Вы тут

Ці захаваюцца ўступныя экзамены ў гімназіі?


І ўвогуле, ці захаваюцца самі гімназіі? Гэтыя пытанні не на жарт хвалююць бацькоў сённяшніх чацвёртакласнікаў, якія задумваюцца пра выбар навучальнай установы пасля  заканчэння пачатковай школы.  Хвалююць яны і бацькоў гімназістаў, якія раней ужо прайшлі конкурсны адбор, але цяпер не могуць зразумець, якая будучыня чакае гімназіі… 


Як паведаміла прэс-служба Міністэрства адукацыі, у галоўным адукацыйным ведамстве абмяркоўваліся механізмы рэалізацыі канцэпцыі развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі на бліжэйшы час. Удзел у абмеркаванні ўзялі намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Васіль ЖАРКО, міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА, прадстаўнікі абласных упраўленняў адукацыі, дырэктары школ і гімназій. Сярод іншых разглядалася і пытанне аб адмене ўступных экзаменаў у 5-я класы гімназій.

- Сёння дзеці, якія паступаюць пасля чацвёртага класа ў гімназіі, атрымліваюць стрэс і не разумеюць, навошта ім гэта трэба. Я лічу, што ўсе  павінны мець роўныя ўмовы для атрымання адукацыі, -- падзялўся сваім бачаннем сітуацыі Васіль Жарко. --  Для агульнай сярэдняй адукацыі таксама актуальная праблема працоўнага выхавання дзяцей і падлеткаў.  Гэта пытанне не павінна выпадаць з поля зроку бацькоў і педагогаў. 

Віцэ-прэм’ер упэўнены, што ў школе патрэбныя ўрокі працы.  “У наш час пры школах былі вучэбна-вытворчыя камбінаты. Мы з задавальненнем наведвалі  заняткі і атрымлівалі рабочую прафесію. Працоўнае навучанне спрыяе фарміраванню навыкаў і ўменняў, неабходных у дарослым жыцці, выхоўвае павагу да людзей рабочых прафесій. Развіццё дзіцяці павінна быць усебаковым, і працоўнае выхаванне - адзін з элементаў адукацыйнага працэсу”, - падкрэсліў ён. 

На думку міністра адукацыі Ігара Карпенкі, якасць адукацыі не павінна вымярацца вынікамі ЦТ ці "запаветным месцам у гімназіі". Яе трэба ацэньваць па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця кожнага вучня. Трэба адкарэктаваць структуру сістэмы адукацыі. Як від установы адукацыі гімназія захаваецца. "Яна будзе рэалізоўваць праграму пачатковай, базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, пры гэтым аб павышаным узроўні мы павінны весці размову ў дачыненні да вучняў 10-11 класаў", - лічыць Ігар Карпенка. Таксама дэталёвай прапрацоўкі патрабуе пытанне аб незалежным экзамене за курс базавай школы. Міністэрствам сумесна з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і педагогамі будуць прапрацаваны ўсе гэтыя пытанні і толькі пасля гэтага прыняты адпаведныя рашэнні. 

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?