Вы тут

Нектар успамінаў


Творчы і жыццёвы шлях пісьменніка складаецца, вядома, не толькі з падзей сямейна-асабістага кшталту. Знаёмствы і супольная праца са знакавымі постацямі і з пачаткоўцамі, якія з цягам часу таксама стануцца знакавымі; удзел у літаратурных вечарынах, рэдагаванне і падрыхтоўка да друку кніг паэзіі і прозы, паездкі за блізкія і далёкія межы ў пошуках культурных сувязяў і актыўная праца па іх умацаванні, і, безумоўна, вершы, вершы, вершы… Такімі хлебнымі крошкамі дарогі памяці і паэзіі прайшоўся паэт, перакладчык і руплівец на ніве міжкультурнага супрацоўніцтва Сяргей Панізьнік, ствараючы кнігу нататак «Абліччы сустрэчаў» (Мінск: «Медысонт», 2017).

Кніга, шчодра аздобленая фотаздымкамі з асабістага архіва Сяргея Панізьніка (дарэчы, ён жа і аўтар пераважанай большасці фотавыяў), паўстае перад чытачом як своеасаблівая падарожная кніжка таго перыяду развіцця беларускай літаратурна-мастацкай прасторы, калі многія сучасныя чытачы яшчэ нават і не нарадзіліся. Абліччы Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна, Аляксея Пысіна, Сяргея Новіка-Пеюна, Зоські Верас, Максіма Танка, Ніны Мацяш, Дануты Бічэль, Васіля Быкава і многіх іншых — у нязвыклых абставінах, на фоне маляўнічых краявідаў… Такімі — маладымі, шчаслівымі, узнёслымі, поўнымі творчых сіл і натхнення — бачыў іх праз фотааб’ектыў Сяргей Панізьнік. У кнізе «пад адным дахам» сабраныя матэрыялы да юбілеяў, успаміны, вытрымкі з ліставання, вершаваныя прысвячэнні.

Кожная нататка пачынаецца з трапнай характарыстыкі. У С. Панізьніка назва ніколі не бывае выпадковай, гэткія, так бы мовіць, своеасаблівыя паэтычныя квінтэсэнцыі: «Нектар душы Ніны Мацяш», «Выхад да мора Рыгора Барадуліна», «Мерыдыяны Аляксея Пысіна», «Поўня над Шчарай» (пра С. НовікаПеюна), «У кожным позірку — памяць» (пра Генадзя Бураўкіна). Вобраз, выкарыстаны ў назве, абавязкова раскрываецца ў тэксце. Згадкі перамяжоўваюцца з вершамі, урыўкі з лістоў — з цытаваннем дароўных надпісаў, дзе кожнае слова чытаецца як запавет (героі кнігі С. Панізьніка не рабілі дзяжурных аўтографаў).

Вялікая колькасць гісторый, што распавядае Сяргей Панізьнік, так ці іначай звязана з тым перыядам, калі ён працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных праграм беларускага тэлебачання (перадачы «Спадчына», «Памяць», «У сям’і адзінай»). Сёння няпроста ўявіць, што здымалася такая колькасць перадач з удзелам сучасных беларускіх пісьменнікаў і што яны карысталіся глядацкім попытам. Нібыта сапраўды — не проста з іншага дзесяцігоддзя, а з іншай эпохі, эпохі «тэлебачання Бураўкіна», як акрэсліў сам аўтар. Зрэшты, і гэтую кнігу можна лёгка ўявіць цыклам перадач пра славутых літаратараў, з якімі аўтару даводзілася сустракацца, працаваць, падарожнічаць. Нездарма С. Панізьнік нават называе яе «арыгінальнай “студыяй”, якая мае назву “Абліччы сустрэчаў”».

Зразумела, любая гаворка пра аўтара гэтай кнігі прыводзіць да тэмы міжнацыянальнага супрацоўніцтва ў галіне мастацкай літаратуры. Найперш — з Латвіяй, але С. Панізьнік актыўна працуе на развіццё і ўмацаванне міжкультурных сувязяў з Украінай, Чэхіяй, Літвой, В’етнамам, ЗША і Канадай. Аналізуючы менавіта гэты абсяг жыццяпісу аўтара кнігі, Адам Мальдзіс назваў яго «паслом добрай волі сямі культур у Беларусі, а сваёй — у свеце».

Бадай, у самым шчымлівым успаміне, прысвечаным Ніне Мацяш, ёсць паэтычнае прысвячэнне, што заканчваецца радкамі:

Сцяжынка помыслаў і працы

між нас быллём не парасла.

Думаецца, менавіта ў гэтым выслоўі аўтар агучыў і мэту стварэння такой кнігі: раскіданыя па розных перыядычных выданнях артыкулы губляюцца ў часе і памяці чытачоў, а сабраныя ў адно аблічча — аблічча сустрэчаў — становяцца менавіта тымі «сцяжынкамі помыслаў і працы», якія яднаюць людзей, эпохі, творы, літаратуры.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.