Вы тут

Кіраўнік дзяржавы з рабочым візітам наведаў Мінскую вобласць


Аляксандр Лукашэнка пабываў у Слуцкім раёне на тэрыторыі саўгаса «Рачкавічы». Тэма паездкі — развіццё мясцовых дарог, а таксама стан сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці ў цэлым і Слуцкага раёна, наведанага саўгаса ў прыватнасці.


Фота БЕЛТА

Калі трасы міжнароднага і рэспубліканскага значэння ў нашай краіне даволі зручныя і прэтэнзій да якасці пакрыцця няма, то стан мясцовых дарог выклікае пытанні. Некаторы час таму — у красавіку бягучага года — гэтая тэма ўжо ўзнімалася на самым вышэйшым узроўні, тады кіраўнік дзяржавы даручыў разгледзець розныя спосабы будаўніцтва дарог, а таксама прааналізаваць міжнародны вопыт у гэтым кірунку. Мэта — прывесці сетку дарог мясцовага значэння ў належны выгляд, каб імі было зручна карыстацца і мясцовым жыхарам, і тым, хто праездам у гэтым рэгіёне.

— У красавіку мы правялі нараду і канстатавалі факт, што ў нас больш-менш у нармальным стане дарогі міжнародныя і рэспубліканскія. Гэта значыць, высокага ўзроўню дарогі мы прывялі ў нармальны стан, затрацілі нямала сродкаў, у тым ліку і другую кальцавую пабудавалі... Схамянуўшыся — канешне, не было столькі грошай, — мы зразумелі, што ўпусцілі дарогі мясцовага значэння, — нагадаў кіраўнік краіны.

Гэта дарогі, якія злучаюць аграгарадкі, вёскі з райцэнтрам, праходзяць па населеных пунктах. Іх, дарэчы, большасць у краіне — калі лічыць па працягласці.

— І там жывуць людзі, — канстатаваў Прэзідэнт. — І трэба дапамагчы. Мы прынялі рашэнне: да канца гэтай пяцігодкі стварыць праграму адраджэння і мадэрнізацыі мясцовых дарог, прывядзення іх у парадак.

Як раз у гэтыя дні праходзіць рэспубліканскі семінар па тэхналогіях рамонту і аднаўлення аўтамабільных дарог мясцовага значэння. На першым яго этапе — пятага кастрычніка — на прыкладзе ўнутрыгаспадарчых дарог саўгаса «Рачкавічы» прайшлі практычныя заняткі з дэманстрацыяй прагрэсіўных тэхналогій рамонту і аднаўлення фундаментаў і пакрыццяў мясцовых аўтамабільных дарог.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якую дарожна-будаўнічую тэхніку вырабляюць прадпрыемствы нашай краіны, у чым адрозненне розных дарожных пакрыццяў. Паколькі ў нас выкарыстоўваюцца і імпартныя ўзоры такой тэхнікі, Прэзідэнт агучыў асобны загад:

— Прамыслоўцам трэба даручаць, няхай пачынаюць. У нас велізарная сетка дарог, і яе трэба прыводзіць у парадак. І калі мы будзем увесь час набываць імпартныя машыны, навошта тады наша аўтамабілебудаванне?

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі розныя ўзоры нашай дарожнай тэхнікі, у тым ліку і ў дзеянні.

* * *

Паколькі кіраўнік дзяржавы прыбыў на тэрыторыю саўгаса, асобную ўвагу ён надаў тэме сельскай гаспадаркі. У першую чаргу пацікавіўся, калі нарэшце будзе прыбрана з палёў уся кукуруза. Прынамсі, на тэрыторыі наведанай гаспадаркі яна яшчэ расце... Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што з верталёта яму было відаць: некаторыя ўчасткі кукурузы ўжо наўрад ці можна прыбраць: там стаіць вада і тэхніка не можа туды заехаць.

— Гэта сведчыць пра тое, што мы часам не думаем, дзе сеяць, а яшчэ больш не думаем, як прыбіраць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Там, дзе трава павінна быць, вы пасеялі кукурузу, і ў калена вада. Кругом — нізіна, і вада нікуды не сыдзе. Мы на Віцебскай вобласці ўвесь час канцэнтруем увагу на змяненні структуры пасяўных плошчаў, але ў нас жа ёсць раёны і канкрэтныя гаспадаркі, дзе таксама трэба як у Віцебскай вобласці, працаваць — пераглядаючы пасевы.

Спытаў кіраўнік дзяржавы і пра перапрацоўку мяса ў Мінскай вобласці. У прыватнасці, пацікавіўся, колькі там адпаведных прадпрыемстваў і наколькі яны задзейнічаны, колькі трэба яшчэ прадукцыі, каб задзейнічаць іх на поўную моц. Акцэнт, безумоўна, на экспарт. У прыклад Прэзідэнт прывёў нядаўнюю сустрэчу з венесуэльскім лідарам Нікаласам Мадурам. Там гатовы закупаць беларускае сала! У тым, што датычыцца вытворчасці і перапрацоўкі мяса, таксама вялікую ролю адыгрывае спецыялізацыя раёна. Так, Слуцкі, Нясвіжскі раёны, па словах кіраўніка дзяржавы, — гэта тыя раёны, дзе мы павінны атрымліваць мяса.

Разлікі разлікамі, але немалаважную ролю ў любой вытворчасці адыгрывае дысцыпліна. Да гэтага тэзіса Аляксандр Лукашэнка звяртаецца рэгулярна, на ім ён яшчэ раз зрабіў акцэнт, звяртаючыся да губернатара Мінскай вобласці Анатоля Ісачанкі:

— Жалезная павінна быць дысцыпліна. Убачыў, што нешта не так, сказаў адзін раз. Не зрабілі — пытай на ўсю катушку і не глядзі, прыватнае прадпрыемства або не.

У тэму

Анатоль Сівак, міністр транспарту і камунікацый:

— Цягам апошняй пяцігодкі мы інтэнсіўна займаліся ў краіне рэспубліканскімі дарогамі, у першую чаргу тымі магістралямі, якія працуюць на транзіт. У гэты перыяд менш сродкаў выдзялялася на мясцовыя дарогі. Галоўная праблема мясцовых дарог — гэта пратэрмінаванасць рамонтаў. Сёння з 80 тысяч кіламетраў патрабуе таго ці іншага ўмяшальніцтва каля 20 тысяч кіламетраў дарог. Найбольш буйныя аб'ёмы — пытанні рэканструкцыі, капітальнага рамонту — гэта сем тысяч кіламетраў, якія прапісалі цяпер у праграме «Дарогі Беларусі». І за тры гады павінны іх вырашыць. Але гэта не азначае, што толькі на сямі тысячах кіламетраў будзем працаваць. Будзем працаваць і на ўсёй сетцы мясцовых дарог.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Слуцкі раён

Загаловак у газеце: Якасць мясцовых дарог зраўняецца з якасцю рэспубліканскіх

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.