Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра дамашні матч нашых футбалістаў у адборы на чэмпіянат свету і сённяшнюю гульню ў Парыжы. А таксама падводзім вынікі выступлення гандбольных прадстаўнікоў краіны на турнірах у Еўропе.


1. У заключным туры адборачнага турніру чэмпіянату свету — 2018 сёння зборная Беларусі згуляе ў Парыжы з французамі. Балгары выступяць у гасцях у Люксембурга, галандцы прымуць на сваім полі шведаў.

Нагадаем, наша футбольная зборная ў суботу прайграла камандзе Нідэрландаў — 1:3. Адзначым, што з розных прычын у матчы з галандцамі не змаглі прыняць удзел Павел Савіцкі і Міхаіл Гардзяйчук.

Адзіным голам у беларусаў на 55-й хвіліне адзначыўся Максім Валадзько. У галандцаў вызначыліся Дэві Прэпер, Ар'ен Рабэн і Мэмфіс Дэпай.

— Трохі скаваны атрымаўся першы тайм, сапернік валодаў мячом, даводзілася абараняцца. А вось другі тайм атрымаўся нядрэнны. Шмат вастрыні, шмат падыходаў да штрафной. Шкада, што дастаткова спрэчнае рашэнне суддзі прывяло да паражэння, — адзначыў пасля матча галоўны трэнер зборнай Ігар Крывушэнка. — Хлопцы адчуваюць, што яны гулялі ў гэтым матчы. Прымусілі саперніка абараняцца, нервавацца. Гэта павінна надаць упэўненасці ў матчы з французамі.

— Усё ж такі мы не дамагліся станоўчага выніку. Мэтай было як мінімум не саступіць. Тым больш гулялі дома. Так, нам супрацьстаяў гранд, аднак мы выходзілі на поле з залімітавым настроем і ставілі сабе канкрэтную мэту: узяць ачкі, — пракаментаваў сустрэчу абаронца беларусаў Сяргей Паліцэвіч.

У іншых суботніх сустрэчах кваліфікацыйнай групы А зборная Францыі ў Сафіі адолела Балгарыю 1:0, а ў Стакгольме шведы разграмілі футбалістаў Люксембурга — 8:0.

Турнірнае становішча пасля 9 тураў: Францыя — 20 ачкоў (розніца мячоў — 16—5), Швецыя — 19 (26—7), Нідэрланды — 16 (19—12), Балгарыя — 12 (13—18), Беларусь — 5 (5—19), Люксембург — 5 (7—25).


2. Дзюдаіст Дзмітрый Мінькоў заваяваў залаты медаль на этапе Гран-пры ў Ташкенце з прызавым фондам $100 тыс. У першай сутычцы Дзмітрый (вагавая катэгорыя — 66 кг) атрымаў перамогу чыстым кідком над спартсменам з Казахстана, а наступны паядынак эфектна выйграў у прадстаўніка Бельгіі. У спаборніцтве за выхад у фінал беларус аказаўся мацнейшы за ўзбекскага дзюдаіста. У сутычцы за залатую ўзнагароду Дзмітрый Мінькоў адолеў атлета з Манголіі. Другую ўзнагароду ў скарбонку прынёс Ягор ВАРАПАЕЎ. Ён стаў бронзавым прызёрам.

За 14 камплектаў узнагарод змагаліся больш за 200 спартсменаў з 29 краін.


3. Мінскі «Будаўнік» заваяваў Суперкубак Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд, абыграўшы на сваёй пляцоўцы чэмпіёна краіны салігорскі «Шахцёр» — 3:1 (25:15, 25:23, 23:25, 25:18).


Адзначым, што салігорскі клуб чакае дэбют у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. 18 кастрычніка каманда на выездзе згуляе з «Макабі» з Тэль-Авіва, паядынак у адказ адбудзецца 22 кастрычніка на пляцоўцы Палаца спорту «Уручча». Мінскі «Будаўнік» у снежні стартуе ў Кубку выкліку ЕКВ, у якім дамогся самага значнага поспеху для беларускіх клубаў і дайшоў да паўфіналу турніру ў 2015 годзе.


4. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў чацвёртым туры Лігі чэмпіёнаў на выездзе перамог дацкі «Ольбарг». Першую палову сустрэчы за сабой пакінулі гаспадары пляцоўкі — 11:10, аднак «мяшкоўцы» да 40-й хвіліны матча ўжо вялі з розніцай у чатыры мячы. Вынік сустрэчы — 23:20 на карысць беларускага клуба.

14 кастрычніка на выездзе брастаўчане будуць супрацьстаяць «Цэле».


5. Гандбалісты мінскага СКА паспяхова правялі першы матч 2-га кваліфікацыйнага раўнда розыгрышу Кубка ЕГФ супраць «Бухарэста». Віцэ-чэмпіёны Беларусі завяршылі першую палову гульні ўнічыю з роўным лікам 14:14, а пасля перапынку згулялі яшчэ мацней, дабіўшыся перамогі з лікам 30:26.

Зваротны паядынак за выхад у 3-і адборачны круг падапечныя Ігара Папругі правядуць 15 кастрычніка на пляцоўцы мінскага Палаца спорту «Уручча».


6. Беларускі спецыяліст Эдуард Занкавец прызначаны галоўным трэнерам браціслаўскага «Слована». 48-гадовы настаўнік змяніў у славацкай камандзе 58-гадовага чэха Мілаша Ржыгу, які трэніраваў «Слован» з 2015 года. Раней Эдуард Занкавец узначальваў «Барыс» з Астаны і зборную Казахстана. У 2010—2011 гадах ён быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Апошняя бітва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».