Вы тут

Сёння дзень нараджэння «брэжнеўскай» канстытуцыі


Спаўняецца 40 год дакументу, які прыкладна паўтара дзясятка гадоў з'яўляўся лёсавызначальным для найбуйнейшай краіны свету — Савецкага Саюза. Прынятая 7  кастрычніка 1977 года Канстытуцыя СССР прыйшла на змену так званай сталінскай — ад 5 снежня 1936 года.


Прынцыпова варыянт «брэжнеўскай» канстытуцыі 1977 года не адрозніваўся ад папярэдняга Асноўнага закона. У той жа час у новай Канстытуцыі з'яўляецца прэамбула. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, дзяржава абвяшчалася сацыялістычнай і агульнанароднай, яе палітычнай асновай выступалі Саветы народных дэпутатаў, эканамічнай асновай — сацыялістычная ўласнасць на сродкі вытворчасці ў выглядзе дзяржаўнай і кааператыўна-калгаснай уласнасці.

У аснове дзяржаўнага ўладкавання быў прынцып сацыялістычнага федэралізму — свабоднае аб'яднанне раўнапраўных рэспублік з правам выхаду з Саюза. Акрамя гэтага, Канстытуцыя замацоўвала ролю партыі як кіруючай і накіроўваючай сілы савецкага грамадства. Сярод функцый партыі — вызначэнне кірунку развіцця грамадства, а таксама лініі ўнутранай і знешняй палітыкі СССР.

У параўнанні з папярэднім Асноўным законам у Канстытуцыі СССР 1977 года быў значна пашыраны раздзел аб правах і абавязках грамадзян. З'явілася права на ахову здароўя, на жыллё, права ўдзельнічаць у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі. Услед за саюзнай Канстытуцыяй былі прыняты і канстытуцыі саюзных і аўтаномных рэспублік. Так, Канстытуцыя БССР была прынята 14 красавіка 1978 года.

З 1978 па 1991 гады 7 кастрычніка — Дзень Канстытуцыі — з'яўляўся непрацоўным днём.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.