У нядзелю а шаснаццатай гадзіне на нерэгулюемым пераездзе побач са станцыяй Юшкевічы пад Баранавічамі адбылася аварыя з удзелам двух цягнікоў і грузавіка, што перавозіў буракі.
Прычэп грузавіка МАЗ спачатку сутыкнуўся з цеплавозам цягніка № 652 Брэст—Мінск, ад удару яго выкінула на суседнія пуці, дзе на прычэп наехаў цягнік №607 Мінск—Брэст. Самае галоўнае, што ў аварыі ніхто не пацярпеў. Кузаў да сутыкнення паспеў праехаць пуці, таму ўдар прыйшоўся на прычэп.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей МАШНОЎ, у выніку аварыі цеплавозы абодвух цягнікоў атрымалі механічныя пашкоджанні. Спатрэбіўся час, пакуль байцы падраздзяленняў Баранавіцкага гараддзела МНС з дапамогай бензарэзаў вынялі фрагменты прычэпа і ачысцілі пуці. Затым цягнік №652 быў адбуксіраваны на станцыю Пагарэльцы для замены цеплавоза. Цеплавоз сустрэчнага цягніка замянілі на станцыі Баранавічы-Палескія. Такім чынам, затрымка руху першага састава склала 3 гадзіны 54 мінуты, другога — 4 гадзіны 45 мінут. Не дзіва, што да позняга вечара ў гэты дзень цягнікі прыбывалі ў Мінск са спазненнем. Праваахоўныя органы праводзяць праверку здарэння.
Нешта многа апошнім часам аварый здараецца на нерэгулюемых пераездах, хоць яны і аснашчаныя светлавой і гукавой сігналізацыяй. Яшчэ на памяці страшная аварыя ў Іванаўскім раёне з гібеллю дзяцей... Вадзіцелі насуперак здароваму сэнсу выбіраюць рызыку. Няўжо трэба паўсюль вяртацца да шлагбаумаў?
Святлана ЯСКЕВІЧ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.