20 Верасень, чацвер

Вы тут

На 91-м годзе жыцця памёр перакладчык і мастак Гао Ман


У 22.30 па пекінскім часе 6 кастрычніка пайшоў з жыцця перакладчык, мастак, вучоны Гао Ман.


Яшчэ ў 1958 годзе ў Пекіне пабачыла свет перакладзеная ім кніга вершаў Максіма Танка. З беларускім мастаком слова кітайскі сябра славянскіх культур пазнаёміўся ў час паездкі ў Мінск у 1956 годзе. Затым сустракаўся з Максімам Танкам у час яго візіту ў Кітай у 1957 годзе. Гао Ман быў знаёмы з народным мастаком СССР Заірам Азгурам. І праз многія дзесяцігоддзі ў размовах з беларускімі журналістамі ўспамінаў гэтае знаёмства, успамінаў майстэрню Заіра Азгура. Гао Ман - аўтар артыкула пра беларускага мастака Георгія Паплаўскага як пра кніжнага графіка. Між іншым, у 2011 годзе газета "Літаратура і мастацтва" перадрукавала гэты артыкул у перакладзе на беларускую мову.

А яшчэ наш добры сябра пераклаў на кітайскую мову кнігу беларускіх народных казак, аповесць Святланаы Алексіевіч "Цынкавыя хлопчыкі". Кніга будучай лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі пабачыла свет у Пекіне ў 1990 годзе. Гао Ман сустракаўся з Святланай Алексіевіч, ліставаўся.

Перакладчык Ганны Ахматавай, Тараса Шаўчэнкі, ён добра ведаў літаратуру розных народаў Савецкага Саюза. Сябраваў з Мустаем Карымам, Давідам Кугульцінавым, Робертам Раждзественскім, Андрэем Вазнясенскім, Бэлай Ахмадулінай, Юрыем Бондаравым... У пекінскай кватэры Гао Мана - шмат кніг з іх аўтографамі, фотаздымкі малюнкі з дарчымі надпісамі. Гао Ман шмат падарожнічаў па розных гарадах постсавецкай прасторы. Імкнуўся наведаць мемарыяльныя месцы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэтаў, празаікаў. У творчай спадчыне мастака - яго карціны, партрэты, графічныя малюнкі, прысвечаныя Аляксандру Пушкіну, Ганне Ахматавай (дарэчы, кітайскі творца пераклаў яе "Рэквіем"), Льву Талстому, Фёдару Дастаеўскаму, Антону Чэхаву... Намаляваў Гао Ман і беларускіх мастакоў слова - Янку Купалу, Якуба Коласа, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Навума Гальпяровіча, Святлану Алексіевіч...

У пекінскай кватэры Гао Мана ў розныя гады гасцявалі беларускія паэты, празаікі, журналісты, літаратуразнаўцы - Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Навум Гальпяровіч, Вольга Гальпяровіч, Інэса Плескачэўская, Марына Каліцкая, Дар'я Нечыпарук, Мікалай Літвінаў... У народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ёсць верш з прысвячэннем Гао Ману.

У апошнія гады беларускі друк шмат пісаў пра Гао Мана. Перакладчык уваходзіў у склад міжнароднага рэдакцыйнага савета серыі "Светлыя знакі: паэты Кітая". З'явіліся і мастацкія творы, прысвечаныя добраму сябру Беларусі. Мастак Каміль Камал намаляваў партрэт кітайскага перакладчыка беларускай літаратуры. У Мінску ў "Кніжным салоне" (зараз кнігарня зачынена) па вуліцы Калініна, 5 некалькі гадоў назад прайшоў творчы вечар у знак Гао Мана.

Застаецца верыць, што памяць пра светлага чалавека і надалей будзе жыць у сэрцах беларусаў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.