Вы тут

На Міншчыне падвялі вынікі сельскагаспадарчага года


На абласным свяце «Дажынкі», якое прайшло ў Смалявічах.

Аграрыі цэнтральнага рэгіёна забяспечылі чвэрць валавога збору па краіне і занялі другое месца па ўраджайнасці. Па выніках абласнога спаборніцтва пераможцам стаў Дзяржынскі раён, а лідарам па ўраджайнасці — Нясвіжскі: больш як 65 цэнтнераў на круг.


— Міншчына многія гады ўтрымлівае славу галоўнай жытніцы краіны. Цяперашняе жніво праходзіла ў складаных умовах, выпрабоўваючы нас на трываласць. Але рэгіёну ўдалося дасягнуць выніку амаль у два мільёны тон. Гэта — заслуга нашых людзей, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка пры ўручэнні ўзнагарод хлебаробам.

Сярод камбайнераў роўных няма Міхаілу Саладуху з агракамбіната «Ждановічы», які намалаціў 5816 тон збожжа. Гэта найлепшы вынік у Беларусі. Сёлетняе жніво для Міхаіла юбілейнае — дваццатае па ліку. А вось стаж у трактарыста-машыніста Віталя Куніцкага з філіяла «Праўда-Агра» адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі» значна меншы. Але Віталь здолеў заняць першае месца ў адпаведнай намінацыі. Лепшым сярод кіроўцаў стаў Іван Трафімовіч (ААТ «Казловічы-Агра»), сярод маладых кіроўцаў — Дзмітрый Акульскі з ААТ «Палачаны». Узнагароды з рук губернатара атрымалі таксама спецыялісты, аграномы, інжынеры. Анатоль Ісачанка адзначыў уклад у агульны каравай і работнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, міліцыянераў, якія забяспечвалі парадак падчас уборкі і захаванасць ураджаю.

Старшыня аблвыканкама заўважыў, што сёлетнія «Дажынкі» паспрыялі далейшаму развіццю райцэнтра. Менавіта да свята было прымеркавана адкрыццё Палаца шлюбу пасля рэканструкцыі. Да гэтай значнай падзеі работнікі наладзілі выставу архіўных дакументаў, якія захаваліся, дзякуючы мясцоваму святару.

У новым Палацы прайшла першая рэгістрацыя немаўляці, якое нарадзілася 27 верасня. Бацькам Дар'і — Аляксею і Ірыне Місілевіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі пасведчанне аб нараджэнні дачкі. Анатоль Ісачанка павіншаваў шчаслівых сужэнцаў і ўручыў ім падарунак.

Старшыня Мінаблвыканкама разам з дэлегацыяй абышоў таксама імправізаваныя падворкі, якія здзіўлялі сваім аздабленнем у мясцовых традыцыях, багатымі пачастункамі. Сваю прадукцыю прывезлі на кірмаш 200 суб'ектаў гаспадарання. Пакупнікам прапаноўвалі зніжкі, разнастайныя акцыі.

На свяце можна было паспаборнічаць з сапраўднымі шахматнымі гросмайстрамі. Прычым партыі разыгрываліся пернікавымі фігурамі. Аматары пеннага напою дэгуставалі новыя гатункі піва на смалявіцкім Актобарфэсце. Варта было наведаць і «Горад майстроў», набыць цікавую непаўторную рэч ручной работы, а на праваслаўнай выстаўцы-кірмашы — царкоўныя прылады, кнігі. Манастырская лаўка прапаноўвала прадукцыю асабістай вытворчасці: мёд, выпечку, гародніну, малочныя прадукты.

На працягу дня працавалі сцэнічныя пляцоўкі, дзе выступалі аматарскія творчыя калектывы. Інтэр'актыўныя пляцоўкі ўстаноў прафесійнай адукацыі дэманстравалі экспанаты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай творчасці, выкананыя ў розных тэхніках.

Закончылася мерапрыемства ў 20.30 святочным феерверкам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Белта

Загаловак у газеце: Узнагароды — лепшым, настрой — для ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?