Вы тут

Як гараджане пераехалі ў вёску, стварылі аграсядзібу і заапарк


Дыктафонную гутарку з Юрыем і Наталляй Каптышамі праслухоўваю не першы раз галоўным чынам з-за таго, што наш дыялог адбываецца на фоне розных птушыных і звярыных галасоў. Весела кукарэкаюць пеўні, бубняць індыкі і качкі, а лісы (ніколі б не падумала) заводзяць песні накшталт катоў. У гэтым бадзёрым шматгалоссі адчуваецца нейкая ўрачыстасць жыцця, нешта сапраўднае. І я, здаецца, пачынаю разумець Юру і Наталлю, хоць ніколі не была фанатам жывёльнага свету, не вельмі любіла наведваць заапаркі. Так было, прынамсі, раней. Пакуль не трапіла ў Дэколы...


Юрый Кап­тыш з су­ры­ка­там.

Спачатку была курыца

Дык вось пра нашых герояў. Яны абое выраслі ў Баранавічах, скончылі школу, атрымалі прафесіі і працавалі ў даволі вялікім горадзе. Там нарадзіліся іх дочкі Алівія і Дамініка. Юрый быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, займаўся продажам машын. Наталля яму дапамагала. У нейкі момант, паводле слоў жонкі, ад стомленасці і гарадскога тлуму захацелася цішыні, адасобленасці: каб прачнуцца ранкам і адразу перад табой — лес, каб сонца насустрач і поўныя грудзі паветра.

Яны купілі дом у Дэколах, на ўскрайку вёскі. Прырода тут сапраўды рэдкай прыгажосці. Векавыя сосны і бярозы — адразу за агароджай. Цяпер грыбы, кажуць, збіраюць за варотамі ўласнай сядзібы. А тады прыязджалі сюды выхаднымі проста адпачываць. Не садзілі нават ніякага агарода, як робяць сапраўдныя дачнікі. І каб хто ім сказаў у той час, што неўзабаве прададуць кватэру і пераедуць сюды назусім, пэўна, пасмяяліся б.

Але аднойчы з іх пасмяяліся знаёмыя, якія гасцявалі ў Каптышаў: «Маўляў, якія вы вясковыя гаспадары, калі ў вас нават яйка дамашняга няма?» І Юра тады пайшоў на рынак, купіў дзясятак курачак. З іх усё і пачалося, згадвае гаспадыня. Найперш зазірнулі ў інтэрнэт, знайшлі рэкамендацыі па гадоўлі свойскай птушкі. Даглядалі курэй, кармілі і неўпрыкмет сталі заўважаць, што ім цікава мець справу з перыстымі жывымі істотамі. Вырашылі завесці курэй іншых парод, якіх бачылі па тэлевізары. Ну і пайшло: цяпер у іх каля дзясятка відаў розных курэй. Адна такая маленькая квактушка тэпала каля вальера з куранятамі...

І яек зараз дастаткова. Ёсць ужо нават і качыныя, і страусавыя. Страусы ў гаспадарцы Каптышаў з'явіліся некалькі гадоў таму, ну, і паўліны, фазаны. Ёсць індыкі. Па суседстве з апошнімі пасяліліся буслы. Іх нярэдка прыносяць жыхары гэтай ці суседніх вёсак, калі знаходзяць параненую альбо хворую птушку, што засталася зімаваць. А тут усіх прымаюць. Нібы таго голуба, што дзеці знайшлі напаўжывым. Ён не толькі паправіўся, але і стаў адчуваць сябе самым галоўным. Наталля кажа, што зусім дарэмна голуба называюць птушкай міру, іхні сваёй ваяўнічасцю абвяргае ходкі міф, бо лічыць за норму стасункаў пабіцца з усімі. І добра, што крылы ратуюць, калі ён надакучвае іншым насельнікам заалагічнага падворка. Вашага карэспандэнта шызы птах крыху патузаў за валасы, але нямоцна. І гэта таксама адна з мілых асаблівасцяў заасада, які стварылі двое апантаных. Яны вельмі любяць братоў нашых меншых. Апошняе лёгка чытаецца па дагледжаным, задаволеным выглядзе многіх і многіх прадстаўнікоў фаўны, асобныя з якіх пры з'яўленні гаспадароў адразу просяцца на рукі.

Замест кватэры — аграсядзіба

Зразумела, каб заапарк стаў такім, як ёсць цяпер, спатрэбілася каласальная праца. Спачатку сужэнцы прывялі ў парадак участак, адрамантавалі, добраўпарадкавалі дом, падвялі камунікацыі. Пабудавалі вальеры і памяшканні для жывёлы. Тым часам прадалі кватэру ў горадзе і ўзвялі побач з жылым гасцявы домік. Цяпер у іх яшчэ зарэгістраваная аграсядзіба. Гаспадары могуць прымаць турыстаў. Праўда, за мінулае лета гэтым давялося займацца толькі два разы. Дзесяць дзён гасцявала бабуля з унучкай з Мінска, і дзве сямейныя пары знялі пакоі, каб адзначыць юбілей аднаго з наведвальнікаў. Але Наталля Генадзеўна ў гэтым сэнсе вялікі аптыміст: яна спадзяецца, што, нягледзячы на тое, што турызм у Беларусі толькі набірае абароты, ён будзе развівацца, і іх сядзіба яшчэ стане папулярнай у тых, хто шукае стасункаў з жывой прыродай. Таму і старэйшую дачку адправілі вучыцца ў Польшчу, дзе яна атрымае падрыхтоўку па асновах турыстычнага бізнесу.

А малодшая, першакласніца Дамініка, вельмі любіць жывёл і птушак, яна ўжо, лічы, вырасла ў стасунках з імі. Старэйшая Алівія таксама ва ўсім дапамагае бацькам, калі бывае дома. У Каптышаў няма праблем, як у іншых: як адвадзіць дзяцей ад камп'ютара. Дзяўчынкі ўвесь час на вуліцы: яны і гаспадаркай займаюцца, і экскурсіі дапамагаюць праводзіць. «І я вельмі рада, — гаворыць мама Наталля. — А то некаторыя гарадскія дзеці не могуць адрозніць казу ад авечкі, карову ніколі не бачылі блізка». Гэта яна зразумела, калі сталі арганізоўваць экскурсіі.

Лю­бім­цы гас­па­да­ра — аль­па­кі.

Вярблюд на дажынках і ліса з біяграфіяй

Расказваць гасцям пра сваіх гадаванцаў яны ўмеюць. Любімцы гаспадара — перуанскія бязгорбыя вярблюды — альпакі. Яны ўдвая меншыя за звычайных вярблюдаў, у іх вельмі каштоўная шэрсць. Стрыгуць жывёлін раз на два гады. І сёлета з кожнай асобіны атрымалі па восем кілаграмаў каштоўнай сыравіны. Можна вязаць цёплыя шкарпэткі ды рукавіцы. Цікава, што самец альпакі карычневага колеру, а самачка белая. Яна старэйшая і больш баязлівая. А яе сябар малады і рахманы, бо вырас каля людзей. Сёлета яго вазілі на раённыя дажынкі. У легкавую машыну на задняе сядзенне вярблюда ўдалося ўладкаваць вельмі лёгка, такім жа чынам яго транспартавалі і дадому. І хоць радзіма гэтых звяроў — Лацінская Амерыка, да нашых зім яны адаптаваліся добра. Іх гаспадары заапарка купілі ў Польшчы.

У кожнага насельніка тут свая гісторыя і біяграфія. Многія прыехалі на ПМЖ з мінскага заапарка, куды траплялі таксама па-рознаму. Мілы янот, які любіць лазіць па клетцы, нібы хамяк, жыў у адной мінскай кватэры. Але неўзабаве надакучыў сваёй гаспадыні, і яна прынесла яго ў заапарк. Там новага кватаранта пасялілі па суседстве з ваўком. Шэры злаўчыўся ды адкусіў небараку пальцы на лапе. Неўзабаве раны зажылі, у Дэколах яму падабралі сяброўку, у гэтай пары ўжо ёсць папаўненне.

Ліса непрывычнай белай афарбоўкі жыла наогул у рэстаране, таксама ў Мінску. Ну і, вядома, ела не толькі са сваёй міскі, магла пачаставацца і з талерак наведвальнікаў. Адным гэта падабалася, а іншым... Таму лісіца цяпер у вясковым заапарку. І сварыцца са сваёй чарнабурай сяброўкай гукамі, падобнымі да кацінага мяўкання. А іх рыжы кавалер пры гэтым стрымана маўчыць. «За лісамі асаблівы догляд патрэбны, — расказвае Наталля, — вальеры даводзіцца мыць з хлоркай кожны дзень, каб нейтралізаваць характэрны пах».

А мілы прыгажунчык сурыкат, як і любая добрая істота, вечна церпіць за сваю дабрыню. Ён лезе да іншых насельнікаў з намерам сябраваць, а яго нярэдка б'юць. Аднойчы нехта ваяўнічы так ударыў, што ледзьве адкачалі небараку, таму сурыкатаў цяпер шчыльна закрываюць у клетцы... Гаспадары могуць гадзінамі расказваць пра сваіх гадаванцаў.

Не лазня, а воўчая вальера

У ліку апошніх насельнікаў заасаду ў Дэколах — пара ваўкоў. Сабралі Каптышы грошы на лазню, а тут ваўчаняты падвярнуліся амаль задарам. Вось толькі вальера для іх, пабудаваная па ўсіх правілах бяспекі, якраз у кошт добрай лазні абышлася. Для ваўкоў трэба рабіць загараду з фундаментам, заглыбленым амаль на метр у зямлю, ну і шмат іншых нюансаў маецца. Камісія прыязджае, вальеру аглядае, толькі тады жывёлін рэгіструюць. Ваўчаняты пакуль яшчэ шчанюкі, выглядаюць даволі забаўна, увесь час гуляюць, коўзаюцца, але норы рыюць.

Экскурсій у Каптышаў найбольш летам. Бываюць наведвальнікі і зімой, калі дзяцей прывозяць арганізаванымі групамі. Для інвалідаў, выхаванцаў дзіцячых дамоў, прыёмных сем'яў экскурсіі ладзяцца бясплатна. Дзеці бываюць шчаслівымі, калі ім дазваляюць блізка падысці да жывёлін, а некаторых пагладзіць і ўзяць на рукі. Ды і дарослыя часта становяцца падобнымі да дзяцей, шчыра ўсміхаюцца, радуюцца, становяцца такімі непасрэднымі. «Мы навучыліся атрымліваць добрую станоўчую энергію ад жывой прыроды і гатовыя дзяліцца ёю з іншымі», — гаворыць Наталля.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Баранавіцкі раён

Загаловак у газеце: Адчуць душу жывой прыроды

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.