21 Кастрычнік, субота

Вы тут

Да пытання аб кананізацыі Францішка Скарыны


Хацеў бы пачаць з рытарычнага пытання: «А ці будзе калісьці кананізаваны Францішак Скарына?» Адказ на яго дасць толькі жыццё, прычым не за адзін-два гады, а на працягу найбліжэйшых дзесяцігоддзяў.


Калі, дзе і ў каго зарадзілася гэтая ідэя? Думаецца, што падчас творчай вандроўкі беларускай інтэлігенцыі ў ліпені—жніўні 1989 года ў Прагу і Кракаў. Пасля яе, у пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя, займаючыся ўвекавечаннем памяці Скарыны ў свеце і папулярызацыяй яго спадчыны за мяжой, я ўсё больш разумеў маштабнасць і ўнікальную значнасць гэтай постаці ў духоўным сэнсе. Невыпадкова ў сваёй прамове ў Падуанскім універсітэце 20 кастрычніка 1992 года, прысвечанай адкрыццю мемарыяльнай дошкі ў яго гонар, я ахарактарызаваў яго дзейнасць як прыклад Нацыянальнага Месіянства. Магчыма, гэта было эмацыянальнае перабольшванне, выкліканае імкненнем не проста аддаць яму належнае, а ўславіць і ўганараваць духоўна-адукацыйную і выхаваўча-ўтваральную ролю Скарыны ў самаідэнтыфікацыі нашага народа.

Адносна яго жыцця, дзейнасці і спадчыны мне падаецца, што асоба Скарыны не можа быць дасканала і ўсебакова вызначана і ахарактарызавана. Бясспрэчна адно: веліч, геніяльнасць і своечасовасць з'яўлення яго на небасхіле нацыянальнай гісторыі. Менавіта разуменне гэтага прывяло да таго, што ў 2014 годзе група нацыянальнай інтэлігенцыі стварыла Міжнародны аргкамітэт па кананізацыі Францішка Скарыны. Асноўная мэта — папулярызацыя і вывучэнне яго жыцця і творчасці, а таксама верагодная магчымасць далучэння яго да ліку святых.

З гэтай мэтай у сярэдзіне 2014 года мною і Адамам Мальдзісам, як сакратаром аргкамітэта, былі зробленыя ў сродках масавай інфармацыі адпаведныя заявы. Яны выклікалі ў грамадстве неадназначную рэакцыю: ад падтрымкі да крытычных і нават часам здзеклівых каментарыяў.

Асноўная контраргументацыя зводзілася да таго, што няма сведчанняў беззаганнага жыцця Скарыны, а таксама зафіксаваных трох яго цудаў.

Мне здаецца, што адносна такой унікальнай асобы, як Скарына, традыцыйна-класічны кананічны падыход не адпавядае маштабу, ролі і значнасці постаці нашага першадрукара. Галоўны цуд Скарыны — гэта пераклад Бібліі, дзякуючы якому не асобныя людзі сталі відушчымі ці аднавілі слых, а стаў відушчым увесь наш народ. Геній Скарыны заключаўся ў тым, што ён дзвюма-трыма кнігамі адчыніў дзверы з цемры і вывеў людзей на святло, увёў у агульналюдскую, агульнаеўрапейскую сям'ю, у пантэон гуманістычнай культуры нашага кантынента, заявіў аб праве беларускага народа на нацыянальна-культурнае вызначэнне.
А возьмем у якасці прыкладу кананізацыю Кірыла і Мяфодзія, якія былі прылічаныя да святых не за нейкія канкрэтныя цуды, а за галоўны подзвіг іх жыцця — распрацоўку кірылічнага алфавіта, якім сёння карыстаюцца многія славянскія народы. Ці — апошняя навіна пра тое, што ў Чылі пачынаецца працэс кананізацыі Ігната Дамейкі, галоўны цуд якога, далёкі ад кананічнага, звязаны з асветай, навукай, адкрыццём універсітэта, што дало магчымасць з'явіцца на свет чылійскай нацыі.

Мы падрыхтавалі зварот да Яго Экселенцыі Архібіскупа Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь пана Клаўдыя Гуджэроці: «Інфармуем Вас, што ў нашай краіне створаны і пачынае працаваць Міжнародны грамадскі камітэт па кананізацыі беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, перакладчыка Бібліі на старабеларускую мову і аўтара прадмоў
і пасляслоўяў да першага сярод усходнеславянскіх народаў выдання Святога Пісання Францыска (Францішка) Скарыны. Яго напружаная праца — гэта сапраўдны жыццёвы подзвіг. Ён сведчыць пра веліч і аўтарытэт гэтай постаці ў агульнасусветным духоўным кантэксце.

Мы звяртаемся да Вас, Ваша Экселенцыя, з просьбай аказаць нашаму аргкамітэту неабходную дапамогу на няпростым, але пачэсным шляху да кананізацыі гэтай Асобы, якая па праве лічыцца стваральнікам беларускай нацыі. Чалавека, беззаганнага маральнага хрысціяніна, які карыстаецца павагай сярод каталікоў, праваслаўных і ўніятаў».

Гэты зварот падпісалі старшыня аргкамітэта, яго сакратар доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс, доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка, кандыдаты філалагічных навук Алесь Жлутка, Вячаслаў Чамярыцкі, Язэп Янушкевіч, скульптар Валерый Янушкевіч і многія іншыя.

Хачу падкрэсліць, што рэакцыя пана Клаўдыя Гуджэроці была дастаткова станоўчая. Ён некалькі разоў сустракаўся з членамі аргкамітэта і запэўніў нас, што будзе інфармаваць пра нашу ініцыятыву кіраўніцтва Ватыкана. Ён параіў больш актыўна займацца папулярызацыяй беззаганнага жыцця, творчасці гэтай асобы ў сродках масавай інфармацыі і асабліва сярод вернікаў. Пан Гуджэроці выказаў слушную прапанову, што асноўны акцэнт перш-наперш трэба рабіць на верніках малой радзімы Скарыны — Полаччыны і Віцебшчыны, якія маглі б выступіць з ініцыятывай адпаведнай інтэнцыі. У сувязі з тым, што ў той час актыўна абмяркоўвалася магчымасць прыезду на Беларусь Папы Рымскага Францішка, ён параіў, каб самі вернікі пасля аднаго з магчымых яго богаслужэнняў у Мінску актуалізавалі гэтае пытанне ў непасрэдным звароце да Яго Святасці. Мы абсалютна былі згодныя з ім і перакананы таксама сёння, што толькі шырокая падтрымка гэтай ідэі сярод вернікаў вырашае сутнасць справы, яе верагодны поспех у будучыні.

Хачу таксама з задавальненнем адзначыць, што сёлета, 2 верасня, на ўрачыстасцях у Полацку, прысвечаных Дню беларускага пісьменства, прагучала наступная заява мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі: «Цяперашняе свята — гэта падстава для таго, каб азірнуцца на гістарычнае мінулае беларускага народа і падумаць, што было б, калі б не было святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, першадрукара Францыска Скарыны. Цяжка сабе ўявіць, але гэта падстава для роздуму. Гэтыя людзі, якія ўнеслі важкі ўклад у беларускую гісторыю і культуру, далі такі зарад энергіі, які і дагэтуль натхняе іншых на творчыя справы».

А далей — прамы аналаг з гістарычным подзвігам Скарыны па перакладзе Святога Пісання на беларускую мову: «Хачу сказаць, што літаральна некалькі тыдняў таму яшчэ адзін значны плод быў прынесены Беларускай праваслаўнай царквой нашаму народу. Больш за 25 гадоў нашы навукоўцы, лінгвісты, славісты, перакладчыкі працавалі над перакладам кніг Святога Пісання Новага Запавету. І сёння ў Полацку мы прэзентавалі Новы Запавет на сучаснай беларускай мове. Хачу сказаць, што гэта таксама гістарычная падзея, яшчэ адзін крок для таго, каб нашы людзі спазнавалі Бога, вучыліся любіць адзін аднаго, маглі бачыць жыццё ў міры, згодзе і аднадумстве».

Падсумоўваючы вышэйсказанае, хачу адзначыць наступнае:

  • Мы, сябры аргкамітэта, якія прадстаўляюць пэўную частку нацыянальнай інтэлігенцыі, бачым сваю задачу толькі ў тым, каб актуалізаваць, паставіць на парадак дня гэта пытанне, распачаць на свецкім узроўні яго абмеркаванне ў сродках масавай інфармацыі і паступова перадаць на разгляд вернікаў, адышоўшы ўбок. Мы павінны будзем засяродзіць сваю ўвагу і працу перш за ўсё на паглыбленні і вывучэнні яго жыцця, рознабаковай дзейнасці Скарыны, папулярызацыі яго духоўнай спадчыны.
  • Асноўная функцыя нацыянальнай інтэлігенцыі, якая валодае дарам прадбачання, у гэтым выпадку — даць новы імпульс духоўнаму выхаванню і развіццю нашага народа, яго сапраўднаму нацыянальнаму адраджэнню, імкнуцца падняцца над штодзённасцю жыцця, зазіраць крыху наперад, прагназаваць магчымае развіццё падзей у культурнай і духоўнай сферах цягам гэтага стагоддзя.
  • Перакананы, што кананізацыя Скарыны — гэта важкі і сур'ёзны крок на шляху выжывання, кансалідацыі і завяршэння працэса фарміравання беларускай нацыі ў няпростых умовах глабалізацыі і ўніверсалізацыі, калі патэнцыйна мы можам «распыліцца імглой між чужых».
  • Духоўны імператыў жыцця Скарыны — гэта пераадоленне шматканфесійнасці як асноўнай прычыны нашай трагічнай раздвоенасці і адсутнасці еднасці. Мы не сталі тыповым народам Усходу, але не прынялі цалкам і культуры (у сэнсе ідэалогіі, веры) Захаду. Але грунтуючыся на запаветах Скарыны, ва ўмовах цывілізаванага XXІ стагоддзя, у культуралагічным сэнсе, гэта можа быць не столькі адмоўнай, а дастаткова прыцягальнай, станоўчай субстанцыяй і рысай. Трэба імкнуцца да гарманічнага сімбіёзу, фарміравання ў псіхалагічным і культурным сэнсе трэцяй якасці. Менавіта са спалучэння візантыйска-праваслаўнага пачатку, напоўненага велізарнай духоўнасцю і самаахвярнасцю, і каталіцкага, з непаўторнай шчырасцю і адданасцю веры, а таксама прагматычна-рацыянальнага пратэстанцкага пачатку, аздобленага этыкай працавітасці і сціпласці, можна сфарміраваць нашу адметнасць, нашу новую нацыянальна-псіхалагічную сутнасць. У выхаваўчым сэнсе неабходна стварыць новую культурную якасць. Трэба зрабіць так, каб нашы дзеці не проста добра ўяўлялі, а глыбока ўспрымалі і ў штодзённым жыцці і працы выкарыстоўвалі каштоўнасці гэтых двух вялікіх рэлігійна-культуралагічных уплываў, бралі лепшае ў кожным з іх.
  • Хрысціянін Францыск (Францішак) Скарына — дарагі і шанаваны ўсімі беларусамі незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці, сацыяльнага статусу, полу і ўзросту.
  • Што ў рэшце рэшт атрымаецца з нашай шчырай ініцыятывы, накіраванай на духоўны ўздым нашага народа, пакажа толькі час. І адзіным арбітрам у гэтым будуць простыя вернікі і Яго Вялікасць беларускі народ.

Пётр КРАЎЧАНКА

Загаловак у газеце: Веліч. Геніяльнасць. Своечасовасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.