Вы тут

Як абараніцца за мяжой


Даказаць сваю дзеяздольнасць, устанавіць факт смерці, скасаваць шлюб, выступіць сведкам у судзе і вырашыць многія іншыя юрыдычныя пытанні за мяжой беларусы могуць на тых жа ўмовах, што і мясцовыя жыхары. Правы і інтарэсы нашых суайчыннікаў абараняюцца шмат- і двухбаковымі дагаворамі, канвенцыямі і пагадненнямі па аказанні прававой дапамогі па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах у больш чым 100 дзяржавах свету, з якімі ў Беларусі заключаны міжнародныя дагаворы аб прававой дапамозе.


Мой суд мяне беражэ

— Уступаючы ў прававыя зносіны з замежнымі грамадзянамі або арганізацыямі, беларусы могуць быць упэўнены, што іх асабістыя і маёмасныя правы абаронены гэтак жа, як і карэнных жыхароў дзяржаў, з якімі Беларусь звязваюць міжнародныя абавязацельствы, — расказала Марына ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі. — Нашы суайчыннікі самастойна або праз прадстаўніка могуць заяўляць хадайніцтвы і падаваць іскі ў суд, а таксама звяртацца ў іншыя ўстановы юстыцыі, кампетэнтныя ў пэўных пытаннях.

Больш за тое, яны вызваляюцца ад выплаты і кампенсавання судовых натарыяльных пошлін і выдаткаў і карыстаюцца бясплатнай юрыдычнай дапамогай.

Калі беларуса выклікаюць у суд замежнай краіны ў якасці сведкі, ён таксама абараняецца дагаворамі аб прававой дапамозе і мае права на пакрыццё дарожных выдаткаў, кошту знаходжання ў дзяржаве і страчанага заробку.

Сведку, які з'явіўся па выкліку ва ўстанову юстыцыі замежнай дзяржавы, не могуць прыцягнуць да адказнасці за злачынства або правапарушэнне, арыштаваць, пазбавіць волі або прымусіць адбываць пакаранне за тое, што здзейснена ім да перасячэння дзяржаўнай мяжы дзяржавы, якая яго выклікала.

— Сведку нельга прыцягнуць да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, узяць пад варту або пакараць у сувязі з яго паказаннямі ці ўчынкам, які з'яўляецца прадметам разбіральніцтва, — растлумачыла спецыяліст. — Аднак ён не зможа скарыстацца гэтай прывілеяй, калі не пакіне тэрыторыю замежнай дзяржавы на працягу 15 сутак з моманту паведамлення, што яго прысутнасць больш не патрэбная. Адзінае апраўданне непрытрымлівання тэрмінаў пры гэтым — немагчымасць пакінуць краіну праз абставіны, якія не залежаць ад сведкі.

Заморская палова і аліменты

Дагаворамі аб прававой дапамозе рэгулююцца таксама і пытанні шлюбу паміж грамадзянамі розных дзяржаў. Умовы заключэння шлюбу вызначаюцца для кожнага з будучых сужэнцаў заканадаўствам дзяржавы іх грамадзянства, а форма шлюбу — законамі краіны, дзе маладыя жэняцца.

— Такія ж патрабаванні, дарэчы, прымяняюцца і пры жаніцьбе нашага грамадзяніна з асобай замежнай дзяржавы, з якой у Беларусі няма дагавора, — удакладніла Марына Жандарава. — Калі іншаземец не выканае ўмовы, прадугледжаныя заканадаўствам краіны яго грамадзянства, то шлюб можа быць не прызнаны на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Асабістыя і маёмасныя праваадносіны паміж мужам і жонкай розных дзяржаў вызначаюцца законамі краіны іх сумеснага пражывання. Калі ж яны жывуць у розных дзяржавах, то гэтыя стасункі будуць абумоўлівацца правам краіны іх апошняга месцажыхарства.

Праваадносіны паміж бацькамі і дзецьмі рэгулююцца законамі краіны сумеснага пражывання сям'і, аднак калі бацькі жывуць у розных дзяржавах — заканадаўствам грамадзянства дзіцяці.

Калі сямейнае жыццё прыходзіць да разводу, заява на скасаванне шлюбу паміж грамадзянамі розных дзяржаў разглядаецца ў краіне пражывання мужа і жонкі. Калі сужэнцы жывуць на тэрыторыях розных краін, кампетэнтным пры разглядзе справы будзе суд дзяржавы, куды пададзена заява.

— Беларус, жанаты, напрыклад, з літоўкай, якая жыве ў Літве, можа звярнуцца за скасаваннем шлюбу ў беларускі суд. Такое ж права падаць іск да мужа ў літоўскі суд ёсць і ў яго жонкі, — дадала прадстаўніца Мінюста.

Спагнанне аліментаў з былой паловы таксама знаходзіцца ў юрысдыкцыі міжнародных прававых дагавораў. Беларус падае адпаведную заяву ў суд па месцы свайго жыхарства, а рашэнне айчыннага судовага органа выконваецца на тэрыторыі замежнай дзяржавы, дзе знаходзіцца аліментшчык.

Дазвол на прымусовае выкананне рашэння беларускага суда, выдадзенае судом замежнай дзяржавы, мае такую ж сілу, як і рашэнне нацыянальнага суда. Судовы выканаўца атрымлівае выканаўчы ліст, што з'яўляецца падставай для прымусовага спагнання грошай на карысць заяўніка. Спагнаннік аліментаў можа таксама самастойна звярнуцца ва ўстанову юстыцыі замежнай краіны, якая кантралюе выкананне рашэння суда.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».