Вы тут

«А пажару крыві не стушыць...»


Ім было так няшмат. Гадоў 26, 28, камусьці больш. Хтосьці скажа, дзеці яшчэ! Але тыя, каму было наканавана стаць нашымі айцамі, вырасці не паспелі... Так і жывём. Са звяном, што выпала з ланцуга памяці. Чым і як замяніць гэту пустэчу? І ці здольныя мы?


Ва­ле­рыю Ма­ра­ко­ву  бы­ло 28 га­доў,  ка­лі яго рас­стра­ля­лі.

Сёлета спаўняецца 80 гадоў з часу той страшнай ночы — з 29 на 30 кастрычніка 1937 года было расстраляна больш за 100 дзеячаў беларускай культуры, сярод якіх — 22 літаратары. Многіх да іх «далучылі» раней ці пазней. У жывых, з усяго пакалення, засталіся, па сутнасці, Янка Купала і Якуб Колас. Але не стала Уладзіслава Галубка, Браніслава Тарашкевіча, Вацлава Ластоўскага... І цэлай плеяды паэтаў, у сэрцах якіх ужо выспела літаратура... Але свой плод прынесці не паспела.

Часам думаецца: а што, калі б усе тыя творцы засталіся жыць?.. Максім Гарэцкі, напрыклад, хоць і напісаў няшмат, але некаторыя даследчыкі мяркуюць, што менавіта ён — найгалоўнейшы наш класік (калі ўвогуле можна праводзіць такую ратацыю). У яго адмысловы імпрэсіяністычны стыль, адметнымі сродкамі ён перадае каларыт і атмасферу, творы маюць цікавы, глыбокі псіхалагізм. Каб пажыў ён яшчэ хоць бы гадоў дзесяць, мы мелі б сапраўдныя шэдэўры, што, без сумневаў, увайшлі б у пантэон сусветнай класікі.

Не паспелі раскрыць свой талент шматлікія паэты. Анатолю Вольнаму было ўсяго 26 гадоў. Алесю Дудару — 33, Міхасю Зарэцкаму — 36, Юрку Лявоннаму — 29, Юлію Таўбіну — 26. Вядома ж (а дакладней, на жаль), сёння яны, як і многія іншыя рэпрэсаваныя дзеячы таго часу, не на слыху. Іх творы не вывучаюць у школе. І не таму, што маладымі сышлі з жыцця. Усё значна прасцей — яшчэ цэлыя дзесяцігоддзі пасля іх смерці не прынята было ўключаць такіх літаратараў у даследаванні. Іх не толькі фізічна знішчылі. Галоўны скарб, створаны імі, — літаратуру — таксама трымалі ў лепшым выпадку ў спецсховах. Тое, што ацалела, — часцей за ўсё выпадкова. Але са страшнага шэрагу небыцця да нас усё ж такі далятаюць радкі. Як, напрыклад, гэтыя, напісаныя Валерыем Мараковым у 1927 годзе:

«...Не табе, не з табой я маліўся,

Ну й за гэта сягоння даруй,

Не шкада, што на свет нарадзіўся,

Не шкада, што калісьці памру.

 

Не шкада, што ў вячэрнім тумане

Мёртвы месяц пажарам гарыць

І на белыя грудзі курганаў

Льюцца слёзы крывавай зары.

 

Ах, сягоння ля гэтай дубровы

Хочу жыць, яшчэ хочу я жыць,

Бо кахаць ты не будзеш нанова,

А пажару крыві не стушыць...»

Узнёсла разважаючы пра жыццё і нябыт, малады паэт, якому было тады ўсяго 18, наўрад ці думаў, што смерць
напаткае яго ўжо праз дзесяць гадоў.

Многа страчана імёнаў. Маладыя людзі паспелі заявіць пра свае яскравыя таленты, але належным чынам уславіць родную Беларусь ім не далі... Што рабіць з гэтай пустэчай, з гэтай белай плямай у культурнай прасторы, дагэтуль
незразумела. Можа народу трэба пакаяцца?

Усім хацелася б думаць, што яны нашчадкі паэтаў (але быць дзецьмі тых, хто памёр маладым, таксама не надта радасна). Але, відавочна, хтосьці ж мусіць паходзіць і ад тых, хто расстрэльваў ці аддаваў такія загады... Тэрмін даўнасці, калі б яшчэ можна было знаходзіць вінаватых, даўно мінуў. Ды яно, мусіць, і не патрэбна. Але нават псіхолагі раяць разбірацца са сваім мінулым, прапрацоўваць даўнія траўмы, выносіць на паверхню застарэлы боль — і тады ён насамрэч адпусціць.

Беларусы — досыць унікальная нацыя. Міралюбівая, шчырая, таленавітая, годная. І ў той жа час вельмі няўпэўненая ў сабе і ў нечым нават слабая. Чаго мы баімся? За што падсвядома адчуваем віну?..

Падаецца, лёд зрушыўся з месца, крыгі паціху вызваляюць рэчышча ракі. Пацвярджэнне таму — выстава «Страчаныя абліччы», што адкрылася ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. У інтэрнэце ствараюць сайты з імёнамі рэпрэсаваных продкаў, дзе можна паспрабаваць адшукаць сваякоў. Зараз ладзіцца праект «(Не)расстраляная паэзія». У кастрычніку і першай палове лістапада ў кнігарні «Логвінаў» увечары па пятніцах можна завітаць на лекцыі пра аднаго з расстраляных паэтаў — ды паслухаць музыку гуртоў, што напісалі творы на іх вершы. Канцэртная прэм'ера праекта «(Не)расстраляная паэзія» адбудзецца ў клубе «Бруге» 29 кастрычніка.

Не ўсе нарывы на целе гісторыі XX стагоддзя ўскрытыя. Яны будуць балець, слаба ныць (хоць часам быццам незаўважна), пакуль мы не звернем на іх увагу і не вылечым. Толькі так, з цяжкасцю выплаўляючы золата з бруднага металу, мы знойдзем сапраўдных сябе.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?