Вы тут

Па зніжаным кошце


Аналіз цэн на імпартныя лекі ў Беларусі і сумежных краінах — такіх як Польшча і Расія — паказаў, што замежныя пастаўшчыкі выстаўляюць для беларусаў больш высокія кантрактныя цэны прыкладна на 200 прэпаратаў.


Аб гэтым на пасяджэнні рабочай групы па пытанні аналізу рынку лекавых сродкаў заявіў генеральны дырэктар РУП «Белфармацыя» Вячаслаў ГНІЦІЙ. Ён таксама агучыў фактары, ад якіх у кожнай краіне залежаць кантрактныя цэны на лекі — гэта палітыка вытворцы пры пастаўках, частата апошніх, аб'ём рынку, наяўнасць або адсутнасць мытных бар'ераў, лакалізацыя вытворчасці, патрабаванні дзяржавы да працэсу рэгістрацыі, упакоўкі, захоўвання і транспарціроўкі.

Адначасова беларускі бок правёў перамовы з такімі кампаніямі, як «Гедэон Рыхтэр», «Санофі Авенціс», «КРКА» і іншымі. У выніку ўдалося дасягнуць зніжэння кантрактных цэн на 77 найменняў. Зніжка склала ад 10 да 66 працэнтаў. Асобныя лекі пастаўляюцца ўжо зараз па зніжаным кошце. На пачатак кастрычніка на 1,5—57 працэнтаў зніжаны адпускныя цэны на 32 найменні айчынных лекаў.

Як паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі, сёння ў нас створана строгая сістэма кантролю якасці лекаў (падчас ажыццяўлення рэгістрацыі і ўвозу на тэрыторыю краіны), што выключае магчымасць трапляння няякасных, фальсіфікаваных лекаў. Расходы на гэты ўзмоцнены кантроль і невялікі аб'ём рынку не заўсёды дазваляюць замежным вытворцам, пастаўшчыкам знізіць кантрактны кошт да ўзроўню сумежных дзяржаў. Расія тым часам лакалізавала вытворчасць асобных найменняў на сваіх фармпрадпрыемствах, а таму цэны на той тэрыторыі заканамерна пайшлі ўніз. Пакуль гэтыя лекі не атрымалі дзяржаўнай рэгістрацыі ў Беларусі. Як толькі гэта будзе зроблена, зніжэнне павінна адбыцца і ў нас. Адначасова наша краіна таксама мае намер лакалізаваць вытворчасць некаторых замежных прэпаратаў на ўласных фармпрадпрыемствах, але працэс гэта не хуткі. Варта нагадаць, што з лета мінулага года Міністэрства аховы здароўя ўводзіла дадатковыя меры па зніжэнні і стрымліванні цэн — для 1 348 найменняў лекавых прэпаратаў былі ўведзены канкрэтныя памеры рэкамендаваных гранічных рознічных цэн, па якіх юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ажыццяўляецца рознічная рэалізацыя.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».