Вы тут

Спарткомплекс «Уручча» гатовы прыняць спаборніцтвы ІІ Еўрагульняў


Палац лёгкай атлетыкі на ўскраіне Мінска пасля рэканструкцыі адкрыўся ў пачатку 2016 года. Сама па сабе пляцоўка мае ўнікальную гісторыю, у яе сценах пад кіраўніцтвам вядомага гандбольнага трэнера Спартака Мірановіча выраслі восем алімпійскіх чэмпіёнаў. Легендарны мінскі СКА здабываў там цяжкія, але яркія перамогі на самых прэстыжных еўрапейскіх турнірах. Сёння са старэнькага лёгкаатлетычнага манежа Палац спорту «Уручча» ператварыўся ў сучаснае спартыўнае збудаванне.


Так выглядае галоўная арэна  спарткомплекса «Уручча».

Пляцоўка стала ўніверсальнай, пры рэканструкцыі акцэнты зрушылі на гульнявыя віды спорту, цяпер тут можна праводзіць трэніроўкі і гульні па гандболе, валейболе, баскетболе, міні-футболе і нават бадмінтоне. На месцы лёгкаатлетычных дарожак з'явіліся трыбуны, разлічаныя на 3000 месцаў.

— Палац зроблены вельмі якасна і адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням. На сённяшні момант у ім ужо праведзены шэраг буйных спаборніцтваў сусветнага маштабу, водгукі мы атрымалі самыя станоўчыя, — расказвае першы намеснік старшыні Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Кірыл Чупрыс. — Палац укамплектаваны выдатнай трэнажорнай залай, ёсць аднаўленчы цэнтр, аддзел спартыўнай медыцыны, які аснашчаны самым перадавым абсталяваннем.

Аб'ект уключае ў сябе тры асноўныя пляцоўкі: галоўная арэна і яшчэ дзве трэніровачныя залы, адна з якіх мае камфортную трыбуну для 300 гледачоў. Усе пляцоўкі абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі безбар'ернага асяроддзя, якое дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі карыстацца паслугамі комплексу незалежна ад чыёй-небудзь дапамогі і актыўна ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах.

Па якіх відах спорту прыме спаборніцтвы палац ва Уруччы ў 2019 годзе яшчэ невядома, але Кірыл Леанідавіч адзначае, што яны гатовыя стварыць камфортныя ўмовы для прадстаўнікоў бокса, бадмінтона, барацьбы, дзюдо і спартсменаў іншых відаў. У палаца ўжо ёсць пэўны вопыт правядзення міжнародных спаборніцтваў. Напрыклад, якраз цяпер там праходзяць гульні міні-футбольнай Лігі чэмпіёнаў, а праз тыдзень спарткомплекс «Уручча» прыме ўжо матч гандбольнага Кубка ЕГФ.

Калі Палац спорту ўжо гатовы, то стралковы комплекс імя Цімашэнкі толькі збіраецца адчыніць свае дзверы для аматараў спорту. Ён быў пабудаваны ў 1971 годзе і названы імем вялікага чалавека — Маршала Савецкага Саюза Сямёна Канстанцінавіча Цімашэнкі, двойчы Героя Савецкага Саюза. У сценах комплексу вырасла вялізная колькасць беларускіх стралкоў.

— У армейскага спорту багатыя традыцыі, на ўсіх буйных стралковых спаборніцтвах (Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы) прадстаўлены нашы спартсмены — Ігар Басінскі і Сяргей Мартынаў — прызёры Алімпіяд і сусветных першынстваў. Цяпер з'явілася новая плеяда маладых армейскіх стралкоў — гэта Віталь Бубновіч і Юрый Шчарбацэвіч, якія рэгулярна прывозяць медалі з міжнародных спаборніцтваў, — расказвае Кірыл Чупрыс.

Будаўніцтва новага корпуса ціра.

Зараз стралковы комплекс на рэканструкцыі, работы на аб'екце пачаліся сёлета ў лютым. Плануецца пабудаваць новы корпус, дзе размесцяцца чатыры ціры: тры закрытага тыпу, адзін — напаўадкрытага. Прадугледжаны памяшканні для спартсменаў, трэнерскага складу і адміністрацыйнага персаналу. Асобныя пляцоўкі абсталююць для стральбы з лука і пейнтбола.

— Штуршком для рэканструкцыі паслужыла правядзенне ў Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Больш маштабных стралковых аб'ектаў у нас у краіне няма. Ва Уруччы можна праводзіць адначасова спаборніцтвы ў адкрытых і ў закрытых памяшканнях, — адзначае першы намеснік старшыні Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл.

Першапачаткова планавалася, што аб'ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе наступнага года, але тэрміны перагледзелі і перанеслі на верасень 2018-га. Гэта робіцца для таго, каб у абноўленым стралковым комплексе яшчэ да Еўрапейскіх гульняў правесці буйны турнір і, так сказаць, абкатаць аб'ект.

Для гледачоў, якія прыйдуць паназіраць за спаборніцтвамі па стральбе, прадугледжаны камфортнае размяшчэнне на трыбунах (у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі будуць зроблены ліфты і пандусы) і зручная паркоўка. З дапамогай сучаснага абсталявання інфармацыя з мішэняў будзе выводзіцца на вялікія маніторы, каб балельшчыкі маглі адсочваць вынікі ў рэжыме анлайн.

Дырэктар ціра  Алег Грыгарэнка  дэманструе  новае  абсталяванне.

Кірыл Леанідавіч адзначае, што аб'ект будуецца не толькі для Еўрагульняў, і да і пасля іх ён будзе актыўна выкарыстоўвацца.

— Сродкі, якія ўкладваюцца ў рэканструкцыю, інвестуюцца ў развіццё кулявой стральбы і спартыўна-масавага руху. 50-метровы цір ужо ўведзены ў эксплуатацыю, там праводзяцца вучэбна-трэніровачныя зборы нацыянальнай каманды, трэніруюцца таксама стралкі, якія прадстаўляюць краіну на спаборніцтвах па ваенным і сучасным пяцібор'і.

У далейшым у стралковым комплексе імя Цімашэнкі будуць праводзіцца не толькі зборы, але і спаборніцтвы рэспубліканскага і еўрапейскага маштабу. Гэтак жа ён падыходзіць для правядзення чэмпіянату свету па кулявой стральбе сярод вайскоўцаў. На базе комплексу будзе створана спартыўная дзіцяча-юнацкая школа, якая стане добрай дапамогай для нацыянальнай каманды.

Карыстацца паслугамі ціра і Палаца спорту «Уручча» могуць і звычайныя мінчане, спецыяльна для гэтага ў стралковым комплексе будзе створана пляцоўка для гульні ў пейнтбол, а ў палацы ўжо функцыянуюць заняткі па фітнесе, саўны і аматарскія ўрокі гульні ў бадмінтон.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Легендарны палац для новых здзяйсненняў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.