Вы тут

Яўген Міронаў: «...Ці іграў нешта больш складанае?»


Тэатр Нацый прадставіў у Мінску спектакль «Іванаў» паводле Чэхава: зорная трупа і адзіны паказ у рамках «ТЭАРТу» выклікалі ажыятаж. Ішлі паглядзець на народнага артыста Расіі Яўгена Міронава, якога ў Мінску — у «Вішнёвым садзе» Эймунтаса Някрошуса — бачылі ўжо даўно. А на адмысловай сустрэчы ён ужо як мастацкі кіраўнік Тэатра Нацый прадставіў трупу адзначанага «Залатой Маскай» «Іванава», пастаўленага Цімафеем Кулябіным, і распавёў, як ішла работа над спектаклем.


Пра Іванава:

— Мы невыпадкова звярнуліся да «Іванава»: яго прэм'ера некалі адбылася ў будынку Тэатра Нацый, у якім мы цяпер працуем. Тады Чэхаў быў яшчэ маладым драматургам-пачаткоўцам, а саму пастаноўку ўспрынялі неадназначна. Новай камандзе Тэатра Нацый спатрэбілася дзесяць гадоў, каб паставіць «Іванава», што зрабіў Цімафей Кулябін.

Напачатку мы паехалі ў сядзібу Чэхава ў Мелехава: гэта аднапавярховы дамок. Я не разумею, як гэта магло быць: Чэхаў і вялікая колькасць людзей, што заўсёды жылі побач з ім: сваякі, сваты, прыжывалкі, якія начавалі на куфрах... А ў яго — маленькі кабінецік. Гэта ніяк не стасавалася з маімі ўражаннямі ад спектакляў «Іванаў», якія я бачыў дагэтуль. Напрыклад, эпізод, калі Іванаў гучна крычаў: «Сара, зачыні акно, табе шкодна стаяць на свежым паветры!»
стварае ўражанне вялікай прасторы. А насамрэч усё было шчыльна: фактычна камунальная кватэра...

Гэта да пытання пра тое, што такое ігра ў класіку сёння: усё знаёмае. Знаёмая цесната, у якой пакутуе чалавек. Для мяне прататыпам Іванава стаў сам Антон Паўлавіч, яшчэ малады чалавек, які цягнуў воз сям'і, быў яе кармільцам. Нездарма яго цікавілі філасофскія тэмы пра сэнс існавання: ці так усё выбудавана ў свеце, як трэба? Нам важна было вызначыцца, хто такая Сара, чым яна займалася да таго, як захварэла. Мы імкнуліся раскласці ўсё на зразумелыя нам рэчы, у тым ліку, колькі ён вінен. Таму што пытанне грошай — ужо ў першых радках п'есы.

Наогул Івановых — шмат, а Іванаў для мяне — адзін. Людзей, якія ўваходзяць у такія стасункі са сваім сумленнем, я не ведаю. Магчыма, Салжаніцын. Але я гэта для сябе так вызначаю, бо не зусім правільная аналогія: у Салжаніцына была ідэя, а ў Іванава няма ідэі, ён проста не згодны — са светам, з самім сабой, са светам унутры сябе. Гэта катаванне для тых, хто побач, катаванне для самога сябе, але ён чэсны ў гэтым, ідзе да канца ў сваёй бескампраміснасці.

Я не ведаю, ці іграў нешта больш складанае ў жыцці. Кожны спектакль на супраціўленне — маё асабістае. Таму што я кампрамісны чалавек у дачыненні да жыцця. І кожны раз шукаю абгрунтаванне, чаму я — Іванаў — паступаю так жорстка. Ідзе барацьба з самім сабой. І кансэнсусу не будзе ніколі: да такой пакуты ў гэтай ролі я сябе прысудзіў.

Пра рэпертуар:

— Рэпертуарная палітыка зыходзіць з першапачатковай ідэалогіі Тэатра Нацый: гэта адкрытая пляцоўка без трупы. Ёсць яшчэ адзін такі тэатр — «Практыка». Але ў адрозненне ад яго Тэатр Нацый, хоць і без трупы, мае вялікую каманду. Кожны рэжысёр можа прыйсці са сваёй камандай, што часта ў нас і бывае: артысты, мастакі, сцэнографы ажыццяўляюць свае мары. Мы пайшлі далей: апроч вялікай сцэны, адкрылі малую. Вялікая сцэна прадугледжвае запаўненне залы — усё ж я спешчаны артыст (у мінулым тэатра Табакова), не памятаю пустых залаў. Я хацеў бы, каб нашы залы былі поўныя. Гэта не значыць, што гледачы не ходзяць глядзець пастаноўкі на малой сцэне, але яна прызначана для эксперыментаў. Ужо наступны крок — новая прастора Тэатра Нацый, дзе мультыжанравыя падзеі адбываюцца ў галіне тэатра і не толькі: паколькі там выяўляюцца і архітэктары, і скульптары, і рэжысёры кіно. Некалькі розных жанраў аб'ядноўваюцца ў праекты, якія нараджаюць ідэі, сэнсы, формы.

Паколькі мы адкрытыя для любых прапаноў і ведаем, што сёння адбываецца навокал, улічваем, пра што хацелася б сёння пагаварыць са сцэны. Часам ідэя нараджаецца ў сумеснай размове, у дыялогу з рэжысёрам, калі гучыць назва. І далей, маючы, напрыклад, тры назвы, мы думаем: якія з аўтараў у нас яшчэ не былі прадстаўленыя? Чэхаў у нас ішоў, але толькі «Шведская запалка». Астроўскага ў нас не было. І калі ўзнікла пытанне супрацоўніцтва з Яўгенам Марчэлі, прыйшлі да думкі, што менавіта Астроўскі — не пройдзены шлях. З амерыканскім рэжысёрам-авангардыстам Робертам Уілсанам мы восем гадоў вялі перамовы, увесь час з іх боку было жаданне, каб мы паставілі нейкую франшызу. Мы да гэтага ўжо схіляліся, але разумелі, што толькі новая гісторыя будзе мець значэнне для нас абодвух. Узнік Пушкін, таму што ў «Камедзі Франсэс» Уілсан да гэтага рабіў «Байкі Лафантэна». Ён ставіў «Трохграшовую оперу» ў Берліне, таксама Санеты Шэкспіра... Таму «Казкі Пушкіна» — невыпадковы спектакль і для яго, і для нас. З некалькімі назвамі адразу прыйшоў Максім Дзідзенка, малады рэжысёр. Яго прапанова паставіць мюзікл «Цырк», асабліва ў кантэксце 100-годдзя рэвалюцыі, была цікавай, каб раскрыць складаную тэму: паводле вядомага фільма ўзнік праект, у якім Інгеборга Дапкунайтэ іграе гераіню Любові Арловай. Альбо прыйшоў Дзмітрый Крымаў — таксама некалькі назваў прынёс. Ён будзе рабіць «Му-му», але наогул паводле твораў Тургенева, які цікавы аўтар, але яшчэ чакаецца яго 200-годдзе. Так і нараджаецца мастацтва.

Пра магчымасці тэатра:

— У тэатра сёння (у адрозненне ад іншых мастацтваў. — Аўт.) больш магчымасцяў. Кіно — больш цяжкая мадэль чыста эканамічна. Маладому рэжысёру складана сабраць грошы (гэта датычыцца не толькі Расіі, але і іншых краін). Цяпер у Расіі пры Міністэрстве культуры існуе сістэма грантаў, але каб іх атрымаць, трэба прайсці цяжкія выпрабаванні з камісіяй, даказаць, што, як і чаму. І дзяржава больш нацэлена на сур'ёзныя вялікія карціны — каб вярнуць давер кінагледача, пасля таго як ён быў забіты рознымі спосабамі (творчымі і нетворчымі). Усе кінатэатры цяпер прыватныя, у іх свая палітыка, пераканаць іх паказваць наша кіно не можа практычна ніхто. Я сёлета быў старшынёй «Кінатаўра» і зрабіў для сябе адкрыцці. Большасць фільмаў, якія мне спадабаліся, былі знятыя без дзяржаўнай падтрымкі. Значыць, узнікае нейкая паляна, дзе людзі гатовыя ўкладваць грошы і не чакаюць хуткай і вялікай аддачы. Але тэатр — не такая дарагая мадэль. Яна дае магчымасць хутка выказацца на актуальную тэму. Прытым, што мы ў тэатры даволі доўга рыхтуем праекты, і яны таксама не танныя. Але ёсць магчымасць рабіць эксперыментальныя праекты на малой сцэне. На вялікай сцэне — даволі дарагія. Зараз мы робім казку «Сіняя-сіняя птушка», але яна будзе больш танная за пастаноўку Уілсана. Невыпадкова тэатр цяпер у авангардзе ўсіх абмеркаванняў — і палітычных, і грамадскіх: нехта баіцца новых выказванняў, а нехта, наадварот, толькі іх і шукае.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».