Вы тут

Пачынаць рыхтавацца да балю ў Вялікім тэатры трэба ўжо ў кастрычніку


Неяк я трапіла на сапраўдны баль у сапраўдным замку — на сёння ўжо архаічная, але прыгожая традыцыя дзе-нідзе яшчэ захоўваецца. Праўда, у атачэнні інтэр'ера з ляпнінай, выкшталцоных жырандоляў і прыгожых строяў аказалася, што я не ўмею танцаваць вальс. Мяне запрасіў на танец прадстаўнічы, станісты пан і сказаў: «Не хвалюйцеся — я павяду, і ўсё атрымаецца»...


Скончылася гэта яго рэплікай «Ну ў вас і характар», і ўсе іншыя спробы мяне «павесці» сталіся фіяска. У ноч з 13 на 14 студзеня — на стары Новы год — у Вялікім тэатры оперы і балета пройдзе традыцыйны, ужо дзявяты, Вялікі навагодні баль. І, на шчасце, тут жа, у тэатры, на адмысловых уроках да гэтага балю можна падрыхтавацца. Каб і весці ў вальсе, і каб цябе вялі правільна.

Тэатр ужо абвясціў продаж квіткоў, а квіток аўтаматычна дае права наведваць урокі танцаў: сёлета іх зноў будзе весці заслужаная артыстка Беларусі, балетмайстар-рэпетытар Вялікага тэатра Юлія Дзятко. Заняткі пачнуцца ўжо ў канцы кастрычніка, і прымуць як дэбютантаў, так і карыфеяў.

Баль, такім чынам, — доўгайграючая справа, прынамсі, пачынаць рыхтавацца да яго варта ўжо са старту заняткаў, 23 кастрычніка. Урокі танцаў займаюць амаль тры месяцы, за гэты час трэба прыдумаць убранне (дрэс-код строгі: жанчыны павінны прыйсці ў бальнай альбо вечаровай доўгай сукенцы, а мужчыны — у смокінгу альбо ў элегантным касцюме), падрыхтавацца ў веданні этыкету і нарэшце прыехаць.

Тэатр оперы і балета, у сваю чаргу, абяцае адпаведную атмасферу, сустрэчу з артыстамі Вялікага, з якімі можна кантактаваць наўпрост, а не толькі бачыць іх на сцэне; канцэрт, розыгрышы, прыгажосць, бляск, розныя нечаканасці і шампанскае.

Інтэр'ер Вялікага, як і яго статус «храма» (прабачце за пафас) класічнага мастацтва, зайздросная публіка (тут збіраюцца артысты, музыкі, рэжысёры) — натуральнае асяроддзе для мерапрыемства кшталту балю. Святкаванне старога Новага года ў Вялікім тэатры оперы і балета ў такой незвычайнай для XXІ стагоддзя форме стала добрай традыцыяй і прыцягвае як заўсёднікаў, так і навічкоў.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вальс, бляск і раскоша

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.