Вы тут

Старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў аб тым, што зроблена за апошні час


Старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў расказалі пра тое, як добраўпарадкуюць давераныя ім тэрыторыі.

Сярэдзіна восені — самы час азірнуцца на тое, што было зроблена за цёплы перыяд, і ацаніць, які сёлета нас чакае ўраджай. І ў кожнага ён — свой. «МС» пацікавілася ў старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў пра тое, што было зроблена ў іх мясцовасці за апошнія летнія і асеннія месяцы.


У Фарынаўскім сельскім Савеце дэпутатаў Полацкага раёна апошнім часам рыхтаваліся да Дня пісьменства, які сёлета адзначалі ў Полацку. Па словах старшыні Савета Міхаіла Шульгі, шмат за мінулыя месяцы з'явілася ў акрузе скульптур. Тэрыторыю побач з імі ўпрыгожылі кветкамі, а таксама паставілі тры ампельныя вазы, якія напоўнілі камянямі. «Акрамя таго, памянялі агароджу, устанавілі новую працягласцю 400 метраў. У канцы жніўня ў нас адбылося свята «Фарынаўская марка», якое мы праводзім ужо трэці год запар. Сёлета, напрыклад, зладзілі падчас яго парад дзіцячых калясак. Затым быў веласіпедны фестываль амаль для ўсіх узростаў: ад 7 гадоў да 80. Таксама правялі конкурс на лепшы голас Фарынава», — расказвае старшыня. Святы прайшлі, наперадзе — працоўныя будні. Сярод надзённых спраў сельвыканкама — абкошванне тэрыторый вёсак, навядзенне парадку ўздоўж дарог, падтрыманне ў добрым стане агароджы, яе замена ці афарбоўка. «І да зімы рыхтуемся, — кажа Міхаіл Шульга. — Будзем прыбіраць лістоту, даглядаць цеплатрасу, займацца яе добраўпарадкаваннем. Плануем пакласці 200 метраў асфальту побач са школай. Вядома ж, дапамагаем нарыхтаваць дровы састарэлым, глядзім, каб у іх былі добрыя ўмовы жыцця».


Нэлі Гусева, старшыня Слабада-Кучынскага сельскага Савета дэпутатаў Капыльскага раёна, расказала, што цяпер сельвыканкам у асноўным займаецца добраўпарадкаваннем грамадзянскіх могілак. «Прымаем аварыйныя дрэвы. Робім гэта ў вёсцы Русакі і Чарнічнае. Таксама робім абкошванне тэрыторый дамоў, якія пустуюць, калі неабходна — зносім. Працуем з насельніцтвам па прафілактыцы пажарнай бяспекі ў населеных пунктах, правяраем у асобных катэгорый грамадзян стан пячнога абсталявання. Таксама дапамагаем рыхтавацца да зімы: аднаму з састарэлых прывезлі гліну, а таксама спецыяліста, каб абтынкаваў печ. Разам з пажарнымі інспектарамі, сацыяльнай службай, агляднай камісіяй сельвыканкама праводзім сустрэчы з насельніцтвам, раздаём лістоўкі, дзе занатаваны прафілактычныя меры па пажарнай бяспецы».


Старшыня Валосавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Акцябрскага раёна Леанід Захараў кажа, што займацца добраўпарадкаваннем могілак, даглядаць месцы пахавання мірных жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, даводзіцца ў асноўным за кошт энтузіязму, бо з бюджэту такія работы не фінансуюцца. «Рамонт, абслугоўванне збудаванняў могілак, робім у большасці за кошт сваіх сіл і з удзелам фінансавання ад насельніцтва — так званых добраахвотных узносаў. Так, летась мы сабралі 17 760 рублёў і гэтыя грошы цяпер выкарыстоўваем на набыццё будаўнічых матэрыялаў, а ўсе работы ажыццяўляем самі ці шукаем спосабы правесці іх бясплатна. Рука не падымаецца траціць грошы нашых жыхароў на аплату работ», — расказвае старшыня. Падобная карціна складваецца і з утрыманнем гістарычна памятных месцаў — помнікаў, якіх у сельсавеце 8. Іх таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў тынкуюць і фарбуюць пры неабходнасці. «Сёлета збудавалі дзіцячую пляцоўку ў вёсцы Дзербін за кошт удзелу ў фінансаванні гаспадаркі, якая выдзеліла сродкі на набыццё арэляў і горкі. Таксама выкарысталі старое абсталяванне пляцовак, якое адрамантавалі і пафарбавалі, — расказвае Леанід Захараў. — Прыемна, што і насельніцтва актыўна далучаецца да добраўпарадкавання ўласных домаўладанняў, упрыгожваючы тэрыторыю кветкамі, новымі агароджамі і іншым, на што хопіць фантазіі і натхнення».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Самы час рыхтавацца да зімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».