Мы не хочам праблем ні з адной краінай у рэгіёне». У інтэрв'ю тэлеканалу Skу Nеws лідар іракскіх курдаў паведаміў, якія далейшыя крокі на шляху будаўніцтва незалежнай курдскай дзяржавы будуць прыняты пасля плебісцыту. Паводле яго слоў, 1 лістапада тут пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. На пытанне, ці застанецца ён лідарам іракскага Курдыстана пасля абвяшчэння незалежнасці, Масуд Барзані адказаў адмоўна, паведаміўшы, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах і завершыць палітычную кар'еру, вярнуўшыся на службу ў курдскія ваенізаваныя фарміраванні пешмерга.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Збегчы ад Багдада

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?